Top.Mail.Ru

Старшыня ФПБ Юрый Сянько сустрэўся з кіраўнікамі і прадстаўнікамі шэрагу дыпламатычных місій

Галоўная мэта сустрэчы — давядзенне да прадстаўнікоў замежных дзяржаў аб’ектыўнай інфармацыі аб прафсаюзным руху нашай краіны ў сувязі з бесперапыннымі спробамі распаўсюджвання на міжнароднай арэне, у тым ліку ў Міжнароднай арганізацыі працы, недакладных звестак аб сітуацыі ў Беларусі.


Як адзначыў на сустрэчы Юрый Сянько, на працягу ўсёй сваёй гісторыі галоўнае, да чаго заклікае Міжнародная арганізацыя працы ўсе краіны, — гэта выбудоўванне сістэмы канструктыўнага сацыяльнага дыялогу паміж урадам, прафсаюзамі і наймальнікамі. У Беларусі гэтая мэта ўжо дасягнута.

— І па заканадаўстве, і на практыцы прафсаюзы маюць вельмі шырокія паўнамоцтвы, — расказаў Юрый Сянько. — Мы ўдзельнічаем ва ўсіх працэсах, звязаных з працоўнымі адносінамі, — ад абмеркавання кантракту работніка — члена прафсаюза да падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў і правядзення пастаяннага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы, абароны інтарэсаў чалавека працы, у тым ліку ў судах

Акрамя таго, на прадпрыемствах нашай краіны сёння дзейнічае больш за 18 тысяч калектыўных дагавораў. Дзякуючы гэтым лакальным дакументам работнікі атрымліваюць дадатковыя бонусы, звыш устаноўленых заканадаўствам. Гэта і гарантыі падаўжэння працоўных адносін, і дадатковыя выплаты, водпускі, матэрыяльная падтрымка ў розных сітуацыях.

— Менавіта дакладна выбудаваная і эфектыўна працуючая сістэма сацыяльнага партнёрства стала асновай рэальных і вельмі важкіх вынікаў па паляпшэнні дабрабыту людзей. У нас мінімальны ўзровень беспрацоўя, усе ўразлівыя катэгорыі грамадзян маюць неабходную сацыяльную падтрымку, увесь час павялічваецца ўзровень жыцця людзей. У цэлым Беларусь сёння з’яўляецца прыкладам практычнай рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця па многіх напрамках, — падкрэсліў старшыня ФПБ.

Прадстаўнікі замежных дыпмісій з цікавасцю разгледзелі вопыт працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па абароне інтарэсаў чалавека працы. Таксама было адзначана, што ў Беларусі праводзіцца сацыяльна арыентаваная палітыка, працоўныя Беларусі больш абаронены, чым у многіх іншых дзяржавах.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі далейшыя захады па сумеснай рабоце на міжнароднай арэне. Як падкрэсліў у завяршэнні Юрый Сянько, агульная мэта гэтай работы — аднаўленне справядлівых прынцыпаў і падыходаў у рабоце міжнародных арганізацый.

Фота ФПБ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю