Стомленасць Захаду ад вайны ва Украіне бачна па заявах шэрага палітыкаў. Аб гэтым журналістам заявіў генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) у 2006-2016 гадах Мікалай Бардзюжа на палях IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, перадае БелТА.
«Зламана ўся архітэктура бяспекі, якая была створана пасля Другой сусветнай вайны. Сёння мы стаім на руінах усёй дагаворнай базы ў свеце. Патрэбны крокі, якія выключылі б далейшую гонку ўзбраенняў, вывелі дзяржавы на дыялог, на неабходнасць дамаўляцца аб самых важных пытаннях, звязаных з бяспекай», — падкрэсліў Мікалай Бардзюжа, гаворачы аб неабходнасці прыняцця Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі.

Гаворачы аб канфлікце ва Украіне, ён заявіў аб стомленасці заходніх эліт. «Стомленасць відавочна, пра што і гаварыў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Мы бачым гэта па заявах палітыкаў Захаду. Некаторыя з іх спрабуюць звязацца з прэзідэнтам Расіі, хоць зусім нядаўна гэта поўнасцю выключалі. Ёсць жаданне дамаўляцца, яно дасць магчымасць спыніць вайну», — адзначыў экс-генеральны сакратар АДКБ.
Пры гэтым Мікалай Бардзюжа выказаў сумненне ў гатоўнасці Украіны да мірнага працэсу. «Я разумею, што для ўкраінскага кіраўніцтва мір фактычна раўназначны палітычнай смерці. Зяленскі гэта разумее, таму ўсяляк чапляецца за неабходнасць прадаўжэння баявых дзеянняў», — дадаў ён.

Гаворачы аб стане АДКБ, спікер падтрымаў ідэю развіцця структуры, адзначыўшы, што любая міжнародная арганізацыя ў сферы бяспекі патрабуе пастаяннага ўдасканалення. «Мы бачым, як змяніўся характар вайны, з’явіліся новыя элементы паражэння. Гэта трэба ваенным і прадстаўнікам дзяржаў аналізаваць, трэба ўносіць змяненні ў нарматыўную базу арганізацыі і рабіць практычныя захады, каб быць гатовым да любых паваротаў лёсу», — рэзюмаваў Мікалай Бардзюжа.
IV Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы праходзіць у Мінску 3-4 лістапада. У мерапрыемстве прымаюць удзел больш за 600 чалавек, якія прадстаўляюць каля 50 краін. У праграме канферэнцыі прадугледжаны тры рабочыя і дзве тэматычныя сесіі з разглядам шырокага спектра пытанняў рэгіянальнай і глабальнай бяспекі.