Старшыня Дзяржстандарту, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Алена Маргунова ўзяла ўдзел ва ўрачыстай лінейцы да Дня ведаў, якая адбылася ў Ліцэі БНТУ. Свята аб’яднала вучняў, іх педагогаў і бацькоў.
Звяртаючыся да ліцэістаў, Алена Маргунова асабліва падкрэсліла выбар іх будучай прафесіі. Паводле яе слоў, праца інжынера вельмі цікавая, хоць і складаная: «Развіваюцца тэхналогіі, укараняюцца навацыі, у жыццё прыходзіць штучны інтэлект. Вам трэба быць гатовымі да гэтых выклікаў», — адзначыла кіраўнік камітэта, арганізацыі якога цалкам могуць стаць месцам будучай прафесійнай кар’еры ліцэістаў.
Алена Маргунова таксама звярнула ўвагу на адметнасць гэтага года — Года добраўпарадкавання, пачатку пяцігодкі якасці і 80-годдзя Вялікай Перамогі.
«Гэта таксама аказвае ўплыў на развіццё кожнага з вас, ліцэя і краіны ў цэлым, — сказала старшыня камітэта. — Віншую вас з пачаткам новых адкрыццяў! Вы — наша будучыня! Любіце Беларусь, ганарыцеся ёю, стварайце і дасягайце новых поспехаў на карысць нашай роднай краіны».
Дырэктар ліцэя Надзея Дзям’яновіч у сваю чаргу пажадала выхаванцам вялікіх перспектыў: «Верым у вас, ганарымся вамі: у нас усё
атрымаецца!».
Увогуле Ліцэй БНТУ — гэта дружная сям’я, у якой ёсць свой гімн і свае традыцыі.
Так, Алена Маргунова ўручыла класным кіраўнікам дзесятых класаў квіткі ліцэістаў для іх падапечных.
А яшчэ сёння кожны ўдзельнік свята загадаў жаданне. Сімвалічныя шары панеслі ўсе мары ў неба, каб яны абавязкова здзейсніліся.
Дарэчы, сёння ва ўсіх агульнаадукацыйных установах Беларусі прайшоў адзіны першы ўрок «Эстафета пакаленняў: захоўваючы мінулае, ствараем будучыню», мэта якога — нагадаць школьнікам, педагогам і ўсім, хто неабыякавы да лёсу краіны, пра важнасць гістарычнай памяці, нацыянальных традыцый і духоўнай спадчыны.
Яна ВАЛАСАЧ