Top.Mail.Ru

Стогадовы юбілей выкладчыка і навукоўца Барыса Міцкевіча заахвоціў да выяўлення невядомых эпізодаў у яго творчым жыццяпісе

Поруч з класікай 

Імя Барыса Паўлавіча Міцкевіча (1925–1983) добра знаёма студэнтам і выпускнікам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён аўтар вучэбных дапаможнікаў па гісторыі замежнай літаратуры. Уступныя артыкулы прызнанага спецыяліста суправаджалі выхад у свет беларускіх перакладаў твораў Гіёма Апалінэра, Райнэра Марыі Рыльке, Поля Элюара, Поля Верлена, якія сталі адметнымі падзеямі ў культурным жыцці рэспублікі.

Барыс Міцкевіч нарадзіўся 20 жніўня 1925 года ў вёсцы Зялёныя Лукі Гомельскага раёна ў сям’і вясковых настаўнікаў. У 1931 годзе не стала бацькі, і маці з дзецьмі перабралася ў Гомель. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям’я выехала ў эвакуацыю ў Свярдлоўскую вобласць. У 1943–1945 гг. Б. Міцкевіч служыў у Чырвонай Арміі. Яго ратныя подзвігі адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. 

  • З 1949 года жыццё Б. Міцкевіча звязана з БДУ. З адзнакай скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта, аспірантуру. Абараніў кандыдацкую дысертацыю «Творчасць Шарля дэ Кастэра і станаўленне рэалізму ў бельгійскай літаратуры» (1960). Загадваў кафедрай замежнай літаратуры (1966–1979). 

Сціслыя біяграмы Барыса Міцкевіча змешчаны ў даведачных выданнях. Даніна памяці сплочана калегамі па БДУ разам з выхадам кнігі «Непадуладныя часу: нарысы па замежнай літаратуры» (1986; прадмова А. Волка і П. Ткачова). Пра беларускага спецыяліста па французскай і белігійскай літаратурах напісана няшмат. Ва ўспамінах калег і вучняў Б. Міцкевіч зафіксаваўся найперш як вельмі інтэлігентны, надзвычай сціплы чалавек. 

Этапы сцверджання 

Паводле біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (т. 4, 1994), публікацыйны дэбют Барыса Міцкевіча адбыўся 4 студзеня 1955 года, калі ў газеце «Сталинская молодежь» быў змешчаны яго артыкул «Ромен Роллан». Між тым архіўныя знаходкі сведчаць, што друкаваны выхад у свет мог адбыцца на год раней і з беларускім тэкстам. 

  •  У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (далей — ЦНБ НАН Беларусі) захоўваецца архіў рэдакцыі часопіса «Полымя» за 1934–1957 гады. 
Нашу ўвагу прыцягнуў ліст Давіда Фактаровіча, датаваны 27 сакавіка 1954 г. (захоўваем графічныя асаблівасці машынапіснага тэксту): ГАЛОЎНАМУ РЭДАКТАРУ ЧАСОПІСА «ПОЛЫМЯ» ТАВАРЫШУ МАКСІМУ ТАНКУ Праца Б. 

Міцкевіча «Камуністычны друк Францыі ў барацьбе за мір і дэмакратыю» з’яўляецца скарочаным варыянтам двух раздзелаў яго дыпломнай работы, напісанне якой завяршаецца ў сучасны момант. 

Друк камуністычных і рабочых партый, які знаходзіцца на чале публіцыстыкі прыхільнікаў міру, управе прыцягнуць да сябе ўвагу нашага часопіса, паколькі ён прыцягвае да сябе ўвагу шырокіх слаёў нашага народа і шматлікіх выданняў, часткова выкарыстаных і тав. Міцкевічам. 

 З прынцыпова верных пазіцый тав. Міцкевіч малюе барацьбу працоўных Францыі за мір і асноўныя сацыяльныя правы, так, як яна адбілася на старонках «Юманітэ». Аўтар не толькі ўмела выкарыстоўвае для свайго агляду нумары газеты «Юманітэ» за 1953 год, якія ёсць у яго распараджэнні, але і прыцягнуў шэраг цікавых матэрыялаў як з савецкай, так і з французскай прэсы. Асабліва цікава нашаму беларускаму чытачу будзе даведацца аб матэрыялах выданняў таварыства «Францыя — СССР», у якіх асвятлялася будаўніцтва сталіцы Савецкай Беларусі Мінска (стар. 24–26 рукапісу). Мне думаецца, што рукапіс Б. Міцкевіча заслугоўвае ўвагі шырокіх чытацельскіх колаў, а таму і публікацыі ў адным з нумароў часопіса «Полымя». 

Дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна Д. Я. Фактаровіч 

На той час прэтэнзія студэнта апублікавацца ў «тоўстым» часопісе была беспрэцэдэнтнай, тым больш па такой тэме і ў такім жанры. Заслугоўвае ўвагі і сам факт падтрымкі маладога спецыяліста, аказанай дацэнтам БДУ. 

Сярод копій лістоў рэдакцыі, якія захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі, адказу на адрас Д. Фактаровіча няма. Не выключана, што размова адбылася па тэлефоне. Ва ўсялякім разе, раздзел з дыпломнай работы, якая на той час была ў стадыі падрыхтоўкі, у «Полымі» не з’явіўся. 

 На Усесаюзным аглядзе студэнцкіх работ творчая праца Б. Міцкевіча, прысвечаная аналізу літаратурнай крытыкі на старонках газеты «Юманітэ» — трыбуны французскай кампартыі, атрымала першую прэмію і была ўзнагароджана медалём. У лісце Д. Фактаровіча гэты факт не адзначаецца. Верагодна, конкурс адбыўся пасля спробы публікацыі ў рэспубліканскім часопісе. 

Мяркуючы па лістах у рэдакцыю, што захоўваюцца ў адной архіўнай справе з карэспандэнцыяй Д. Фактаровіча, малады даследчыкстудэнт знаходзіўся ў сітуацыі моцнай канкурэнцыі з боку сцверджаных спецыялістаў па літаратурах народаў замежных краін. У Мінск ішлі прапановы матэрыялаў ад педагогаў і перакладчыкаў з Масквы і Ленінграда. Сярод імён, зацікаўленых у беларускай публікацыі, Рашэль Мілер-Будніцкая (1906–1967), выкладчыца замежнай літаратуры ў Маскоўскім абласным педагагічным інстытуце імя Н. К. Крупскай; доктар філалагічных навук Іван Астахаў (1906— 1970); журналіст-міжнароднік Мэлар Стуруа (1928–2021) і інш. 

Рэспубліканскаму перыядычнаму выданню прапаноўваліся матэрыялы па рускай, венгерскай, карэйскай, кітайскай, польскай літаратурах. Не ўсе яны прымаліся да друку, дасланыя тэксты правіліся і скарачаліся. 
Вядома, асноўную ўвагу часопіс удзяляў развіццю нацыянальнага прыгожага пісьменства, крытыкі і літаратуразнаўства. І ставіўся да якасці дасланых рукапісаў, мяркуючы па захаваных адказах, вельмі патрабавальна і прынцыпова. 

  • На старонках «Полымя» толькі ў 1954 годзе былі апублікаваны надзённыя артыкулы заходнееўрапейскай тэматыкі: «Французскі буржуазны тэатр у тупіку» А. Брагінскага (№ 3); «Сённяшні дзень французскай прагрэсіўнай літаратуры» І. Барысава (№ 11). 

Вехі прызнання 

Друкаваны фармат напрацоўкі Б. Міцкевіча ўсё ж такі набылі. Апублікаваны ў якасці асобных раздзелаў вучэбнага дапаможніка для ВНУ «Гісторыя друку замежных камуністычных і рабочых партый» (Мінск: БДУ, 1960). Кніга выйшла ў суаўтарстве з універсітэцкім апекуном — Д. Фактаровічам. Ён жа стаў рэдактарам манаграфіі Б. Міцкевіча «Шарль дэ Кастэр і станаўленне рэалізму ў бельгійскай літаратуры» (Мінск, 1960), падрыхтаванай на аснове кандыдацкай дысертацыі. 

Разам з калегамі па кафедры быў падрыхтаваны вучэбны дапаможнік «Замежная літаратура» (Мінск, 1969), які вытрымаў некалькі выданняў. Аўтарытэтна прагучалі публікацыі ў спецы¬яльных выпусках і перыядычным друку. 

Кампетэнтнае слова спецыяліста суправаджала плён перакладчыцкай працы Міхаіла Лазінскага і Барыса Пастарнака, Эдзі Агняцвет, Васіля Сёмухі, Алега Лойкі. 

Адно з рукапісных пацвярджэнняў асабістай і творчай прыязні Барыса Міцкевіча, сёлетняга юбіляра, знаходзім у вучэбным дапаможніку «Замежныя літаратуры. Антычнасць, сярэднія вякі, Адраджэнне, літаратуры XVII–XVIII стст.» (Мінск, 1963), падрыхтаваным у суаўтарстве з Навумам Лапідусам і Давідам Фактаровічам. Асобнік, што захоўваецца ў фондах ЦНБ НАН Беларусі, утрымлівае дарчы надпіс, адрасаваны Юрку Гаўру¬ку, шанавальніку і перакладчыку сусветнай класікі. 

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Вучэбны дамапожнік «Замежныя літаратуры» (1963) з дарчым надпісам Барыса Міцкевіча, адрасаваным Юрку Гаўруку. З фондаў ЦНБ НАН Беларусі.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю