Top.Mail.Ru

Старшыня Савета Рэспублікі з рабочым візітам наведала Віцебскую вобласць

Наталля Качанава азнаёмілася з дзейнасцю вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Мёрскі мясакамбінат» і ААТ «Полацкі малочны камбінат», сустрэлася з працоўнымі калектывамі і кіраўніцтвам.


Як давераная асоба кіраўніка дзяржавы на мінулых прэзідэнцкіх выбарах Старшыня Савета Рэспублікі выказала словы падзякі працаўнікам Мёрскага МК за актыўны ўдзел у электаральнай кампаніі. Яна таксама звярнула ўвагу членаў калектыву на тое, што іх прадпрыемства працуе эфектыўна, таму рэарганізоўваць і далучаць да іншых суб’ектаў гаспадарання камбінат не будуць. «Па шматлікіх просьбах абласныя „Дажынкі-2025“ вырашана правесці ў Мёрах. А гэта значыць, што горад стане яшчэ прыгажэйшым і больш камфортным для жыцця», — сказала Наталля Качанава.

Мёрскі мясакамбінат сёлета адзначае 60-годдзе з дня ўтварэння. Прадпрыемства паспяхова вырабляе і рэалізоўвае больш за 200 найменняў каўбасных вырабаў і вэнджаніны. Сыравіну для прадукцыі камбінат закупляе тут жа, на Віцебшчыне. Дзякуючы пастаяннай мадэрнізацыі вытворчасці якасная мясная прадукцыя рэалізоўваецца не толькі па Беларусі, але ідзе і на экспарт.

На нарадзе з кіраўніцтвам Полацкага малочнага камбіната Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі ў рамках электаральнай кампаніі ў некаторых былі агучаны праблемныя моманты, якія кіраўнік дзяржавы даручыў узяць на кантроль да іх поўнага вырашэння. У ліку прадпрыемстваў, дзе працаўнікі гаварылі аб жаданні палепшыць вытворчасць, быў і Полацкі малочны камбінат.

ПМК — найбуйнейшае прадпрыемства ў паўночным рэгіёне, якое займаецца вытворчасцю малочнай прадукцыі, сухога малака і масла. Не толькі беларусам, але і замежным пакупнікам добра вядома прадукцыя камбіната пад маркамі «Сафійка», «Палачанка», «Малочнае раздолле».

«Гэта прадпрыемства добра сябе зарэкамендавала ў тым плане, што яго прадукцыя вядомая не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. У яго добрая гісторыя, тут сфарміраваўся моцны калектыў, людзі па-добраму ставяцца да свайго прадпрыемства і хочуць яго захаваць. Мы павінны выпрацаваць канструктыўныя рашэнні для далейшага даклада кіраўніку краіны», — заключыла Наталля Качанава.

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю