Top.Mail.Ru

Сцежкамі знакамітага земляка

Бацькаўшчыну, малую радзіму народнага артыста Беларусі, кінарэжысёра, сцэнарыста Міхаіла Пташука ў дзень яго нараджэння наведалі члены літаратурна-музычнай гасцёўні «Крыніца», што працуе пры Баранавіцкай цэнтральнай бібліятэцы імя Яна Чачота.


У Конькаўскай школе, вестыбюль якой упрыгожваюць фотаздымкі знакамітых вучняў — народнага артыста Міхаіла Пташука і паэта Алеся Бадака — гасцей сустракалі яе дырэктар, настаўнікі, вучні, аднавяскоўцы.

На другім паверсе школы створаны невялічкі музей з матэрыяламі пра жыццё і творчасць кінарэжысёра, з каштоўнымі фотаздымкамі.
Дачка вялікага майстра Ліка Міхайлаўна Пташук на гэты раз не змагла прыехаць на вечарыну памяці бацькі, але не так даўно разам з пляменніцамі Міхаіла Мікалаевіча Святланай і Тамарай яны пабывалі ў школе 

№ 13 г. Баранавічы, якая носіць імя народнага артыста; з вучнямі, настаўнікамі, членамі літаратурна-музычнай гасцёўні, народным вакальным ансамблем «Прымавэра» ды іншымі наведалі хату (цяпер — музей), дзе нарадзіўся і вырас будучы класік беларускага кіно, спыніліся каля крыжа, пастаўленага ў яго памяць.

Вечарына «Ясна свеціць зорка Пташука» праходзіла тады ў цэнтральнай бібліятэцы г. Ляхавічы. Адкрываў яе настаўнік Мікалай Мікалаевіч Піліпчык (які назірае, дарэчы, і за хатай-музеем). Школьніцы Валерыя Пстыга і Уладзіслава Вітко расказалі пра жыццёвы і творчы шлях знакамітага земляка, а госці, члены літаратурна-музычнай гасцёўні «Крыніца» прысвяцілі яму ўласныя творы.

З вялікай увагай і задавальненнем прысутныя слухалі аўтарскія песні (у тым ліку і на словы Раісы Раманчук), вершы Ларысы Глеб. Мера-
прыемства прайшло ў шчырай сяброўскай атмасферы на роднай беларускай мове.

Міхаіл Пташук, як адзначалася ці не кожным выступоўцам, любіў сваю сям’ю, сваю малую Радзіму, сваю Беларусь. Яго жыццё — гэта прыклад, безумоўна, варты пераймання.

Аліна Галіцкая, магістр эканомікі
г. Баранавічы

Фота kinogrodno.by.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю