Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка напярэдадні Міжнароднага жаночага дня падарыў сям’і Філістовіч, у якой зусім нядаўна нарадзілася адзінаццатае дзіця, новы аўтамабіль. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.
Сям’я пражывае ў вёсцы Седзіца Вілейскага раёна. Напярэдадні Новага года, калі сям’ю Філістовіч віншавалі прадстаўнікі мясцовай улады з надыходзячымі святамі, мама ненаўмысна агучыла думкі ўслых: у легкавую машыну дзесяць дзяцей не ўмяшчаюцца...
Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна дапамог ажыццявіць запаветную мару. Аляксей Кушнарэнка адзначыў, што ў Мінскай вобласці пражывае больш за 21 тысячу шматдзетных сем’яў, і кожная знаходзіцца ў зоне ўвагі органаў улады.
— У цудоўнай сям’і Філістовіч выхоўваецца 11 дзяцей узростам ад аднаго месяца да 15 гадоў, — сказаў губернатар Міншчыны. — Мама, Алеся Ігараўна, — увасабленне беларускай жанчыны. Нам стала вядома, што ў сям’і ёсць запаветная мара — сямейны аўтамабіль. І сёння мы гэту мару ажыццявілі: уручылі ключы ад новага мікрааўтобуса, а таксама сертыфікат на сямейнае наведванне аквапарку. Сімвалічна, што мы гэта зрабілі напярэдадні жаночага свята. Я ўпэўнены, што гэтыя падарункі яшчэ больш насыцяць шчаслівае сямейнае жыццё новымі магчымасцямі і яркімі ўражаннямі.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара
Вілейскі раён