Пастаўлена задача забяспечыць да 2040 года ўзровень выкарыстання адходаў вытворчасці і спажывання не менш за 90 %.
Празрыстыя схемы
У Беларусі штогод утвараецца прыкладна 4-5 мільёнаў тон цвёрдых камунальных адходаў і каля 50-60 мільёнаў тон адходаў вытворчасці. Ільвіную іх долю пры разумным падыходзе можна паўторна задзейнічаць і зберагчы вялікую колькасць прыродных рэсурсаў.
У нашай краіне збор адходаў спажывання і іх падзел па відах ажыццяўляецца вытворцамі такіх адходаў, а менавіта — фізічнымі асобамі на ўмовах эксплуатацыі жыллёвага фонду альбо юрыдычнымі асобамі, якія вядуць іх выдаленне, адзначыла начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга САЗОНАВА.
— У адпаведнасці з заканадаўствам мясцовыя органы распрацоўваюць схемы абыходжання з камунальнымі адходамі па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды, а таксама ўпаўнаважанымі органамі і ўстановамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд. У цяперашні час распрацавана каля 130 такіх схем. Яны ўтрымліваюць інфармацыю аб парадку збору і выдалення камунальных адходаў з указаннем спосабу іх збору. Гэта альбо кантэйнеры, альбо спецыяльныя бункеры вялікай ёмістасці. Паказваюцца таксама пункты прыёму, перыядычнасць вывазу камунальных адходаў.
Узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў штогод расце, і ў 2025-м склаў прыкладна 49 %.
Парадак збору і захоўвання адходаў вытворчасці рэгламентуе інструкцыя, якая распрацоўваецца суб’ектамі гаспадарання. Узровень іх выкарыстання ў 2025 годзе склаў каля 31 %, а без уліку буйнатанажных адходаў, на якія прыпадае каля 70 % усіх адходаў вытворчасці, — 96 %.
Агульны паказчык зніжаюць, у прыватнасці, адходы вытворчасці калійных і фосфарных угнаенняў, ачысткі сцёкавых вод. Паколькі па іх перапрацоўцы адсутнічаюць эфектыўныя тэхналогіі, яны працягваюць назапашвацца.

Інфраструктура і не толькі
З улікам таго, што адным з прыярытэтаў у сферы абыходжання з адходамі з’яўляецца іх максімальнае ўцягванне ў грамадзянскі абарот, вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню адпаведнай інфраструктуры.
У спецыяльным рэестры Мінпрыроды зарэгістравана каля 1200 аб’ектаў па выкарыстанні розных відаў адходаў. Дзейнасць каля 50 з іх звязана з адходамі паперы і кардону, 30 займаюцца адходамі шкла, больш за 150 — рознымі відамі палімерных адходаў, 20 — зношанымі шынамі, каля 10 — адходамі электрычнага і электроннага абсталявання.
Прыкладаў выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў сёння можна прывесці шмат. Так, з адходаў пластыку ў асноўным вырабляюць гранулы, якія затым ідуць на вытворчасць тавараў народнага спажывання, — гэта трубы, плёнкі і іншыя віды прадукцыі. З будаўнічых адходаў атрымліваецца другасны шчэбень, які таксама выкарыстоўваецца для падсыпкі дарог. Здробленыя гумазмяшчальныя адходы ідуць на вытворчасць гумовага пакрыцця для дзіцячых пляцовак, пліт, спартыўных матаў і г. д.

Мэтанакіраваныя планы
Падпраграма «Мэта-99» прадугледжвае ўзвядзенне да канца 2030 года сямі прадпрыемстваў і падрыхтоўку праектнай дакументацыі па двух заводах па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў. Плюс узвядзенне двух аб’ектаў па сартаванні ў Жлобінскім і Светлагорскім раёнах, стварэнне двух аб’ектаў па выкарыстанні RDF-паліва пры вытворчасці цэменту ў Магілёўскай вобласці.
За гэты час неабходна стварыць 13 пляцовак кампаставання арганічнай часткі камунальных адходаў, чатырох цэнтраў па паасобным зборы цвёрдых камунальных адходаў у Мінску, Пухавічах, Гомелі і Віцебску. Прадугледжваецца таксама ўзвядзенне і рэканструкцыя сямі палігонаў для пахавання цвёрдых камунальных адходаў.
Па словах Вольгі Сазонавай, у стратэгіі вызначана адзіная глабальная мэта — забеспячэнне да 2040 года ўзроўню выкарыстання адходаў вытворчасці і адходаў спажывання не менш за 90 %. У дакуменце ўстаноўлены канкрэтныя мэтавыя паказчыкі па асноўных групах адходаў, вызначаны рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, адказныя за дасягненне мэтавых паказчыкаў. Напрыклад, да 2030 года неабходна дасягнуць узроўню выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў не менш за 70 %, па ачыстках сцёкавых вод — 60 %.
Прадугледжваецца ўвядзенне загараджальных механізмаў у дачыненні да вытворчасці і ўвозу прадукцыі, адходы ад выкарыстання якой не падлягаюць перапрацоўцы альбо іх перапрацоўка цяжкая. Зацверджана праграма распрацоўкі дзяржаўных стандартаў нашай краіны ў галіне ўстанаўлення патрабаванняў да ўпакоўкі, якія забяспечваюць магчымасць перапрацоўкі пасля страты ёю спажывецкіх уласцівасцяў.
Вольга Сазонава растлумачыла, што ўцягванне адходаў у гаспадарчы абарот з’яўляецца важным элементам развіцця цыркулярнай эканомікі.
— Другасная перапрацоўка дазваляе нам скараціць колькасць адходаў, якія вывозяцца на палігоны, тым самым зніжаецца нагрузка на навакольнае асяроддзе, утвараецца менш парніковых газаў. І ў цэлым гэта дазваляе значна эканоміць прыродныя рэсурсы.
Сяргей КУРКАЧ