Top.Mail.Ru

Стартаваў новы сезон гарадскога праекта «Мінскай змены-2025»

Прэзентацыя новага сезона гарадскога праекта «Мінская змена-2025» прайшла ў Мінскай гарадской ратушы.


Гэты праект рэалізуецца Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам сумесна з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь для таго, каб прыцягнуць маладых людзей да добраўпарадкавання свайго горада, рэгіёна і краіны праз сацыяльнае праектаванне, а таксама сфарміраваць кадравы патэнцыял у сферы кіравання.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольгі Чамаданавай, з кожным годам праект становіцца ўсё больш маштабным.

— Гэта адкрыты дыялог моладзі з выканаўчай уладай. Дарэчы, менавіта дзякуючы праекту «Мінская змена», мы ўбачылі, якое жаданне ў моладзі наведаць Мінскі гарвыканкам з экскурсіяй для таго, каб пазнаёміцца з яго дзейнасцю і гісторыяй, — адзначыла яна.

Таксама Вольга Чамаданава падзялілася, што плануюцца пэўныя экскурсійныя праграмы для ўсіх удзельнікаў праекту не толькі ў гарвыканкам, але і ў адміністрацыі раёнаў, каб моладзь бліжэй знаёмілася з дзяржаўнай службай.

У сваю чаргу рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Ігар Бузоўскі адзначыў, што ўзаемадзеянне з людзьмі, якія скіраваны наперад — гэта вялікае шчасце.

— Мы выдатна разумеем, што любы ўпраўленец — гэта чалавек, які павінен тварыць і думаць. Такога роду пляцоўкі, як «Мінская змена» гэта ўсё праяўляюць, — растлумачыў ён.

Таксама Ігар Бузоўскі дадаў, што ўдзел Акадэміі кіравання ў праекце будзе ў традыцыйным адукацыйным фармаце з трэнінгамі, праграмамі па лідарстве, самапрэзентацыі, камандаўтварэнні і стрэсаўстойлівасці.

Зарэгістравацца для ўдзелу ў праекце можна з 6 лютага да 8 сакавіка. Для рэгістрацыі неабходна запоўніць электронную анкету па тэрытарыяльнай прыкмеце, якая будзе размешчана на афіцыйных сайтах адміністрацый раёнаў г. Мінска. Таксама на сайце Мінгарвыканкама размешчаны банэр «Мінская змена», праз які ўдзельнікі змогуць перайсці на сайт свайго раёна і запоўніць форму. У праекце могуць прыняць удзел студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі, навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, размешчаных на тэрыторыі Мінска, якая працуе моладзь сталіцы ва ўзросце да 31 года.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю