Арэнднае жыллё, заходняя прапаганда, беспрацоўе...
Кожны год ва ўстановы, арганізацыі, прадпрыемствы Мінскай вобласці размяркоўваюцца тысячы маладых спецыялістаў. У кагосьці адаптацыя або «ўліванне» ў калектыў праходзяць лёгка, але камусьці даводзіцца вырашаць жыллёвыя праблемы, сутыкацца з недаверам начальства, даказваць, што за дыпломам стаяць рэальныя веды і ўменні. Каб пачуць і выслухаць маладых людзей, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка ініцыяваў сустрэчу з маладымі спецыялістамі Міншчыны. Больш за 200 чалавек — выхавальнікі, педагогі, урачы, ветэрынары, інжынеры, трактарысты — днямі прыехалі ў горад-спадарожнік Заслаўе на адкрыты дыялог з удзелам кіраўніка рэгіёна.
Павітаўшы маладых людзей, губернатар Міншчыны зрабіў невялікую прэзентацыю патэнцыялу вобласці: «Пасля сталіцы цэнтральны рэгіён уносіць найбольшы ўклад у фарміраванне ВУП: 33,7 мільярда. Нашы тавары пастаўляюцца ў 126 краін свету, — адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. — З 27,5 тысячы прадпрыемстваў і арганізацый — больш за 4 тысячы прамысловыя. У іх ліку такія флагманы, як БЕЛАЗ, Беларуськалій, БЕЛДЖЫ, БНБК і іншыя».
Кіраўнік Мінскай вобласці падкрэсліў: у Беларусі створаны ўсе ўмовы, каб маладыя спецыялісты маглі рэалізавацца як асабіста, так і прафесійна. «Хоць я дапускаю, што ёсць пытанні, якія патрабуюць увагі з боку ўлады. Вы ўжо прыбылі на першыя працоўныя месцы, працуеце: нам важна разумець, ці адпавядае рэальнасць вашым чаканням, з якімі праблемамі вам давялося сутыкнуцца», — падкрэсліў губернатар.
Маладых людзей двойчы прасіць не прыйшлося — яны актыўна пыталіся ў кіраўніка вобласці аб самым хвалюючым.
— Жыллёвае пытанне — заўсёды нумар адзін для маладога спецыяліста. Ці ёсць магчымасць для кожнай сферы: адукацыі, культуры, медыцыны — штогод выдзяляць пэўную колькасць арэнднага жылля? — пацікавілася адна з маладых педагогаў.
— Абсалютна згодны: жыллё — аснова асноў. У сувязі з гэтым хачу адзначыць: заканчваецца бягучая пяцігодка, прыярытэтам наступнай будзе якраз арэнднае жыллё. Прапануецца кратна павялічыць увод квадратных метраў менавіта арэнднага жылля, — адказаў Аляксей Кушнарэнка. — У дзяржавы няма магчымасці даць усім жыллё на іншых умовах, а ў моладзі няма магчымасці яго адразу купіць. Таму арэнднае жыллё — варыянт. А паралельна можна збіраць на куплю сваёй кватэры, дома. Гэта значыць, умовы па жыллі будуць стварацца.
Урач агульнай практыкі (загадчык) Ганцавіцкай участковай бальніцы Барысаўскай бальніцы № 2 Анастасія Данькевіч адзначыла: працягласць жыцця беларусаў расце. У сувязі з гэтым пытанне: ці плануецца пашыраць сетку сацыяльных пансіянатаў?
— У Мінскай вобласці пражывае каля 1,5 мільёна чалавек. Працягласць жыцця насельніцтва сапраўды расце, попыт на паслугі сацыяльных пансіянатаў ёсць. Сёння ў вобласці працуе 19 дзяржаўных і 12 прыватных пансіянатаў. У дзяржаўных знаходзяцца амаль 3,5 тысячы чалавек, у асноўным інваліды І і ІІ групы. Плюс ёсць ложкі сястрынскага догляду, палаты. Гэта заўсёды ў зоне нашай увагі. Пакуль такіх ложкаў дастаткова, але калі ўзнікне патрэба, будзем адкрываць дадатковыя.
Яшчэ адно актуальнае пытанне — як моладзі ўвасобіць у жыццё, рэалізаваць свае ідэі? Кіраўнік вобласці пералічыў праекты, конкурсы, у якіх могуць прыняць удзел маладыя спецыялісты.
— Той жа «Малады лідар Міншчыны», напрыклад. Можа, мы мала «піярым» такія конкурсы, але яны ёсць. І як сувязнае звяно — Маладзёжныя саветы, БРСМ, аддзелы ў райвыканкамах, якія займаюцца маладзёжнай палітыкай.
Хвалюе моладзь і іншае — як супрацьстаяць інфармацыйным атакам, накіраваным супраць інстытута сям’і?
— У нас вялікая гісторыя, нашы продкі заўсёды прытрымліваліся традыцыйных каштоўнасцяў. Мы выраслі ў традыцыйных сем’ях і наша місія — перадаць гэта дзецям, унукам, — упэўнены кіраўнік цэнтральнага рэгіёна. — Такая з’ява, калі дзіцяці дазваляюць выбіраць, хто ён: хлопчык ці дзяўчынка — для нашай краіны, культуры непрымальная. Мы вымушаны былі нават заканадаўча замацоўваць гэта. Наша сіла — у спрадвечных традыцыях.
Спыталі ў губернатара і пра прыёмы грамадзян: з якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца жыхары вобласці? Паводле слоў Аляксея Кушнарэнкі, 80 % — пытанні камунальнай гаспадаркі.
— Дрэнныя дарогі, цячэ дах, брудная вада... Шмат зямельных спрэчак. З электразабеспячэннем дамоў таксама ёсць пытанні: людзі хочуць электраацяпленне, размяшчаюць заяўкі. Але за адзін раз усім зрабіць «цяпло ад разеткі» магчымасці няма.
Настаўнік рускай мовы і літаратуры Аліна Казачок задала пытанне пра беспрацоўе ў Мінскай вобласці: у прыватнасці, што робіцца для яго прафілактыкі?
— Ёсць спецыяльныя цэнтры, дзе можна атрымаць шэраг прафесій у рэгіёнах. Калі ў вас ёсць жаданне рэалізавацца, асвоіць новую прафесію — у гэтых цэнтрах можна прайсці навучанне, — расказаў старшыня Мінскага аблвыканкама. — Плюс ёсць кірмашы вакансій. Сёння ў рэгіёне 33 тысячы вакансій, выбар ёсць. Але трэба ўсюды працаваць: проста так плаціць вялікія грошы вам ніхто не будзе.
Урач-афтальмолаг Дзяржынскай ЦРБ Дзіяна Хамутоўская родам з Гомельскай вобласці. Важнае для яе пытанне — жыллёвае. «Арэнднае жыллё не даюць, праект будаўніцтва інтэрната кватэрнага тыпу замарожаны. Мне падабаецца мая работа: калектыў добры, абсталяванне закупляецца. Дзяржынск таксама выдатны горад, хачу тут застацца назусім. Але калі жылля не будзе — прыйдзецца з’язджаць дадому», — развяла рукамі дзяўчына.
— Дэталёва разбяруся ў гэтым пытанні, пастараемся рэалізаваць праект, — запэўніў губернатар.
Надзея Каваленка прыйшла сёлета працаваць у Валожынскі краязнаўчы музей. Дзяўчына звярнула ўвагу: да абласных «Дажынак», якія горад прымаў у 2024 годзе, будынак Іешывы ў парадак прывялі. А вось пра музей забыліся... «Да нас прыязджае шмат замежных турыстаў. Іешыва добра выглядае, але і музей варта было б акультурыць», — лічыць дзяўчына.
— Як я ўжо казаў, цяпер фарміруецца праграма наступнай пяцігодкі. І, акрамя арэнднага жылля, яшчэ адзін з прыярытэтаў — турызм. Пад яго будуць распрацоўвацца праграмы, — падкрэсліў кіраўнік вобласці. — У цэнтральнага рэгіёна велізарны патэнцыял у гэтым плане. Шмат займаемся Нясвіжам, наступная лакацыя — Нарачанскі край. Там 7 санаторыяў на беразе. Менавіта такія лакацыі і трэба развіваць. Па Валожыне таксама паглядзім, што можна зрабіць.
Аляксей Кушнарэнка пахваліў Надзею за ініцыятыву і неабыякавасць да роднага краю:
— Думаю, у вашай установе ёсць супрацоўнікі, якіх усё задавальняе, яны не заўважаюць праблем. А вы, як малады спецыяліст, прыехалі і свежым поглядам убачылі, чаго не хапае. Важна такія ініцыятывы падтрымліваць. Ваш погляд — незалежны, сумленны.
Падчас адкрытага дыялогу Аляксею Кушнарэнку задалі больш за 15 пытанняў: у тым ліку асабістага характару. На ўсе губернатар Міншчыны адказаў шчыра. А па выніку сустрэчы падзякаваў маладым людзям за іх актыўнасць.
— Для мяне гэта магчымасць «насілкавацца» вашымі ідэямі, нават праблемамі, якія трэба вырашаць. Хацеў бы яшчэ раз нагадаць: усё ў вашых руках. Вы можаце рэалізавацца ў культуры, спорце, грамадскім жыцці. Рэалізавацца як прафесіяналы. Калі хочаце чагосьці дамагчыся, абавязкова будзеце сутыкацца з цяжкасцямі — але не апускайце рукі. У вас усё атрымаецца — а мы створым для гэтага ўсе ўмовы, — падагульніў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама