Велізарны патэнцыял Беларусі — у творчай моладзі. І ён да канца не выкарыстаны. Паколькі ў рэйтынгах па ўзроўні развіцця чалавечага капіталу мы займаем нашмат больш высокія пазіцыі, чым па эканамічных паказчыках. І па колькасці стартапаў мы яшчэ не выйшлі да здавальняльнай планкі. Стартапы, а кажучы айчыннай тэрміналогіяй, малыя інавацыйныя кампаніі, з’яўляюцца глебай для ўзнаўлення і развіцця бізнесу. Несумненна, не ўсе ідэі спрацоўваюць, не ўсе праекты знаходзяць свайго спажыўца і дасягаюць камерцыйнага поспеху. Але шлях адолее той, хто ідзе. Тым больш што цікавасць да прадпрымальніцтва ў нашай моладзі вельмі высокая. Але неабходна яе падмацаваць інфраструктурай і фінансавым складнікам. Пра гэта гаварылі на вытворча-практычнай канферэнцыі «Стартап-рух — шанц і сацыяльны ліфт для моладзі Беларусі».
Дарогу моладзі!
Кіраўнік стартап-цэнтра Парка высокіх тэхналогій Дзмітрый Мікулка спаслаўся на даныя апытання каля 2 тысяч студэнтаў, якое паказала: 45 % плануюць займацца прадпрымальніцтвам, а 10 % ужо з’яўляюцца ўласнікам бізнесу. Ініцыятыва знізу вельмі магутная. Але шлях ад цікавай ідэі да яе ўкаранення і атрымання станоўчага фінансава-эканамічнага выніку цярністы. І распаўсюджанае меркаванне, што геній заўсёды праб’е сабе дарогу ў дадзеным выпадку, некалькі не працуе. Каб працэс быў лавінападобным, масавым і незваротным, неабходна адпаведная інфраструктура.
Па вялікім рахунку, яна ў Беларусі ёсць. Парк высокіх тэхналогій, кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» прапаноўваюць сваім рэзідэнтам прывабныя фіскальныя ўмовы і вельмі годную інфраструктуру. Але да ўзроўню рэзідэнта яшчэ неабходна дарасці. Як адзначыў Дзмітрый Мікулка, для актывізацыі інавацыйнага складніка малога бізнесу неабходна выбудаваць экасістэму, якая б фарміравала маршрут праекта ад ідэі, яе ацэнкі і экспертызы, распрацоўкі пілотных прадуктаў да стварэння юрыдычнай асобы і выхаду на рынак.
Такі маршрут паступова вымалёўваецца. Дзмітрый Мікулка перакананы, што кузняй стартапаў павінны стаць беларускія ўніверсітэты. Там ёсць і пэўная матэрыяльная тэхнічная база — тыя ж лабараторыі, якія дазваляюць адпрацаваць інжынерныя ідэі, ва ўніверсітэтах канцэнтруецца найбольш пасіянарная моладзь, там жа маецца кваліфікаваны выкладчыцкі і навуковы корпус, здольны фарміраваць экспертызу. Як адзначыў спікер, ПВТ заключыла адпаведнае пагадненне з Міністэрствам адукацыі. Сфарміраваны дарожныя карты супрацоўніцтва з шэрагам беларускіх ВНУ. Дзмітрый Мікулка перакананы: беларускаму інавацыйнаму сектару неабходна вырывацца з аўтсорсінгу і пераходзіць да прадуктовых мадэляў. А для гэтага неабходныя інжынерныя ідэі, экспертыза прадпрымальнікаў, як ноу-хау загарнуць і прадаць, і, натуральна, патрабуецца фінансаванне. А таксама пляцоўкі (экасістэма), на якіх злучаюць усе тры кампаненты.
Грантавая сістэма разбэшчвае
Мабыць, самае актуальнае сёння пытанне інвестыцыйнае. Намеснік дырэктара па развіцці бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Дзмітрый Крупскі распавёў пра апытанне прадстаўнікоў бізнесу. Аказалася, што каля паловы рэспандэнтаў выступаюць за больш гнуткую і глыбокую падтрымку інавацыйнага бізнесу на пачатковым этапе. І практычна ўсе адзначылі адсутнасць венчурнага фінансавання і складанасць у прыцягненні фінансаў. Эксперт лічыць, што развіццё экасістэмы стартапаў у тым ці іншым выглядзе лагічна і мэтазгодна прапісаць у адной з дзяржпраграм. Тады ў кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання з’явіцца стымул прыкладаць больш намаганняў для развіцця малога інавацыйнага бізнесу.
Дзмітрый Мікулка са свайго боку адзначыў: ёсць пул прадпрымальнікаў — уладальнікаў уласнага моцнага бізнесу, якія зацікаўлены інвеставаць і працаваць са стартапамі. Нават на самых ранніх стадыях. Аднак у Беларусі яшчэ не склалася выразная практыка і механізмы такіх укладанняў. Ёсць асобныя ўдалыя і не вельмі кейсы. Але з’ява пакуль не вельмі распаўсюджаная. Ён адзначыў, што для гэтага ў рамках ПВТ стварылі венчурную акадэмію, у рамках якой будуць акумуляваць вопыт і развіваць кампетэнцыі. Адначасова Дзмітрый Мікулка выказаў сумнеў, што дзяржаве мэтазгодна выдзяляць сродкі на фінансаванне стартапаў напрамую. Грантавая сістэма пры занадта шырокім яе выкарыстанні прыносіць, на яго думку, неадназначную карысць. Сродкі, атрыманыя праз адміністрацыйныя інструменты, зніжаюць інавацыйную актыўнасць і разбэшчваюць: стартапы ёсць, але нярэдка яны неканкурэнтаздольныя і валодаюць практычна нулявой выжывальнасцю пры адключэнні ад фінансавага падсілкоўвання. І такі не самы ўдалы вопыт прысутнічае ў краінах СНД. Па перакананні Дзмітрыя Мікулкі, дзяржава павінна стварыць умовы для развіцця інавацыйнага руху. А развівацца ён павінен ужо на рынкавых прынцыпах.
Інавацыйнае фінансаванне — не гульня ў рулетку
Дырэктар навукова-тэхналагічнага парка ТАА «Інката» Яўген Мальчэўскі канстатаваў: часам нават пры наяўнасці грошай не заўсёды зразумела, як іх вылучыць на інавацыйныя праекты. У прыватнасці, тэхнапаркі фарміруюць інавацыйныя фонды. Іх яны могуць выкарыстоўваць на вылучэнне грантаў, пазыкі, аплату тых ці іншых паслуг суб’екта гаспадарання. Пакуль тэхнапаркі ў боль-шасці сваёй назапашваюць сродкі. Бо, па сутнасці, з’яўляючыся мікрабізнесам — у штаце адміністрацыі тэхнапаркаў звычайна працуе ўсяго некалькі чалавек, — няма кампетэнцый, каб правільна фармалізаваць інвеставанне інавацыйных фондаў. Узнікае шэраг пытанняў: па якім прынцыпе адбіраць праекты? якія павінны прапісвацца ўмовы? як афармляцца юрыдычна?.. Цэлы комплекс невядомых, якія пакуль не атрымалі канчатковага рашэння.
На мой погляд, ёсць у цэлым сістэмнае і філасофскае пытанне: які ўзровень рызыкі дапушчальны (фармальна ці нефармальна) у венчурных інвестыцыях? У кожнай краіне выпрацаваліся свае падыходы да інавацыйнай рызыкі і яе абгрунтаванасці. Інавацыйнае фінансаванне — не гульня ў рулетку, а цалкам прадуманы працэс. Рызыкі ёсць, але яны, часцей за ўсё, пралічваюцца і кіруюцца. І ацэньваюцца зыходзячы з пэўных методык. Іх, наколькі разумею, у Беларусі яшчэ трэба будзе выпрацаваць. Каб не ўзнікала лішніх падазрэнняў. У той жа падатковай інспекцыі і іншых кантрольных органаў. Бо адпрацоўка інжынернай ідэі на ацэнку яе жыццяздольнасці на самай ранняй стадыі рэалізацыі можа запатрабаваць да 100 тысяч долараў укладанняў. Выдаткавалі сродкі на эксперыменты і выпрабаванні і зразумелі: памыліліся. Тупікі ў інавацыях — нармальная з’ява. І адсутнасць выніку павінна ўсім быць зразумелай і прымальнай. Каб не ўзнікала падазрэнняў, напрыклад, ва ўхіленні такім чынам ад падаткаў. Несумненна, у гэтым працэсе вельмі важны давер усіх бакоў. І ён паступова фарміруецца. У тым ліку і ў рамках дыскусійных пляцовак.
Аляксей КЛІМАЎ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА