Top.Mail.Ru

Старшыня Лунінецкага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір КАВАЛЕВІЧ — пра адказнасць перад выбаршчыкамі, развіццё раёна і ролю ў гэтым жанчын-дэпутатаў

Дэпутацкі корпус Лунінецкага раёна працуе выключна на карысць людзей: своечасова вывучае і вырашае надзённыя праблемы, прапрацоўвае магчымасці рэалізацыі іх ініцыятыў, стварае якаснае і зручнае асяроддзе для ўсіх, хто пражывае ў гэтым кутку Брэсцкай вобласці. Немалую ролю ў развіцці раёна адыгрываюць жанчыны-дэпутаты, якія ўсе існуючыя праблемы прапускаюць праз сябе, успрымаюць як асабістыя. Больш падрабязна аб гэтым — у матэрыяле карэспандэнтаў «Звязды».


— У нас работа наладжана ў цесным узаемадзеянні з Лунінецкім раённым выканаўчым камітэтам, старшынёй якога з’яўляецца Аляксандр Савіна, — падкрэслівае Уладзімір Міхайлавіч. — Ён пазначыў асноўныя кірункі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Лунінецкага раёна на 2026–2030 гады, якімі мы кіруемся. І ўсведамляем: тое, якім будзе наш раён праз некалькі гадоў, — гэта вынік прыкладзеных намаганняў дэпутатаў.

Прыярытэтнымі кірункамі для Лунінецкага раёна Уладзімір Кавалевіч назваў дэмаграфічную бяспеку, якасную адукацыю, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы, стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця, моцную эканоміку, рэалізацыю турыстычнага патэнцыялу.

— Як вы ведаеце, 2026 год аб’яўлены кіраўніком дзяржавы Годам беларускай жанчыны. 

Дэпутаты ўжо ўключыліся ў рэалізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на ўсебаковае прызнанне ўнёску жанчын у развіццё краіны, падтрымку іх здароўя, сацыяльнага статусу і прафесійных дасягненняў, — адзначае Уладзімір Міхайлавіч.

Ён таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што дэпутаты Лунінецкага раённага Савета дэпутатаў — прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, — заўсёды вельмі адказна падыходзяць да прыняцця рашэнняў.

— Нашы жанчыны дасканала вывучаюць матэрыял. Асабліва, калі гэта датычыцца сацыяльных пытанняў, жыццядзейнасці нашых людзей. Жанчыны больш пранікаюцца, хвалююцца за ўсё. Для іх кожнае рашэнне — узважанае. Усяго ў Лунінецкім раённым Савеце дэпутатаў працуе 6 жанчын, дзейнасцю якіх мы насамрэч ганарымся.
Старшыня Лунінецкага раённага Савета дэпутатаў упэўнены, што роля жанчыны ўвогуле не можа быць перабольшаная.

— Я шчаслівы, што з’явілася магчымасць пазначыць гэта — абвясціць Год беларускай жанчыны! І, на мой погляд, гэта асабліва адказны час для нас, мужчын.

На 2026 год Лунінецкі раённы Савет дэпутатаў галоўнай задачай для сябе вызначыў актывізацыю дзейнасці на месцах.

— Гэта не проста словы. Мы — народныя выбраннікі. Як адзначала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, няма пытанняў не нашых. Мы бяром на сябе адказнасць за рэалізацыю ўсіх намечаных задач, каб дзяржаўная палітыка, накіраваная перш за ўсё на дабрабыт нашых грамадзян, увасаблялася ў жыццё. Па традыцыі будзем кантраляваць, як у акругах вырашаюцца праблемы, якія пытанні ўносяцца на абмеркаванне і хвалююць мясцовых жыхароў. Глыбокі аналіз, як прынятае намі рашэнне адаб’ецца на сацыяльна-эканамічным, культурным, маральным і іншых аспектах жыцця раёна, а самае галоўнае, на яго людзях — гэта тое, чым мы працягнем займацца і сёлета, — запэўнівае Уладзімір Кавалевіч.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю