Сапраўдныя шэдэўры беларускай народнай творчасці ўпрыгожылі павільён Рэспублікі Беларусь на ВДНГ у Маскве. 3 лістапада тут адкрылася выстава «Жывая спадчына Беларусі: традыцыі і сучаснасць» з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, перадае БелТА.
«Нацыянальны мастацкі музей Беларусі мае не толькі выдатную калекцыю жывапісу, графікі, скульптуры, але і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якую пачаў збіраць яшчэ першы дырэктар Дзяржаўнай галерэі БССР у 1939 годзе Мікалай Міхалап», — адзначыла генеральны дырэктар музея Ірына Мацяс. У Маскву прыехалі народныя беларускія строі, якім ужо больш за сто гадоў, неглюбскія ручнікі, выцінанкі, вырабы з саломкі і лазы, кераміка. «Гэта тое, што мае статус культурнай спадчыны ЮНЕСКА і займае дастойнае месца ў нашым фондзе», — звярнула ўвагу яна.
Паводле слоў Ірыны Мацяс, асаблівы сэнс экспазіцыі надае тое, што яна прымеркавана да Года беларускай жанчыны. «Народнае мастацтва шмат у чым захоўвалася і перадавалася менавіта жанчынай — маці, майстрыхай, настаўніцай. Жанчына стварала строй, ткала, вышывала, ляпіла, распісвала, вучыла дзяцей бачыць і шанаваць прыгажосць. У традыцыйным строі, арнаменце, рамястве адлюстраваны вобраз жанчыны-стваральніцы, захавальніцы дамашняга ачага і культурнай памяці», — адзначыла кіраўнік музея.
«Вобраз жанчыны-стваральніцы і жанчыны-захавальніцы сямейнага ачага, маральных і этнічных арыенціраў трывала ўплецены ў культурны код беларускага народа, — адзначыла на цырымоніі адкрыцця выставы саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі Дар’я Шманай. — І сучасная беларуска гарманічна злучае гэтыя векавыя каштоўнасці з актыўнай грамадзянскай і прафесійнай дзейнасцю. Рэспубліка Беларусь паслядоўна падтрымлівае гэту лінію, робіць акцэнт на мацярынстве, умацаванні аўтарытэту жанчын у грамадстве і прызнанні іх ключавой ролі ў абароне культурных і духоўных каштоўнасцей краіны».
«Каштоўнасці кожнага беларуса — міралюбнасць, добрасуседства, працавітасць і павага да роднай зямлі. Мы — нацыя са старажытнай гісторыяй, і сваю дзяржаўнасць будуем на прынцыпах беражлівых адносін да гістарычнай і культурнай памяці нашага народа. Усё, што стваралася на роднай зямлі сотні гадоў таму, і ўсё, што мы сёння імкнёмся захаваць — старадаўнія абрады, святы — гэта і ёсць нашы карані. Гэта аснова асноў, гэта наша душа, без спадчыны продкаў нас няма як народа, як дзяржавы. Захаванне гістарычнай памяці — гэта адзін з галоўных прыярытэтаў нацыянальнай палітыкі Беларусі», — падкрэсліла Дар’я Шманай.
Наведвальнікі выставы змогуць не толькі палюбавацца беларускім традыцыйным мастацтвам, але і самі паспрабаваць нешта стварыць: у дні работы экспазіцыі беларускія мастацтвазнаўцы правядуць майстар-класы па асновах народных промыслаў.