Песні Стассі Корсак гучалі ў космасе, у фінале Міжнароднага тэлевізійнага конкурса аўтарскай песні «Наша пакаленне» і на многіх канцэртных пляцоўках, а сёння юная артыстка прэзентуе свой новы сінгл «Заліпаем». Прычым зрабіць гэта падапечная прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ» вырашыла арыгінальна — зняўшы трэк-відэа сінгла.
Для рэалізацыі задумы Стасся разам з сябрамі і калегамі па творчым цэху арэндавала экскурсійны аўтобус, каб у незвычайнай атмасферы прэзентаваць сваю новую песню. Уся кампанія адпраўляецца ў паездку па сталіцы, з захапленнем адкрываюць яе краявіды, гісторыю мінулага і сучаснасці для сябе пад кампазіцыю «Заліпаем».
Аўтарамі трэка сталі вядомыя беларускай публіцы Тэа і Вольга Рыжыкава, якіх таксама можна ўбачыць сярод гасцей імправізаванай прэзентацыі. Падпявалі Стассі Корсак і фіналісты шоу «Фактар.by», папулярныя маладыя артысты Мікіта Белько і Насця Краўчанка.
— Працэс работы над новай песняй пакінуў шмат добрых уражанняў. Мы адразу знайшлі агульную мову з Тэа і Вольгай Рыжыкавай. Пачуўшы саму кампазіцыю, мне адразу захацелася падпяваць яе і танцаваць пад гэтую мелодыю. А маладзёжны слэнг увогуле скарыў, — дзеліцца ўражаннямі Стасся Корсак. — За час здымак трэк-відэа сінгла «Заліпаем» я таксама пазнаёмілася з вялікай колькасцю класных і цікавых людзей. Сярод удзельнікаў былі балет Рамана Кавалёва, дзяўчаты, якія ў складзе балету ездзілі са мной у Казань (яны вучацца ў Юліі Ролевай), а таксама мадэлі з агенцтва Тамары Ганчаровай. Мы з усімі раззнаёміліся за час здымак, пасябравалі і абмяняліся кантактамі.
Па словах артысткі кампазіцыя «Заліпаем» з’яўляецца працягам трылогіі драйвовых песень, якія яна са сваёй камандай стварае для маладзёжнай аўдыторыі. А ў перспектыве плануецца, што яны ўвойдуць у міні-сэт аўтарскіх кампазіцый Стассі Корсак.
І кожны з нас таксама можа цяпер далучыцца і адчуць атмасферу новай кампазіцыі, назіраючы за паездкай вясёлай кампаніі, любуючыся краявідамі сталіцы пад акампанемент песні «Заліпаем» падчас прагляду трэк-відэа сінглу на ўсіх лічбавых пляцоўках. Яе дакладна можна дадаць у свой плэй-ліст для добрага настрою.
Алена ДРАПКО
Фота прадастаўлена прадзюсарскім цэнтрам «Спамаш»