Top.Mail.Ru

«Сцэнаграфія пакажа самыя яркія старонкі ў гісторыі фестывалю». Як зменіцца Летні амфітэатр

На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ідзе мантаж абсталявання. У дырэкцыі фестывалю расказалі якія тэхнічныя рашэнні здзівяць гледачоў і артыстаў у гэтым годзе.


Галоўная канцэпцыя афармлення сцэны Летняга амфітэатра — адсылка да гісторыі фестывалю, яго летапісу, які яркімі фарбамі пісаўся на працягу 34 гадоў. «На сцэне будуць зманціраваны больш за 20 святлодыёдных экранаў, што будуць асацыіравацца са скрыжалямі, берасцяной граматай, рукапіснымі дзённікамі — гэта своеасаблівая паралель з гістарычнымі дакументамі, у якіх захаваны ўвесь шлях у гэтым выпадку нашага шматграннага фестывалю. Абсталяванне мяняецца кожны год, удасканальваецца, і ўстанаўліваюць яго і суправаджаюць на працягу ўсіх мерапрыемстваў выключна беларускія спецыялісты. Мы спадзяёмся, што гледачы, якія даўно назіраюць за „Славянскім базарам“, змогуць ацаніць новы дызайн галоўнай канцэртнай пляцоўкі форуму мастацтваў. Уся сцэнаграфія дапаможа паказаць самыя яркія старонкі ў развіцці фестывалю», — падкрэслілі ў дырэкцыі.


У гэтым годзе ўстановяць і подыум, які будзе выходзіць у глядзельную залу. Гэты элемент сцэны добра зарэкамендаваў сябе за некалькі апошніх фестываляў. Канструкцыі, што ўзнімаюцца, выклікаюць у публікі вялікае ўражанне і робяць шоу эфектным і сапраўды незабыўным. «Артыстам вельмі спадабалася гэта тэхнічнае рашэнне, таксама як і публіцы, гэта стварае адчуванне прысутнасці выканаўцы. Тут таксама будуць навінкі, якія не хацелася бы раскрываць да пачатку фестывалю», — адзначылі ў дырэкцыі.


Акрамя таго, ёсць задумка паўтарыць інтэрактыў з глядзельнай залай, але гэта пакуль таксама сюрпрыз для тых, хто апынецца ў абноўленым Летнім амфітэатры. У мінулым годзе, напрыклад, выкарыстоўваліся спецыяльныя бранзалеты, якія свяціліся ў цемнаце і стваралі пры руху рук адчуванне ззяючага начнога мора. Чым здзівяць публіку ў гэтым годзе, жыхары і госці фестывальнай сталіцы даведаюцца ўжо на канцэртах «Славянскага базару».


XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 16 па 19 ліпеня. Першыя канцэрты на розных пляцоўках стартуюць ужо з 14 ліпеня.




arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю