Сцяг, захаваны падпольшчыкамі Заходняй Беларусі цаной жыцця нават падчас вайны, — адзін з артэфактаў, выяўленых калекцыянерам Уладзімірам Ліхадзедавым і прадстаўленых на выстаўцы «У пошуках страчанага: вяртанне», арганізаванай сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук, у сценах якой яе зможа пабачыць кожны.
У экспазіцыі — старажытныя кнігі і дакументы, работы з графічнай серыі мастака Васіля Верашчагіна «1912 год», а таксама выданні 1921–1939 гадоў з бібліятэк Заходняй Беларусі з адпаведнымі штампамі, якія дапамагаюць раскрыць драматычны перыяд беларускай гісторыі. Частка экспанатаў таксама можа заняць месца ў сценах новага Нацыянальнага музея.

— Больш за 10 гадоў мы актыўна супрацоўнічаем з Нацыянальнай акадэміяй навук па выяўленні, вяртанні культурных і гістарычных каштоўнасцяў нашай краіны, — адзначыў даследчык і калекцыянер Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ. — Многія каштоўнасці былі вывезены не толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але і ў гады Першай сусветнай, а таксама ў іншыя перыяды, у тым ліку падчас развалу Савецкага Саюза. Па выніках праекта вярнулі, вывучылі некалькі тысяч прадметаў, якія з’яўляюцца часткай нашай гістарычнай спадчыны. Плануем іх перадачу ў арганізацыі навукі і культуры Беларусі, а таксама ва ўстановы Беларускай праваслаўнай царквы. Галоўны экспанат — сцяг 1939 года — быў прадстаўлены на сцэне ў Дзень народнага адзінства падчас выступлення кіраўніка дзяржавы. І гэта самая высокая ацэнка нашай працы.

Многія знойдзеныя артэфакты перадаюцца для выкарыстання ў экспазіцыях ці ў адукацыйных мэтах. Гэта ўнікальныя кнігі для бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук, Мінскай духоўнай акадэміі, для Куцеінскага манастыра. Ён адраджаецца ў Оршы, дзе існавала адна з першых друкарняў на тэрыторыі Беларусі. Менавіта туды вернецца выданне «Трыфалагіён» 1647 года, якое ўдалося знайсці ў цудоўным стане.
Але многія з выстаўленых экспанатаў патрапяць у экспазіцыю Нацыянальнага музея. Галоўны з іх — сцяг 1939 года, знойдзены на Беласточчыне, дзе яго ў гады ліхалеццяў змаглі захаваць цаной жыцця. Для нас сёння ён падаецца незвычайным па выяўленні. Даследчыкі пацвердзілі яго сапраўднае паходжанне і год (гэта пазней прыйшлі да аднастайнасці, калі ў аздабленні герба сталі выкарыстоўваць толькі кветкі лёну, без бутонаў). Яшчэ адзін артэфакт — партатыўная друкарская машынка, на якой рабілі лістоўкі як падпольшчыкі-заходнікі, так і ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Даследчыкі ўпэўненыя: такія артэфакты дазволяць найлепш зразумець той перыяд, захаваць гістарычную памяць, пра якую нагадаў і старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір КАРАНІК.
— Гісторыя, пацверджаная фактамі, музейнымі экспанатамі, найбольш закранае ўнутраныя струны душы чалавека, — падкрэсліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. — Гэта сігнал іншым калекцыянерам, каб прадметы, якія маюць каштоўнасць, маглі бачыць суайчыннікі. А можна пайсці і яшчэ далей...
Па словах міністра культуры Марата МАРКАВА, экспазіцыя Нацыянальнага музея ўжо рыхтуецца на працягу некалькіх месяцаў:
— У майстэрнях мастакоў ствараецца каля 500 розных інсталяцый — гэта працаёмкі працэс. Падрыхтавана ўсё неабходнае для мультымедыйных прэзентацый. Мы разумеем ступені адказнасці. Працуе мастацкі савет пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Вячаслава Даніловіча.

Кожны экспанат павінен быць гістарычна вывераны, падкрэсліў міністр:
— Мы не маем права на памылкі. Працэс адбору экспанатаў ідзе ў адпаведнасці з распрацаванай навуковай канцэпцыяй. Марат Маркаў звярнуўся да людзей, якія, як і Уладзімір Ліхадзедаў, маюць у сваіх калекцыях рарытэты, што могуць стаць часткай часовых або пастаяннай экспазіцыі новага музея:
— Я лічу, што Нацыянальны музей павінен быць створаны талакой — усім беларускім народам.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА