Top.Mail.Ru

Стартаваў продаж білетаў на кінафестываль «Лістапад»

Продаж білетаў на цырымонію адкрыцця і конкурсныя паказы XXXII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» афіцыйна стартаваў. Аб гэтым паведамілі БелТА арганізатары.



Фестываль пройдзе з 30 кастрычніка па 6 лістапада пад дэвізам «Глядзі. Жыві. Цані». «Гэта заклік адчуваць, суперажываць і па-сапраўднаму шанаваць той мастацкі і чалавечы вопыт, які шчодра дорыць нам кінематограф. „Лістапад“ абяцае стаць не проста чарадой паказаў, а глыбокім акунаннем у свет гісторый, эмоцый і ідэй, якія застаюцца з гледачом надоўга пасля фінальных цітраў», — заўважылі арганізатары.

Галоўнай пляцоўкай стане кінатэатр «Масква» — тут пройдуць урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама кінапаказы. Фільмы прадставяць і ў кінатэатрах «Перамога», «Цэнтральны», «Беларусь» і «Піянер». Кожная з гэтых пляцовак будзе прымаць унікальныя праграмы, прапануючы гледачам магчымасць даследаваць розныя грані кінематографа: ад ігравога кіно да анімацыі, ад работ маладых талентаў да нацыянальных шэдэўраў. З падрабязнай праграмай паказаў і раскладам сеансаў хутка можна будзе азнаёміцца ​​на афіцыйным сайце фестывалю.

Генеральны дырэктар УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі падкрэсліў, што цэны на білеты даволі дэмакратычныя. Самая вялікая цана на вячэрнія паказы ігравога кіно — 12 рублёў, а самая нізкая на кароткі метр — 5 рублёў. «Набывайце білеты загадзя, таму што на некаторыя фільмы іх сапраўды будзе складана купіць. У мінулым годзе мы сутыкаліся з тым, што нас прасілі даць хоць адзін білет на асобны фільм, а месцаў у зале ўжо не было», — дадаў ён.

Паказ фільмаў не закончыцца на фестывальнай праграме. Кожны год праходзіць праект «Рэха «Лістапада», у час якога найлепшыя работы выходзяць у кінапракат. «У мінулым годзе быў добра прадстаўлены фільм „Двое ў адным жыцці, не лічачы сабакі“. Ён трымаўся ў пракаце чатыры месяцы. Быццам бы не экшэн, а простая, чалавечая гісторыя, але фільм добры і якасны, таму карыстаецца попытам. Магу ўспомніць фільмы „Тамерлан“ ці „Мой дзед“ з удзелам Уладзіміра Гасцюхіна, а таксама шэраг іншых кінакарцін, на якія мы змаглі атрымаць правы і падарыць ім другое жыццё ў кінапракаце. Таму нават калі нейкія гледачы не змогуць трапіць на добрае кіно, то мы пастараемся паказаць яго пасля. Фестываль у нас жыве не адзін тыдзень, а на працягу года», — рэзюмамаваў Уладзімір Карачэўскі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю