Аднак найперш чым атрымаць галоўны дакумент краіны, школьнікі з розных рэгіёнаў азнаёміліся з гісторыяй станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Для хлопцаў і дзяўчат, а таксама іх бацькоў, дэпутатаў і гасцей Палаты прадстаўнікоў у фае Авальнай залы арганізавалі выстаўку «Асноўны Закон дзяржавы», прымеркаваную да Дня Канстытуцыі.
Юныя беларусы атрымалі магчымасць дакрануцца да ўнікальных выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, якія характарызуюць асноўныя этапы заканадаўчай дзейнасці ў нашай краіне. Сярод іх — арыгінал Статута ВКЛ 1588 года, звод законаў Расійскай імперыі канца ⅩⅠⅩ стагоддзя, Канстытуцыя ўзору 1927 года, напісаная на чатырох мовах. Асноўныя тагачасныя канстытуцыйныя палажэнні зафіксавалі і мастакі — аб гэтым сведчыць серыя плакатаў, прадстаўленая на выстаўцы.
Прызёры алімпіяд, лаўрэаты творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў непасрэдна з вуснаў дэпутатаў даведаліся пра гісторыю Дома ўрада, пра тое, як прымаюцца сучасныя законы. Асобная старонка, якой ганарыцца цяперашняе пакаленне заканадаўцаў, — подзвіг дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 94 з іх не вярнуліся з фронту, аднак памяць аб іх захоўваецца — прозвішчы гэтых мужных людзей увекавечаны ў мемарыяльнай дошцы пры ўваходзе ў Авальную залу.
Звяртаючыся да юных грамадзян, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА адзначыў, што ў сценах Дома ўрада будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР пачынаў сваю палітычную біяграфію Аляксандр Лукашэнка. Менавіта ў Авальнай зале Прэзідэнт нашай краіны прымаў сваю першую прысягу, а 15 сакавіка 1994 года дэпутаты галасавалі за першую Канстытуцыю суверэннай Беларусі.
«Асноўны Закон нашай краіны ўвасабляе ў сабе ўсё наша мінулае (і тыя гістарычныя традыцыі, і нашы духоўныя каштоўнасці), фарміруе прававыя асновы функцыянавання і развіцця нашай дзяржавы, — падкрэсліў спікер. — Фактычна на падставе Канстытуцыі фарміруецца ўся заканадаўчая база па шматлікіх кірунках дзейнасці, прымаюцца законы, па якіх жыве наша краіна, функцыянуе народная гаспадарка, законы, па якіх жывуць людзі».
Па словах Ігара Сергяенкі, пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусі — адзін з асноўных дакументаў, якія адкрывае для маладых людзей дарогу ў дарослае жыццё. «Хацелася б, каб вы ўпэўнена ішлі па жыцці, станавіліся сапраўднымі патрыётамі, грамадзянамі нашай краіны, — звяртаючыся да хлопцаў і дзяўчат, сказаў ён. — Быць грамадзянінам — гэта не толькі маса правоў, але гэта і маса абавязкаў: пачынаючы з выканання Канстытуцыі і павагі да нашых сімвалаў — герба, гімна і сцяга».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў пажадаў таленавітай моладзі ўпэўненага руху наперад, авалодвання ведамі, пашаны да сваёй гісторыі, павагі да родных. «Менавіта з адносін да малой радзімы фарміруюцца і адносіны ў цэлым да краіны, нашай Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў спікер. — Жыць і працаваць па сённяшнім законам і тым законам, якія будуць прымацца далей, — вам».
Пасля цырымоніі ўручэння пашпартоў удзельнікаў і гасцей урачыстасці чакала святочная праграма — у такім фармаце Усебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!», прымеркаваная да Дня Канстытуцыі, у Палаце прадстаўнікоў прайшла ўпершыню.
Як патлумачыў у размове з журналістамі Ігар Сергяенка, гэта было зроблена для таго, каб гэты дзень хлопцам і дзяўчатам запомніўся. «Атрыманне пашпарту — гэта не шараговая падзея, — канстатаваў ён. — Стаць грамадзянінам нашай краіны — гэта знакава». Па яго словах, пашпарты ў Авальнай зале атрымалі лепшыя прадстаўнікі сённяшняй моладзі, якім заўтра выбіраць прафесію, паслязаўтра — працягваць тую справу, якой займаюцца бацькі, развіваць нашу эканоміку, рухаць краіну далей.
Фота БелТА