Top.Mail.Ru

Старшыня Бярозаўскага райвыканкама Вячаслаў Мятліцкі расказаў пра жыццё раёна

Бяроза трымае марку



Сёлета Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці адзначае 85-годдзе. Падарункам стала высокая ацэнка горада Бярозы: ён другі год запар — сярод найлепшых у краіне гарадоў з насельніцтвам да 50 тысяч па ўзроўні санітарнага стану і добраўпарадкавання. А ў Белаазёрска (другі па колькасці жыхароў населены пункт у раёне) ганаровая місія — прымаць абласныя «Дажынкі». Так што «трымаць марку» давядзецца ўсяму раёну, адзначыў старшыня Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Мятліцкі, які адказаў на тры пытанні «Звязды».

— Што з’яўляецца сёння візітоўкай Бярозаўшчыны, які яе ўнёсак у агульную скарбонку дабрабыту Беларусі?

— Бярозаўскі раён — адзін з найбольш эканамічна развітых раёнаў Брэсцкай вобласці. Па аб’ёме прамысловай вытворчасці па выніках мінулага года мы дасягнулі амаль мільярда рублёў. А па ўзроўні заробкаў — трэція ў вобласці. Ёсць перспектыва для прыцягнення інвестыцый. Летась уведзена ў эксплуатацыю пікава-рэзервовая крыніца Бярозаўскай ДРЭС (адной з найбуйнейшых электрастанцый краіны) магутнасцю 258 МВт. У 2025 годзе плануецца пашырэнне лічбавага тэхнапарка ў Белаазёрску. Ідзе мадэрнізацыя на прадпрыемствах мяса-малочнай галіны. У нас развіты малы і сярэдні бізнес: працуюць 1349 індывідуальных прадпрымальнікаў, 255 мікра- і малых арганізацый, 16 суб’ектаў сярэдняга прадпрымальніцтва (іх падатковыя паступленні за 2024-ты склалі амаль палову раённага бюджэту). Бярозаўшчына на трэцім месцы ў вобласці і па колькасці гандлёвых аб’ектаў (больш за 800)...

Раён цікавы і сваёй гісторыяй: Бярозе праз пару гадоў споўніцца 540. Аб складаным мінулым нагадваюць рэшткі былога кляштара картэзіянцаў, захаваліся фрагменты старадаўняга сядзібна-паркавага комплексу Пуслоўскіх, адметныя храмы. Мы маем драматычны досвед існавання аднаго з першых у гісторыі чалавецтва канцлагераў — яго ў гэтых мясцінах стварылі польскія ўлады ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Цяпер у яго колішніх сценах створана музейная экспазіцыя. Асаблівая ўвага ўдзяляецца помнікам баявой славы і ахвярам генацыду падчас Вялікай Айчыннай. Турыстаў вабіць і наша прырода: дзіўныя азёры і запаведнікі, культавы экафестываль «Спораўскія сенакосы»...

— Бярозаўскі раён атрымаў права правесці сёлета абласныя «Дажынкі». Ці азначае гэта, што сельгаспрадпрыемствы раёна могуць быць прыкладам для іншых?

— Раён сярод лідараў вобласці па вытворчасці многіх відаў сельгаспрадукцыі, у тым ліку жывёлагадоўчай. Па выніках мінулага года мы перасягнулі мяжу ў 8 тысяч кг па надоях малака на карову, што на 572 кг больш, чым у 2023-м. У нас 95 % малочных кароў размешчаны ў сучасных высокатэхналагічных малочнатаварных комплексах, якія забяспечваюць больш за 80 % малака гатунку «экстра». Гадавы аб’ём рэалізацыі малака перавысіў 110 тысяч тон з тэмпам росту 109,4 %. Гаспадаркі раёна здаюць на малакаперапрацоўчае прадпрыемства каля 24 літраў малака ад адной каровы штодзень.

Не адстае і раслінаводства: у 2024 годзе ўпершыню валавы збор збожжавых і зернебабовых культур склаў звыш 100 тысяч тон у бункернай вазе. Раён не першы год у прызёрах абласных спаборніцтваў па нарыхтоўцы травяных кармоў. Разлічваем дасягнуць больш высокіх паказчыкаў за кошт удасканалення тэхналагічных падыходаў. Гасцей «Дажынак» ёсць чым здзівіць і пачаставаць (мясцовай мясной, малочнай і іншай прадукцыяй харчовай галіны і сельгаспрадпрыемстваў). На Бярозаўшчыне спрадвеку захавалася асаблівая тэхналогія прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, — яна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, як і мясцовая птушка-абярэг і яшчэ дзве народныя традыцыі. Чатыры рамеснікі ў нас маюць ганаровае званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь», а таму выбар мясцовых сувеніраў будзе годны. А жыхароў Белаазёрска, акрамя добраўпарадкавання вуліц, новых арт-аб’ектаў і графіці, чакае адкрыццё нядаўна ўзведзенага басейна.

— Як, на вашу думку, заахвоціць моладзь жыць і працаваць на сваёй малой радзіме?

— Сёння адна з ключавых задач — захаваць і прыцягнуць маладыя кадры для работы на розных прадпрыемствах раёна, прымацаваць іх да малой радзімы. Гэта значыць, яе вобраз павінен быць вельмі прывабным, каб была магчымасць рэалізавацца не толькі на рабоце, але і ў вольны час. Дзеля гэтага ў Бярозе сёлета збіраемся адкрыць комплекс для адпачынку каля гістарычных Чырвоных казармаў. Крэатыўная прастора павінна аб’яднаць творчых і актыўных людзей: у ёй плануецца арт-зона са сцэнай, пляцоўкі для варкаўта, стрытбола і скейтбордынга. Ідэі часта ідуць знізу, у тым ліку ад удзельнікаў Маладзёжнага парламента пры Бярозаўскім раённым Савеце дэпутатаў. Падчас сустрэч з моладдзю прадпрыемстваў і навучальных устаноў я пераконваюся, што яна ў нас неабыякавая — у гэтым аснова будучых поспехаў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю