Top.Mail.Ru

Старажытныя карты і планы Гродна ўпершыню прадстаўлены ў Новым замку

Па іх можна прасачыць гісторыю забудовы горада за два з паловай стагоддзя. Старажытныя планы — гэта яшчэ і шэдэўры чарцёжнага майстэрства, па ім бачны шлях развіцця картаграфіі як навукі.


— Людзі вучыліся ў спецыяльных землямерскіх школах не проста каб умець вымяраць, а каб умець намаляваць гэты план. Планы аздабляліся і постацямі людзей, мог і землямер сябе намаляваць. Напрыклад, вядомы картограф Юзэф Маркевіч, які працаваў у Гродне ў часы Антонія Тызенгаўза, пасля таго як у 1783 годзе склаў план, дзе перапісаны ўсе жыхары горада з участкамі зямлі, а іх было звыш 800, намаляваў на карце землямера і напісаў па-латыні «салодкі адпачынак стомленым» — што азначае, што выканана вялікая праца, — расказаў цікавы факт загадчык аддзела навейшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч. — Дарэчы, сам план захоўваецца ў Маскве, але ў нас знаходзіцца якасная копія.

Некалькі копій прадастаўлены замежнымі архівамі. Так, стакгольмскі архіў даслаў план Гродна, які складзены шведскімі картографамі ў 1706 годзе і адлюстроўвае ваенную базу расійскіх войскаў падчас Паўночнай вайны. Гэта самы стары дакумент такога роду, які захаваўся.
На так званай Дрэздэнскай карце Гродна 1753 года цёмнымі плямамі паказаны часткі горада, знішчаныя чарговымі пажарамі. На адноўленым музейнымі рэстаўратарамі плане 1882 года можна ўбачыць першы генеральны план будучай забудовы горада Гродна. Але ён так і не быў рэалізаваны з-за страшэннага пажару 1885 года.

У музеі ганарацца арыгінальнымі экспанатамі. На выстаўцы гэта план 1793 года з подпісам караля аб выдзяленні ўчастка гараджаніну. Нават звычайны чалавек можа заўважыць, як мянялася аблічча горада на працягу стагоддзяў, як сярэднявечча ўступала месца буржуазнаму ўкладу: расло насельніцтва, будаваліся прадпрыемствы.

— На картах Гродна нагадвае сэрца, і яно пастаянна расло, з’яўляліся новыя артэрыі — кварталы, вуліцы. І па картах відаць, чым гэта было прадыктавана. Напрыклад, з’яўленнем чыгункі, вакзала, вайсковых частак, мануфактур. Можна прасачыць, як мяняліся назвы вуліц. Згодна з картамі, сучасная вуліца Карла Маркса ў часы ВКЛ называлася Азёрская, Скідзельская, Брыгіцкая, у часы Расійскай імперыі — Купецкая, Кутузаўская. Падчас фашысцкай акупацыі была іншая назва, — уводзіць у гістарычны экскурс суразмоўнік.

Гісторык між тым звяртае ўвагу на самы позні выставачны экзэмпляр — арыгінальны нямецкі план 1940 года. Ён складаўся, калі Германія рыхтавалася да нападу на Савецкі Саюз. На ім назвы ўстаноў ужо напісаны па-нямецку. Гэтым планам скарысталіся і гродзенскія падпольшчыкі падчас акупацыі: імі на план нумарамі нанесены аб’екты, дзе фашысты размяшчалі свае войскі. «Гэта каштоўны для музея экспанат, на ім ёсць подпіс партызанскага камандзіра. Магчыма, план трапіў да партызан у выніку ваеннай аперацыі», — зазначае суразмоўнік. На выстаўцы таксама ёсць падборка фотаздымкаў акупаванага фашыстамі Гродна.

А вось правобразам сучаснага генеральнага плана Гродна можна лічыць план «Аўгусцінка», які быў створаны ў 1931 годзе. Ён з’яўляўся першым дакладным планам горада, дзе ўлічваліся перапады вышыні, і складаўся ў сувязі з пракладваннем у горадзе водаправода і каналізацыі — без такіх замераў правесці камунікацыі было немагчыма. Гэты план узялі за аснову ў пасляваенны час, калі горад адбудоўваўся пасля ваеннага разбурэння. «Менавіта на аснове картаў і планаў можна прасачыць жывы пульс горада, які пераходзіў з адной эпохі ў другую на працягу амаль трох стагоддзяў», — заўважае гісторык.

На яго думку, было б вельмі добра, каб у Гродна па прыкладзе Мінска і Брэста з’явілася выданне, дзе горад быў бы прадстаўлены на старых картах і планах. Паколькі матэрыялу для такога зборніка хапае, а ведаць мінулае і важна, і цікава.

фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю