Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі даў старт рэспубліканскаму патрыятычнаму праекту «Кветкі Вялікай Перамогі».
Першым мерапрыемствам сёлета стала працоўная акцыя па добраўпарадкаванні скульптуры воіна і помніка на брацкай магіле савецкіх ваеннапалонных і партызан у вёсцы Рогава. Згодна з запісамі Нацыянальнага архіва «Лагеры савецкіх ваеннапалонных у Беларусі 1941—1944 г.», каля вёскі Рогава існаваў лагер ваеннапалонных з канца 1941 па 1943 гг., дзе праводзіліся масавыя расстрэлы ў 1942 — 1943 гг.

Па заканчэнні працоўнай акцыі прайшло ўскладанне кветак, алічбоўка памятнага месца і ўстаноўка таблічкі ў рамках Міжнароднага інтэрактыўнага гісторыка-патрыятычнага праекта БРСМ «Лічбавая зорка», праект рэалізуецца ў фармаце інтэрактыўнага сайта, які ўключае падраздзелы «Помнікі», «Генацыд беларускага народа», «Героі», «Гісторыка-культурная спадчына», а таксама інтэрактыўную карту з алічбаванымі аб’ектамі. Кожнаму знакаваму месцу прысвойваецца QR-код, праз які ажыццяўляецца пераход на старонку сайта з інфармацыяй аб падзеях, якія тут разгортваліся. Праект накіраваны на кансалідацыю грамадства на захаванне гістарычнай памяці, захаванне гістарычнай праўды аб Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Ксенія Ліннік