Top.Mail.Ru

Стратэгічнае бачанне, практычны клопат

Традыцыйна падчас паездкі на якое-небудзь прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка не абмяжоўваецца знаёмствам з вытворчасцю. Як правіла, кіраўнік дзяржавы ставіць стратэгічныя задачы, важныя для ўсёй краіны, а падчас размовы з калектывам закранае самыя розныя тэмы, якія цікавяць і хвалююць людзей. Не стала выключэннем і наведванне МАЗа. Мы пацікавіліся ў экспертаў, на што звярнулі ўвагу яны падчас візіту Прэзідэнта на адно з самых вядомых не толькі ў краіне прадпрыемстваў.


«У перспектыве — вытворчасць пасажырскай тэхнікі 4-га пакалення»

«Я падумаў, што вы малайцы і вы заслужылі свой завод па вытворчасці аўтобусаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы, размаўляючы з калектывам МАЗа. На прадпрыемстве Прэзідэнт асабіста азнаёміўся з новай вытворчасцю, якая запрацуе ўжо ў красавіку.

У Міністэрстве прамысловасці падкрэсліваюць, што рашэнне кіраўніка дзяржавы стварыць завод па вытворчасці аўтобусаў — дальнабачнае і стратэгічнае, накіраванае на далейшае развіццё аднаго з найбуйнейшых прамысловых аб’яднанняў краіны і машынабудаўнічай галіны ў цэлым.

ААТ «МАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» — без перабольшвання прамысловы гігант, які выпускае аўтамабільную, прычапную, пасажырскую, спецыяльную тэхніку, аўтакраны... Гэта буйны гаспадарчы комплекс поўнага тэхналагічнага цыкла, які ўключае ў сябе практычна ўсе тэхналагічныя перадзелы.

Але рэалізацыя праекта «Рэканструкцыя Аўтобуснага завода «ААТ «МАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» вельмі важная для развіцця нават такога моцнага прадпрыемства.

«Будаўніцтва новага вытворчага корпуса і павелічэнне вытворчых магутнасцяў дазволяць павялічыць у цэлым магутнасці Мінскага аўтазавода па вытворчасці да 3 тысяч аўтобусаў за год», — расказаў «Звяздзе» начальнік упраўлення інвестыцый і энергарэсурсаў Міністэрства прамысловасці Дзмітрый Рукшын. Ён заўважыў таксама, што магутнасці новага завода дазволяць развіваць новае сямейства пасажырскай тэхнікі 3-га пакалення (МАЗ 303) і яго мадыфікацый (на дызельным паліве, кампрыміраваным і звадкаваным прыродным газе, электрапрывадзе і г. д.), а таксама ў перспектыве вытворчасць пасажырскай тэхнікі 4-га пакалення. Дагэтуль асвойваць новыя мадэлі аўтобусаў было неперспектыўна: існыя магутнасці патрабавалі вялікіх матэрыяльных і працоўных затрат на вытворчасць такой тэхнікі. «Палепшацца і ўмовы працы людзей, — заўважае Дзмітрый Рукшын. — На новым заводзе па-сучаснаму абсталяваны рабочыя месцы, выдатныя вентыляцыя і асвятленне. Да таго ж максімальна знізіцца перамяшчэнне аўтобуснай тэхнікі па тэрыторыі прадпрыемства».

Папулізм і пустыя абяцанні — гэта не пра Беларусь

Пра палітыку амерыканскіх улад і змену Байдэна Трампам Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з калектывам МАЗа выказаўся вельмі ясна:

Калі сёння адзін прэзідэнт творыць указы, а другі адмяняе — гэта што, нармальна? Гэта характарызуе краіну. Не толькі яго самога, але краіну. Значыць, у вас сур’ёзная нестабільнасць. У вас няма галоўнага — пераемнасці.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка звяртае ўвагу, што праблем, на якіх варта сканцэнтравацца новаму «пастаяльцу» Белага дома, хапае: спад эканомікі, рост злачыннасці, адток капіталу і многія іншыя:

— Заклапочаны ён (Дональд Трамп. — «Зв.») адходам капіталу з ЗША ў краіны трэцяга свету, паколькі працоўныя месцы ствараюцца ў краінах далёкай дугі, а амерыканскія гарады пусцеюць, ператвараюцца ў гарады-прывіды. Вялікі рост наркаманіі: 300 тысяч штогод памірае ад наркотыкаў.

Звяртаючыся да замежнай палітыкі ЗША, суразмоўца адзначыў, што для нас важна, каб амерыканцы сканцэнтраваліся на вырашэнні сваіх унутраных праблем:

— Калі яны будуць вырашаць свае ўнутраныя праблемы, то ім справы не будзе да тых падзей, якія адбываюцца ва Усходняй Еўропе, якія адбываюцца ў нас. Іншымі словамі, яны адстануць ад нас са сваімі несправядлівымі прыдзіркамі з нагоды нашага курсу палітычнага развіцця, функцыянавання нашай беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

Адным словам, робіць выснову суразмоўца, адміністрацыі Трампа ёсць чым заняцца:

— Праблем вышэй даху. І тое, што наш кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з працоўным калектывам МАЗа даў вельмі добры аналіз папулісцкіх заяў Трампа, нязбытных абяцанняў, вельмі паказальна. Таму што мы праводзім свае выбары для таго, каб рэалізаваць тую палітыку, прымальнасць якой ужо была ў нас вызначана і кіраўніком дзяржавы, і Усебеларускім народным сходам у папярэднія гады.

Парламентарый праводзіць паралелі:

— Я, сустракаючыся са сваімі выбаршчыкамі, аналізую, што Прэзідэнт нашай краіны абяцаў у 2020 годзе, калі ішоў на выбары, і што праз чатыры з паловай года ажыццяўлення яго паўнамоцтваў зроблена. Прэзідэнт наш абяцаў мір і бяспеку для нашай краіны — ён выканаў абяцанне. Прэзідэнт абяцаў правядзенне канстытуцыйнай рэформы — і адразу ж пасля інаўгурацыі 2020 года была створана Канстытуцыйная камісія, пачалі працаваць рабочыя групы, у нашай краіне дзейнічалі дыялогавыя пляцоўкі, праводзіліся сустрэчы з працоўнымі калектывамі, задача якіх была сабраць прапановы, заўвагі ад грамадзян у праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І ў выніку мы 27 лютага 2022 года прыйшлі на рэспубліканскі рэферэндум і прагаласавалі за абноўленую рэдакцыю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Алег Дзячэнка падкрэслівае: гэта наша лінія. Прэзідэнт заўсёды свае абяцанні трымае:

— Прэзідэнт абяцаў захаваць курс на ўмацаванне сацыяльнай дзяржавы ў 2020 годзе: даступныя адукацыя, медыцына, даступнасць дасягненняў культуры і навукі, — усё гэта сёння рэалізавана. І мы бачым, колькі грошай у нас у рэспубліканскім бюджэце рэзервуецца на сацыяльныя праграмы. Гэта сапраўды сацыяльная сістэма. Ёсць пераемнасць. 

Тым больш што мы і ў Канстытуцыі замацавалі: наша беларуская дзяржава — сацыяльная.

Таксама суразмоўца звяртае ўвагу, што ў Асноўным Законе замацаваны курс на мірнае развіццё нашай краіны і на такое ж суіснаванне з іншымі краінамі і народамі:

— Падкрэсліваю: у Канстытуцыі ёсць норма, дзе сказана, што Рэспубліка Беларусь не будзе з’яўляцца крыніцай агрэсіі для суседніх краін. Прэзідэнт сказаў — усё гэта зроблена сёння. Рэспубліка Беларусь не ўдзельнічае ні ў якіх узброеных канфліктах: ні тут, ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, ні дзесьці ў свеце. Гэта мірнае развіццё Рэспублікі Беларусь.

Дэпутат звяртае ўвагу на такі важны момант, як захаванне эканамічнага патэнцыялу і яго прымнажэнне:

— Мы захавалі ўсё: сельскую гаспадарку, машынабудаванне, лёгкую прамысловасць, усё, што звязана з развіццём навукі і тэхналогіі. Гэта сёння важны вектар развіцця, уключаючы экспартаарыентаванасць. Таму, у адрозненне ад Амерыкі, дзе, ідучы на выбары, займаюцца танным папулізмам, каб потым правесці ўсе гэтыя шоу-праграмы, наш Прэзідэнт, калі ідзе на выбары, мае заўсёды прадуманую перадвыбарную праграму, ён нічога лішняга не абяцае, таго, што не зможа выканаць.

«Пасля сустрэчы з прэзідэнтам каманда знаходзіцца на эмацыянальным уздыме»

«Сустрэча з Прэзідэнтам — гэта прадмет гонару для ўсіх членаў каманды. У першую чаргу таму, што наша дзейнасць трапіла ў поле зроку кіраўніка дзяржавы і ён ацаніў яе як важную і станоўчую. Гэта вельмі важкі момант. Кожны чалавек хоча, каб яго работу ацанілі. А калі яе ацэньвае кіраўнік дзяржавы, разумееш, што ўсё робіш не дарэмна», — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з Прэзідэнтам начальнік каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч. Па яго словах, перад сустрэчай асабліва хваляваліся маладыя члены экіпажа.

«Але пасля сустрэчы мы ўсе былі перапоўнены станоўчымі эмоцыямі ад таго, што Прэзідэнт аказаўся вельмі простым у зносінах чалавекам, пагутарыў з кожным членам каманды, кожнаму паціснуў руку, выказаў пажаданні. І — што самае нечаканае — выказаў жаданне праехаць за рулём на нашым аўтамабілі. Размова атрымалася вельмі простай, нават дамашняй, і гэта ўсіх моцна ўразіла. Усе настройваліся на больш афіцыйную, строгую размову, але наша сустрэча атрымалася вельмі цёплай і сяброўскай. І яна надала хлопцам дадатковы стымул рабіць сваю справу яшчэ больш якасна і паспяхова. Пасля такіх сустрэч матывацыя вырастае ў разы. Таму цяпер усе знаходзяцца на эмацыянальным уздыме», — падзяліўся ўражаннямі Сяргей Вязовіч.

Пры сяброўскім характары сустрэчы Прэзідэнт даў камандзе сур’ёзнае даручэнне — перамагаць у спаборніцтвах высокага ўзроўню. «Сёння наш асноўны сапернік — гэта расійская каманда „КАМАЗ-майстар“, перамагаць якую вельмі складана. Але нікому, акрамя нашай каманды, у апошнія гады гэта не ўдавалася. Задача няпростая, але мы ўжо яе выконвалі. Таму будзем рыхтавацца», — падкрэсліў начальнік «МАЗ-СПОРТаўта».

«Пытанне са сваім транспартам стаяла вельмі востра»

Новы аўтобус, які падарылі Прэзідэнту падчас наведвання Мінскага аўтамабільнага завода, быў створаны для найважнейшай задачы — дапамагаць людзям. Для сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Заводскага раёна горада Мінска, куды кіраўнік дзяржавы яго перадаў, ён стаў сапраўдным падарункам, вельмі доўгачаканым і вельмі патрэбным. «Пытанне транспарту ўжо прапрацоўвалася. Але тое, што гэта будзе аўтобус на 60 месцаў і што нам яго перадасць сам Прэзідэнт... Такога мы нават уявіць не маглі. Гэта вельмі вялікі нечаканы падарунак для нас», — падзялілася сваімі ўражаннямі дырэктар цэнтра Іна Канцавенка. Па яе словах, стаяць на месцы аўтобус дакладна не будзе. Сацыяльна-педагагічны цэнтр каардынуе ўсю работу ў раёне. Спецыялісты цэнтра працуюць з сем’ямі, у якіх дзеці прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы, займаюцца рэабілітацыяй непаўналетніх, комплекснай прафілактычнай работай з дзецьмі. «У нас шмат выязных мерапрыемстваў, разнастайныя экскурсіі, наведванні тэатраў, музеяў. Нашы дзеці праходзяць медыцынскае абследаванне, і не заўсёды ў адной паліклініцы — трэба ездзіць па розных установах аховы здароўя. Раней мы ездзілі на грамадскім транспарце, што не надта зручна. Таму пытанне са сваім транспартам стаяла вельмі востра, — адзначае Іна Канцавенка. — У Заводскім раёне яшчэ ёсць спецыяльная школа-інтэрнат № 10 для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, і, вядома, мы будзем дзяліцца аўтобусам».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю