Top.Mail.Ru

Старшыня Мінскага аблвыканкама — пра падрыхтоўку да абласных «Дажынак-2026»: Трэба рабіць капітальна

Адбылося першае пасяджэнне штаба па падрыхтоўцы да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026»


У пятніцу, 30 студзеня, у Дзяржынскім райвыканкаме адбылося першае пасяджэнне штаба па падрыхтоўцы да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026». Узначаліў работу штаба старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. Пра маштабныя планы па добраўпарадкаванні горада расказаў кіраўнік рэгіёна Мікіта Рэут.

Асноўныя пераўтварэнні закрануць цэнтр горада і ключавыя вуліцы, адзначыў старшыня Дзяржынскага райвыканкама. «Плануем правесці такую мадэрнізацыю, якая будзе зручная для жыхароў», — заявіў у пачатку сустрэчы ён.

У Дзяржынску да фестывалю-кірмашу запланавана рэканструкцыя цэнтральнай плошчы горада са стварэннем адзінай прасторы для масавых мерапрыемстваў, устаноўкай сцэны, малых архітэктурных формаў і новага асвятлення. Будзе праведзена рэканструкцыя шэрагу вуліц, вулічнага асвятлення і цэнтральнага вадаправода. Каля двух дзясяткаў дамоў на галоўных транспартных лініях горада чакае капітальны рамонт фасадаў для стварэння адзінага гарманічнага аблічча.


Асаблівую ўвагу плануюць надаць перабудове шэрагу скрыжаванняў і арганізацыі бяспечнага руху, а таксама завяршыць рэканструкцыю гарадскога стадыёна да пачатку футбольнага сезона.

Адна з амбіцыйных задач, агучаная старшынёй Дзяржынскага райвыканкама, — цалкам адысці ад гравійных дарог у горадзе, правесці асфальтаванне ўсіх вуліц.

У ходзе пасяджэння старшыня Мінскага аблвыканкама адзначыў, што ісці па шляху найменшага супраціўлення не варта. «Калі мы сабраліся рабіць, то трэба рабіць капітальна, каб людзі адчулі, улічваючы тыя магчымасці і фінансы, якія агульнымі намаганнямі будуць укладвацца», — падкрэсліў Аляксей Кушнарэнка.

Таксама губернатар Міншчыны адзначыў, што пры падрыхтоўцы неабходна расставіць прыярытэты і ўкласціся ў наяўныя рэсурсы, робячы акцэнт на тым, што найбольш важна для жыхароў. Усе праекты павінны быць не толькі функцыянальнымі, але і эстэтычна вытрыманымі, якія маюць адзіную канцэпцыю, што адлюстроўвае ўнікальнасць Дзяржынскага раёна.

Дарэчы, падрыхтоўчыя работы пачаліся. У бліжэйшы час стартуе актыўная фаза правядзення неабходных узгадненняў і пачатку работ. Мэтта — у 2026 годзе змяніць Дзяржынск да яго 880-годдзя, зрабіўшы яго яшчэ больш камфортным і прыгожым горадам для жыхароў і гасцей абласнога свята.

Яна ВАЛАСАЧ
Фота: dzr.by


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю