Top.Mail.Ru
86

Стратэгію барацьбы з туберкулёзам мяняюць у Беларусі

Стратэгію барацьбы з туберкулёзам мяняюць у Беларусі, паведаміла журналістам дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пульманалогіі і фтызіятрыі, галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Краткова, перадае БелТА.


«Мы пераходзім ад стратэгіі барацьбы толькі з актыўнымі формамі да стратэгіі татальнага кантролю над інфекцыяй у папуляцыі. Сёння мы працуем над сучаснымі пратаколамі дыягностыкі і лячэння туберкулёзнай інфекцыі», — сказала Алена Краткова.

Галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя патлумачыла, што сказанае азначае на практыцы. Паводле яе слоў, задача будзе заключацца ў тым, каб выявіць чалавека, які інфікаваны мікабактэрыямі, але яшчэ не хворы, а значыць, не небяспечны для навакольных, і правесці на гэтым этапе курс прэвентыўнай хіміятэрапіі. Мэта такога лячэння заключаецца ў зніжэнні рызыкі развіцця туберкулёзу ў выніку актывацыі інфекцыі. Гэта дазволіць знізіць верагоднасць пераходу інфекцыі ў хваробу. 

«Гэта, бадай, самы гуманны і эканамічна эфектыўны спосаб разарваць ланцужок перадачы інфекцыі і абараніць будучыя пакаленні», — адзначыла Алена Краткова.

Яшчэ адзін напрамак, над якім працуюць беларускія фтызіятры, — удасканаленне схем лячэння і ўкараненне персаналізаванай медыцыны. «Мы ўважліва сочым за сусветнымі трэндамі і актыўна ўдзельнічаем у міжнародных даследаваннях. Сучасныя падыходы дазваляюць скараціць тэрміны лячэння і павысіць яго эфектыўнасць нават пры самых складаных выпадках захворвання. Асаблівая ўвага — асобам са спалучанай паталогіяй, камарбіднасцю, якіх становіцца ўсё больш», — патлумачыла дырэктар Цэнтра.

Яна адзначыла, што перад галіной аховы здароўя стаяць амбіцыйныя, але абсалютна дасягальныя мэты, якія пастаўлены дзяржавай і вызначаны мэтамі ўстойлівага развіцця — выкараненне туберкулёзу як эпідэміі да 2030 года. І Беларусь паслядоўна рухаецца да гэтага.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю