Як адзначыў кіраўнік паўднёва-ўсходняга рэгіёна, абмяркоўвалася тэма развіцця Нараўлянскага раёна і падтрымка гэтых тэрыторый прадпрыемствамі Мазыршчыны.
— У свой час кіраўніком дзяржавы было даручана Мазырскаму раёну ўзяць пад патранаж Нараўлянскі, дапамагчы ў развіцці і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. На першым этапе больш магутныя прадпрыемствы падключыліся да дапамогі, але гэта не давала вялікага эфекту. Таму ў 2022—2024 гадах прайшла рэарганізацыя, і прадпрыемствы Нараўлянскага раёна ўліліся ў прадпрыемствы «Эксперыментальная база «Крынічная» і «Саўгас-камбінат «Зара» Мазырскага раёна, — адзначыў Іван Крупко.
Па яго словах, калі браць па плошчы — 19 тысяч гектараў — гаспадарак Нараўлянскага раёна далучылася да гаспадарак Мазырскага раёна.
— Магу канстатаваць, што сёння па тэхналогіі, культуры працы на зямлі — гэта ўжо ўзровень Мазырскага раёна, — падкрэсліў Іван Крупко.
Паводле слоў кіраўніка рэгіёна, важнай задачай было захаваць сельскую гаспадарку, культуру земляробства і даць магчымасць жыхарам Нараўляншчыны працаваць на сваёй зямлі і вырабляць прадукцыю.
Летась «Эксперыментальная база «Крынічная» адкрыла новы малочнатаварны комплекс, і сёння паказчык вытворчасці малака на новых магутнасцях больш за 25 літраў малака на адну карову. Прадпрыемства «Саўгас-камбінат «Зара» таксама развівае вытворчасць на Нараўляншчыне. Гэта і будаўніцтва новага свінатаварнага комплексу, рэканструкцыя малочнатаварнага, будаўніцтва мехдвара і зернесушыльнага комплексу.
Як падкрэсліў Іван Крупко, ёсць планы развіцця гэтых тэрыторый на 2026—2030 гады.
Асобнай тэмай абмеркавання з кіраўніком дзяржавы стала развіццё мясной жывёлагадоўлі на Гомельшчыне. Па даручэнні Прэзідэнта быў вывучаны працэс і тэхналогія вырошчвання мясной жывёлы ў Бранскай вобласці, на прадпрыемстве «Мироторг».
— Першым этапам у сябе мы на базе абласнога племпрадпрыемства ў Гомельскім раёне стварылі племянное ядро — ферму па вырошчванні і цялушак, і быкоў-вытворцаў мясной абердзін-ангускай пароды. Цяпер вызначаецца, на базе якіх прадпрыемстваў, мясакамбінатаў будуць сфарміраваны адкормачнікі, каб жывёлы дасягалі спачатку вагі да 250 кілаграмаў, а потым на адкрытых пляцоўках адкормлівання — да 600-700 кілаграмаў. За 2026—2027 гады гэта работа будзе праведзена. Племянное ядро сфарміравана, будуць вырошчвацца абердзіна-ангуская парода і парода лімузін, — растлумачыў Іван Крупко.
Па словах кіраўніка рэгіёна, важнай задачай было стварыць у рэгіёне моцную племянную базу.
— На базе пляцовак і ферм мясакамбінатаў будзе вырошчвацца мясная парода жывёл для таго, каб потым прадукцыю перапрацаваць, максімальна знізіць выдаткі і ўжо падаць так званую мармуровую ялавічыну адразу пакупніку. Гэта скароціць шлях паміж вытворцам і перапрацоўшчыкам. У нашых мясакамбінатаў ёсць свае гандлёвыя пункты і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, на якіх можна стварыць пляцоўкі, племянны маладняк таксама ёсць. У гэтай кааперацыі можна і атрымаць добрыя тэхналагічныя прыбаўкі ў вазе, і даць магчымасць атрымаць канчатковы вынік з высокім узроўнем рэнтабельнасці, — дадаў Іван Крупко.
Прэзідэнту было даложана і аб ходзе вясенне-палявых работ на Гомельшчыне
— У восень-зіму была падрыхтавана тэхніка на ўзроўні 95-96 %, закуплены ўгнаенні. Гэта дало магчымасць гаспадаркам у неабходныя тэрміны правесці тэхналагічныя працэсы. Ужо выкананы першыя падкормкі і азімых збожжавых, і азімага рапсу, заканчваецца другая падкормка, — звярнуў увагу кіраўнік вобласці.
Усімі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі Гомельшчыны праводзіцца сяўба. Як адзначыў Іван Крупко, у рэгіёне плануецца да канца тыдня выканаць план па сяўбе да 90-95 %, і да пачатку наступнага тыдня поўнасцю закончыць сяўбу ранніх яравых.
— Асноўная задача, абазначаная кіраўніком дзяржавы, — сяўба кукурузы на зялёны корм і зерне. Каля 300 тысяч гектараў у Гомельскай вобласці будзе засеяна, з іх 93 тысячы гектараў — кукурузы на зерне, — патлумачыў губернатар.
Па яго словах, таксама сёлета стаіць задача — выйсці на больш высокі ўзровень і правесці плюшчэнне каля 30 % ураджаю кукурузы.
— Гэта не патрабуе дадатковай сушкі збожжа, лішніх затрат, што адбіваецца на сабекошце, і вельмі добрая энергія корму, дае вынік і ў прывагах буйной рагатай жывёлы і ў вытворчасці малака, — дадаў кіраўнік вобласці.
Іван Крупко падкрэсліў, што толькі дзякуючы сумеснай рабоце на ўсіх этапах — гэта дэфектоўка тэхнікі, рамонт, купля ўгнаенняў, падрыхтоўка спецыялістаў, арганізацыя работы на пасяўной, фарміруецца той вынік, які павінен быць.
— Мяркую, што, калі вытрымаем усе тэхналагічныя ўзроўні да моманту ўборкі, то вынік будзе не меншы, чым летась, — удакладніў кіраўнік рэгіёна задачы на бягучы сельгассезон.
Наталля КАПРЫЛЕНКА