«Энергетык» на «цаліне»
Працоўны семестр сёлета стаў першым для рэспубліканскага міжпрофільнага праекта «Энергетык» у ААТ «Мінскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова». Пяць студэнцкіх атрадаў з 62 хлопцаў і дзяўчат цяпер працуюць на гэтай вытворчасці. Студэнты расказалі аб рабоце ў новым для іх калектыве.
«Студатрады на заводзе чакалі і прынялі сардэчна. «Моладзь задзейнічана непасрэдна на вытворчасці — як тэхнікі, якія займаюцца фатаграфіяй рабочага часу, і падсобныя рабочыя ў цэхах зборкі трансфарматараў, — тлумачыць камандзір працоўнага праекта «Энергетык-2025» Іван РУСІН. — Таксама студэнты працуюць у сталовай. Працоўныя будні ў іх пачаліся 7 ліпеня і працягнуцца да 23 жніўня. Мы кожны год пашыраем колькасць падобных праектаў. Наогул, маладым людзям падабаецца тут працаваць. Яны дзеляцца думкамі, што калектыў тут добры, работнікі заўсёды гатовы дапамагчы, падказаць, і мы спадзяёмся, што „Энергетык“ будзе дзейнічаць яшчэ не адзін год».
З дзіцячага лагера на завод
На прадпрыемстве працуюць студатрадаўцы з Палескага і Баранавіцкага дзяржаўных універсітэтаў, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. З 62 студэнтаў на заводзе 13 дзяўчат. З адной з іх мы пазнаёміліся ў сталовай. Ксенія Рудзякова вучыцца ў БарДУ і ў будучыні стане выхавацелем дашкольнай адукацыі. «У гэтым годзе я скончыла трэці курс, ужо трэцяе лета праводжу ў студэнцкіх атрадах. Папярэднія два разы працавала ў дзіцячым аздараўленчым лагеры „Будаўнік“ у Баранавічах. Яшчэ ў мінулым годзе хацела паспрабаваць сябе ў вытворчым атрадзе, але тады не атрымалася паехаць на „цаліну“ на два месяцы», — падзялілася дзяўчына.
- «Цаліной» у студатрадах называюць трэці працоўны семестр, і з кожным годам усё больш хлопцаў і дзяўчат далучаецца да гэтага руху, становіцца часткай вялізнай студэнцкай сям’і. «Гэта новы вопыт. Напрыклад, цяпер я працую ў цэху грамадскага харчавання і амаль кожны дзень раблю нешта новае для сябе. Але асноўная праца — на раздачы ў буфеце. Мне падабаецца, бо дзе яшчэ я магу паспрабаваць сябе ў ролі прадаўца на касе? — распавяла Ксенія. — Цяжка было толькі ў першы дзень — не ад складанасці работы, а ад адсутнасці досведу і неразумення сваіх задач. Новыя калегі вельмі класныя, нас адразу ветліва прынялі, дапамагаюць і падказваюць. Я прачынаюся ў 4.45, каб паспець сабрацца, паснедаць і прыйсці на змену да 6.30. Мы прыязджаем заўсёды загадзя, каб пераапрануцца і да пачатку працоўнага дня заняць сваё месца. Цяжка было ў першыя некалькі дзён, а потым прывыклі».
«Ведаеце, мы ж працуем не толькі для атрымання вопыту, але і за зарплату, — гаворыць студэнтка. — І гэтым разам хачу купіць сабе сёе-тое. Мне ўжо 20 гадоў, і прасіць у мамы грошай на дарагую „хацелку“ сорамна. Дапусцім, я хачу тэлефон і разумею, што магу самастойна на яго зарабіць. Яшчэ заўсёды адкладваю на пачатак навучальнага года, каб прыкупіць адзенне і тую ж канцылярыю».

Ксенія Рудзякова — ужо вопытны баец студатрадаўскага руху, але яе да гэтага часу радуюць і ўражваюць усе мерапрыемствы, якія праходзяць унутры праекта. «Усё гэта вельмі цікава. Сядзім, рыхтуемся, думаем, як паказаць гэту тэму, як расказаць, — і за абмеркаваннямі і прыдумкамі не заўважаем, як ужо ўначы выразаем дрэва з кардона, упрыгожваем яго. Нават нягледзячы на тое, што рана ўставаць, быццам адкрываецца другое дыханне, хочацца тварыць, — адзначыла яна. — У нас яшчэ і вольны час ёсць, каб пагуляць па горадзе, паглядзець сталіцу».
Камфортна і цікава працаваць у калектыве
Студэнт БарДУ Вадзім Глябко вельмі рады, што трапіў менавіта ў гэты праект і цяпер працуе на электратэхнічным заводзе. «Тут сяброўская і вясёлая атмасфера. І кажу я не толькі аб байцах студатрадаў, але і аб работніках прадпрыемства. З імі вельмі камфортна працаваць. Усе спагадныя, дапамагаюць кожны раз, калі мы нешта пытаемся, самі падыходзяць і прапаноўваюць дапамогу, падказваюць, як сабраць які-небудзь крапеж, — расказвае хлопец. — Працуем мы па большай частцы падсобнымі рабочымі, але і як робяць трансфарматары, нам таксама паказваюць, тлумачаць прынцып іх зборкі».
«Вядома, я мог бы не працаваць, а проста адпачываць летам, але вырашыў далучыцца да студатрадаўскага руху, бо гэта бясцэнны вопыт. А яшчэ ў працоўнай кніжцы ўжо будзе адзнака, што я працаваў. Гэта ж вялікі плюс, — адзначыў Вадзім Глябко. — Немалаважнай для мяне з’яўляецца магчымасць зарабіць уласнай працай. Прыходзіць разуменне таго, што ўвогуле такое зарабляць грошы, працаваць. А потым яны і трацяцца з гонарам. Заробленае гэтым летам патрачу на навучанне — хачу атрымаць пасведчанне кіроўцы»

Вадзім расказвае, што ў байцоў ёсць магчымасць не толькі працаваць і зарабляць, але і адпачываць, весяліцца, спаборнічаць з іншымі студатрадаўцамі. «З нядаўняга мне спадабаўся конкурс цалінных лагераў. Там кожнаму атраду давалі сваю тэму, яе неабходна было абыграць і прадставіць кароценькі паказ. Нам дасталася Месапатамія. Мы рыхтаваліся, рабілі дэкарацыі. У выніку ўсё было вельмі прыгожа, а мы атрымалі вялікае задавальненне і ад працэсу падрыхтоўкі, і ад самога конкурсу, — падзяліўся ён. — Шмат і спартыўных спаборніцтваў — вось хутка будуць па настольным тэнісе. Усё вельмі прадумана, арганізавана. Тыя ж спартыўныя мерапрыемствы праходзяць на выхадных, каб мы маглі паўнавартасна адпачыць пасля працоўнага тыдня».
Карысныя навыкі
Кацярына Герасімчык сёлета скончыла другі курс факультэта эканомікі і фінансаў ПалесДУ па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве» і сваё другое студэнцкае лета вырашыла правесці ў студатрадзе. «На заводзе я займаюся фатаграфіяй працоўнага дня, гэта значыць, запісваю кожны рух работніка — што ён робіць і колькі часу траціць на гэту працу. Складанасць працы можна расцэньваць па-рознаму, усё залежыць ад сітуацыі. Але галоўнае — гэта адказнасць. Бо пахадзіць і паназіраць за работнікам, на першы погляд, досыць лёгка, але можна збіцца ў падліку таго ж часу. Месцамі праца бывае манатоннай, і тады становіцца складана канцэнтравацца. Такі досвед карысны, ён абавязкова спатрэбіцца мне ў будучыні», — расказала студэнтка.
- «Я ўпершыню ўдзельнічаю ў студатрадаўскім руху. Гэта для мяне нейкі свой свет — цікавы і насычаны. Ёсць магчымасць пра нешта даведацца, знайсці новых знаёмых. Тым больш для мяне атрымалася маленькае падарожжа ў сталіцу, а я люблю вандраваць, — падзялілася Кацярына. — Не менш важнай часткай з’яўляецца і заробак. Усё ж такі працоўныя канікулы больш карысныя, чым калі б я проста сядзела дома. Грошы планую аддаць маме, бо так і не вырашыла, на што мне хацелася б іх патраціць. Тым больш я вучуся на платнай аснове, таму гэта таксама спосаб дапамагчы і аддзячыць бацькам».
Студэнтка дадала, што, нягледзячы на стомленасць пасля працоўнага дня, яна заўсёды з задавальненнем удзельнічае ў студатрадаўскіх конкурсах. «Спачатку праца, потым весялімся ўсе разам, і, вядома, да ночы адчуваецца стомленасць. Але яна прыемная, бо заўсёды ёсць разуменне,
што ты пражыў гэты дзень нездарма. Не шкадую, што вырашыла ўлетку папрацаваць. Я асвойваю шмат карысных для сябе навыкаў: навучылася рабіць разлікі, прадумана размяркоўваць свой час, а таксама больш правільна выказваць свае думкі і размаўляць з людзьмі. Яшчэ набыла самакантроль», — гаворыць дзяўчына.
Паводле БелТА
Даслоўна
Намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Мінскага электратэхнічнага завода Аляксандр ДРОЖЖА расказаў, што супрацоўніцтва са студэнцкімі атрадамі для прадпрыемства з'яўляецца выгадным праектам. «Акрамя тых станоўчых момантаў, пра якія мы заўсёды гаворым, абмяркоўваючы студатрады, гэта практычная карысць для прадпрыемстваў ад выкананай работы маладымі людзьмі, а таксама фінансавая выгада для саміх хлопцаў і дзяўчат. Бачу, што гэта яшчэ і праверка кваліфікацыі кіраўніка — як ён зможа ўвесці маладых людзей у калектыў, зацікавіць. Таксама гэта праверка асабістых якасцяў саміх студэнтаў: як яны праяўляюць актыўную жыццёвую пазіцыю і ініцыятыву, імкненне да развіцця і здольнасць да калектыўнай работы», — рэзюмаваў Аляксандр Дрожжа.