Вядзецца падрыхтоўка праекта новай дырэктывы аб развіцці адносін з Кітаем, і гэты дакумент павінен быць максімальна канкрэтным. Пра гэта расказаў журналістам першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях развіцця супрацоўніцтва з Кітаем, перадае БелТА.
«Гэта стратэгія супрацоўніцтва назаўжды. Але (цяпер. — Заўв. БелТА) час канкрэтных спраў, і для Кітая таксама. Патрабаванне кіраўніка краіны, што дырэктыва павінна быць максімальна канкрэтная, алічбаваная, з адказнымі за выкананне вынікаў і планаў кіраўнікамі і, больш за тое, з кантролінгам не праз 5 гадоў, а штогод», — сказаў Мікалай Снапкоў.
Ён падкрэсліў, што Прэзідэнтам выразна пазначаны галоўны прынцып работы з Кітаем і ён дзейнічае ўжо на працягу многіх гадоў: гэты стратэгічны напрамак супрацоўніцтва для Беларусі назаўжды.
Раней у Беларусі былі прынятыя ўжо дзве прэзідэнцкія дырэктывы па развіцці адносін з Кітаем. Першая — на 2015—2021 гады. Яе лагічным працягам стала дырэктыва на 2021—2025 гады. Дакумент быў накіраваны на далейшае паглыбленне стратэгічнага партнёрства Беларусі з Кітаем па шырокім спектры напрамкаў.
Аляксандр Лукашэнка на праведзенай нарадзе падкрэсліў, што задачы ў новую дырэктыву трэба прапісваць і ў штуках, і ў кілаграмах. Але ў гэтым стратэгічным дакуменце трэба ставіць генеральныя мэты. Напрыклад, нарасціць долю Кітая ў сукупным экспарце Беларусі. «У ідэале — да двухзначных лікаў. Вось гэта будзе якасная змена, — адзначыў Прэзідэнт. — А канкрэтныя лічбы ў разрэзе арганізацый і тавараў — адказнасць урада».