Top.Mail.Ru

Старшыня ФПБ уручыў пашпарты юным таленавітым беларусам

Напярэдадні Дня Канстытуцыі па ўсёй краіне праходзіць акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі». Да яе правядзення далучылася і Федэрацыя прафсаюзаў. Сёння ў нацыянальным прафцэнтры старшыня ФПБ Юрый Сянько ўручыў пашпарты маладым беларусам.


Нягледзячы на юны ўзрост, ім ужо ёсць чым ганарыцца: гэта перамогі ў конкурсах і алімпіядах, актыўны ўдзел у грамадскай рабоце. Кожны з іх бачыць сваё прызванне ў розных сферах: экалогія, культура, навука, але ўсіх іх аб’ядноўвае агульнае імкненне вучыцца і развівацца, а таксама неабыякавыя адносіны да сваёй краіны.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства, Юрый Сянько адзначыў важнасць гэтага моманту ў жыцці кожнага чалавека. Бо атрымліваючы пашпарт, маладыя людзі ўваходзяць у вялікае жыццё і далей звязваюць свой лёс са сваёй краінай. І тое, як кожны праяўляе сябе ў вучобе, працоўнай дзейнасці напрамую датычыцца не толькі самога чалавека, але і краіны ў цэлым.

— Атрымаўшы свой пашпарт, кожны абавязаны пранесці з гонарам і годнасцю ганаровае званне грамадзяніна сваёй краіны. І заўсёды памятаць, што, дзе б вы ні былі — у сваёй краіне ці на выездзе за мяжой — вы заўсёды прадстаўляеце нашу прыгожую сінявокую Беларусь, — падкрэсліў старшыня ФПБ.

Безумоўна, урачыстасць і значнасць цырымоніі адчувалі і самі маладыя людзі. Напрыклад, васьмікласніца сталічнай гімназіі № 75 Мілана Барадзіна звярнула ўвагу, што з атрыманнем пашпарта ў кожнага чалавека з’яўляецца больш адказнасці.

— Гэта вельмі сур’ёзны этап жыцця, новы старт. Быць грамадзянінам — значыць шанаваць сваю краіну, паважаць традыцыі і актыўна ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах і праектах, накіраваных на развіццё нашай дзяржавы, — падзялілася сваім меркаваннем Мілана.

Фота: ФПБ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю