Top.Mail.Ru

Старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка расставіў акцэнты галоўнай электаральнай падзеі

Цэнтральная выбарчая камісія ў сваёй рабоце прытрымліваецца прынцыпаў галоснасці і адкрытасці. Аб гэтым сведчыць і прэс-канферэнцыя кіраўніцтва ЦВК для журналістаў. Нягледзячы на тое, што падрабязная інфармацыя аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія прызначаны на 26 студзеня 2025 года, размяшчаецца на сайце Цэнтрвыбаркама, сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, у медыя, яшчэ раз былі агучаны ключавыя моманты, якія датычацца бягучай электаральнай кампаніі.


«Яўка выбаршчыкаў традыцыйна высокая»

Як падкрэсліў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праходзіць у планавым рэжыме, у адпаведнасці з вызначанымі законам тэрмінамі і этапамі. «Для ўдзелу ў выбарах Прэзідэнта былі створаны зразумелыя, роўныя для ўсіх умовы, — канстатаваў ён. — На стадыі рэгістрацыі ініцыятыўных груп Цэнтральная камісія вынесла чатыры адмовы ў рэгістрацыі па безумоўных падставах. Такім чынам, усе ахвотныя заняць пасаду кіраўніка дзяржавы падалі дакументы і былі зарэгістраваны».

Па словах кіраўніка ЦВК, сігналаў аб пазаштатных сітуацыях не паступала. Ён паведаміў, што ёсць інфармацыя аб псаванні інфармацыйных плакатаў аб кандыдатах. Ацэнку такой дзейнасці, як звярнуў увагу Ігар Карпенка, дадуць праваахоўныя органы. Дэструктыўная работа назіраецца ў сацыяльных сетках з-за мяжы, вядуцца заклікі галасаваць супраць усіх або байкатаваць выбары, гучаць заявы аб непрызнанні выбараў. «Заклікі, якія прымушаюць да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, з’яўляюцца адміністрацыйным правапарушэннем», — звярнуў увагу старшыня Цэнтрвыбаркама.

«Выбары мы праводзім для сваёй краіны і для свайго народа, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Яўка выбаршчыкаў на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі традыцыйна высокая. Назіраецца цікавасць грамадзян да электаральнай кампаніі». 

Дзеля абароны членаў участковых камісій 

З 1 студзеня пачаўся агітацыйны перыяд, які завершыцца 25 студзеня. «У выканкамы паступаюць апавяшчэнні ад кандыдатаў і іх давераных асоб аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, тэрытарыяльныя камісіі прымаюць заявы аб правядзенні сустрэч у спецыяльна адведзеных памяшканнях, — расказаў кіраўнік ЦВК. — Падрабязная інфармацыя аб месцах правядзення сустрэч размяшчаецца на сайтах выканкамаў».

Азнаёміцца з перадвыбарнымі праграмамі кандыдатаў у Прэзідэнты можна будзе ў друку, эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё (15 і 17 студзеня з 8.00 да 09.00), тэлеканала «Беларусь 1» (16 студзеня з 18.00 да 20.00). Як адзначыў Ігар Карпенка, скаргі аб парушэнні кандыдатамі і іх даверанымі асобамі заканадаўства ў ЦВК не паступалі.

Створана 5325 участкаў для галасавання — адпаведна, такая ж колькасць участковых камісій. У інтэрнэце абмяркоўваецца пытанне неапублікавання ў адкрытым доступе персанальных звестак членаў участковых камісій. «Але гэта не значыць, што мы іх хаваем ад выбаршчыкаў, — удакладніў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі. — Калі выбаршчык прыйдзе на ўчастак для галасавання, то ўбачыць членаў камісій, якія будуць насіць бэйджы з указаннем прозвішча, імя і імя па бацьку. Гэта заканадаўчая мера прадухіляе несанкцыянаванае выкарыстанне персанальных даных членаў выбарчых камісій».

Участкаў за мяжой не будзе

Інфармацыя аб размяшчэнні ўчасткаў для галасавання з указаннем іх межаў, а таксама месцы знаходжання ўчастковых камісій размешчана на сайтах адпаведных выканаўчых камітэтаў, у раздзеле «Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 26 студзеня 2025 года» на сайце ЦВК. Акрамя таго, на сайце Цэнтральнай камісіі працуе сэрвіс па пошуку ўчасткаў для галасавання, дзе можна зручным і хуткім спосабам знайсці свой участак для галасавання, інфармацыю аб участковай камісіі (адрас, тэлефон).

Да 15 студзеня кожны выбаршчык павінен атрымаць запрашэнне на выбары, у якім будуць указаны адрас участка для галасавання і нумар тэлефона, а таксама ўлётку з біяграфічнымі данымі кандыдатаў. Звесткі аб кандыдатах таксама размешчаны на сайце ЦВК.

Участкі для галасавання за мяжой не ствараюцца. Гэта, па словах Ігара Карпенкі, абумоўлена адсутнасцю мер па бяспецы на ўчастках, якія раней утвараліся на тэрыторыі іншых дзяржаў, скарачэннем колькасці работнікаў дыпкорпуса. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь — не адзіная краіна, якая мае такі досвед.

Разам з тым створаны ўмовы для арганізацыі галасавання грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за мяжой і стаяць на консульскім уліку. Прагаласаваць такія грамадзяне змогуць на адным з шасці участкаў, якія будуць размешчаны ў Мінску і ў пяці абласных цэнтрах краіны. Адрасы гэтых участкаў размешчаны на сайце Цэнтрвыбаркама. Ігар Карпенка выказаў спадзяванне, што суседнія краіны не будуць ствараць перашкод для перасячэння нашымі грамадзянамі граніцы з мэтай рэалізацыі выбарчага права.

Уключэнне ў спісы — да выбараў 

Пачынаючы з 10 студзеня, кожны выбаршчык мае права звярнуцца ва ўчастковую камісію для праверкі звестак аб сабе ў спісе грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах. У буднія дні ўчастковыя камісіі працуюць з 17.00 да 19.00, па суботах — з 12.00 да 14.00.

«У спісы ўключаюцца грамадзяне Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам, зарэгістраваныя па месцы жыхарства, — удакладніў старшыня ЦВК. — Пры наяўнасці ў грамадзяніна рэгістрацыі і па месцы знаходжання, ён уключаецца ў спіс на ўчастку толькі па месцы знаходжання. Грамадзяне, у якіх адсутнічае рэгістрацыя на тэрыторыі гэтага ўчастка для галасавання, могуць быць дадаткова ўключаны ў спіс на падставе пашпарта (ідэнтыфікацыйнай карты) грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і дакумента, які пацвярджае пражыванне на тэрыторыі ўчастка для галасавання, пры ўмове, што грамадзянін яшчэ не прагаласаваў на ўчастку для галасавання па месцы жыхарства (месцы знаходжання)».

Пры гэтым звярнуцца ва ўчастковую камісію для ўключэння ў спіс выбаршчыкаў па месцы жыхарства можна толькі да дня выбараў. Да дакументаў, якія пацвярджаюць пражыванне на адпаведнай тэрыторыі, могуць быць аднесены дагавор найму (зарэгістраваны раённым, гарадскім, пасялковым, сельскім выканаўчым камітэтам, мясцовай адміністрацыяй раёна ў горадзе), пасведчанне аб праве ўласнасці ў адносінах да нерухомай маёмасці, камандзіровачнае пасведчанне. 

Галасаванне дома — па заяўках 

На цяперашні момант пры Цэнтральнай камісіі акрэдытаваны 7 нацыянальных назіральнікаў, пры тэрытарыяльных камісіях — 962 назіральнікі, пры ўчастковых — 27 361. Акрамя таго, працягваецца акрэдытацыя замежных (міжнародных) назіральнікаў. Ужо акрэдытаваны 362 такія назіральнікі. Сярод іх — прадстаўнікі ад СНД, МПА СНД, ШАС, ПА АДКБ, Сакратарыята Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі, Маладзёжнай арганізацыі Руху недалучэння, выбарчых органаў замежных дзяржаў, а таксама незалежныя наглядальнікі і эксперты. Прадстаўніцтва краін ужо складае каля 40, з іх — каля 15 еўрапейскіх краін. За прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі таксама будуць назіраць прадстаўнікі краін афрыканскага кантынента, Лацінскай Амерыкі, Азіі, прасторы СНД.

Датэрміновае галасаванне пройдзе за пяць дзён да выбараў — з 21 да 25 студзеня 2025 года ўключна. Датэрмінова маюць права прагаласаваць выбаршчыкі, якія не змогуць прыйсці на ўчасткі 26 студзеня. У перыяд датэрміновага галасавання ўчастковыя камісіі працуюць з 12.00 да 19.00 гадзін без перапынку. У асноўны дзень галасавання, 26 студзеня, галасаванне будзе праходзіць з 8.00 да 20.00 гадзін.

У дзень выбараў магчымае галасаванне дома па заявах выбаршчыкаў. «Калі выбаршчык па стане здароўя або па іншых уважлівых прычынах не зможа ў дзень выбараў прыйсці ў памяшканне для галасавання, ён мае права пісьмова або вусна звярнуцца ў адпаведную ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне па месцы яго знаходжання, — патлумачыў Ігар Карпенка. — Выбаршчык можа перадаць такую просьбу ва ўчастковую камісію пры садзейнічанні іншых асоб: напрыклад, сваякоў, суседзяў. Афіцыйнага пацверджання прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання не патрабуецца». З такой просьбай выбаршчык можа звярнуцца да 18.00 гадзін 26 студзеня.

Бюлетэнь выдаецца выбаршчыку, уключанаму ў спіс, пры прад’яўленні пашпарту (ідэнтыфікацыйнай карты) грамадзяніна Рэспублікі Беларусь; ваеннага білета (для ваеннаслужачых тэрміновай службы); службовага пасведчання работніка дзяржаўнага органа (арганізацыі); пасведчання кіроўцы; пенсіённага пасведчання, пасведчання інваліда (пры наяўнасці ў ім фатаграфіі); студэнцкага білета; білета навучэнца; даведкі органа ўнутраных спраў, якая пацвярджае асобу грамадзяніна (у выпадку страты (крадзяжу) пашпарта (ідэнтыфікацыйнай карты) грамадзяніна Рэспублікі Беларусь).

Каментуючы спробы ўмяшання ў выбарчы працэс, старшыня Цэнтрвыбаркама нагадаў, што выбарчым працэсам павінны займацца тыя суб’екты, якія вызначаны заканадаўча. «У кожнага суб’екта ёсць выключная функцыя, — падкрэсліў ён. — Не павінны іншыя суб’екты ўмешвацца ў тыя пытанні, якія не адносяцца да іх кампетэнцыі». У сваю чаргу, Цэнтрвыбаркам разам з іншымі суб’ектамі выбарчага працэсу, як запэўніў Ігар Карпенка, зробіць усё дзеля таго, каб забяспечыць электаральны суверэнітэт нашай краіны, і правесці гэтую выбарчую кампанію ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю