Top.Mail.Ru

Студатрад «Спадчына» ўдзельнічаў у рэстаўрацыі збудаванняў Брэсцкай крэпасці

Будаўнічы студэнцкі атрад БрДТУ «Спадчына» імя Героя Савецкага Саюза П. М. Машэрава ўзяў удзел у рэстаўрацыі збудаванняў у Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». У яго складзе —дзінаццаць юнакоў і адна дзяўчына. Усе яны вучацца на 2–4 курсах архітэктурна-будаўнічага факультэта.


На працягу двух тыдняў рабочы дзень у маладых людзей пачынаўся а восьмай гадзіне раніцы. Яны выконвалі агульнабудаўнічыя работы, дэмантаж цагляных перагародак, падлогавых пакрыццяў і займаліся прыборкай памяшканняў ад смецця.

Як адзначыў першы сакратар Брэсцкага ГА «БРСМ» Юрый Сегянюк, усе гэтыя задачы моладзь выконвала з цікавасцю: «Па заканчэнні змены ўдзельнікі будатрада вярнуліся дадому іншымі людзьмі, паводле маіх назіранняў. Калі яны толькі-толькі пачыналі працаваць, то не да канца, верагодна, разумелі, наколькі адказная і важная задача стаіць перад імі. Прайшоў час — і, адпаведна, прыйшло ўсведамленне, што яны не проста працуюць на будоўлі, а ўдзельнічаюць у аднаўленні гісторыі тых будынкаў, якія пабачылі вайну, а таксама аддаюць даніну павагі абаронцам крэпасці».

Сакратар ПА ГА «БРСМ» Багдан Дарчыч выказаў меркаванне, што прадстаўнікі студэнцкай моладзі вельмі адказна ставіліся да любых даручэнняў: «Будаўнічы атрад «Спадчына» працаваў не толькі на тэрыторыі Паўднёвых казармаў «Мемарыяльнага комплексу „Брэсцкая крэпасць-герой“, але і на аб’ектах адукацыйна-аздараўленчай установы „Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі“ на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці ў рамках Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Маладыя людзі бачаць на свае вочы, як вельмі запушчаныя аб’екты ўласнымі рукамі прыводзяцца ў парадак. Гэта іх матывуе не спыняцца на дасягнутым».

Ён дадаў, што моладдзю, якая бярэ ўдзел у такіх мерапрыемствах, кіруе не жаданне зарабіць, а магчымасці і вопыт. «Яны ганарацца, што змаглі прыкласці намаганні дзеля выканання работ на такіх значных для Радзімы аб’ектах».

Майстар студэнцкага атрада БрДТУ «Спадчына» імя Героя Савецкага Саюза П. М. Машэрава Антон Грушэўскі падзяліўся ўласнымі ўражаннямі ад удзелу ў будаўнічых работах: «Кожны дзень мы раніцай прыязджалі на працу і адпраўляліся выконваць пастаўленыя кіраўнікамі задачы. Займаліся дэмантажом сцен, перакрыццяў, драўляных падлог. Для таго каб стаць часткай атрада, неабходна было прайсці адбор, які складаўся з фізічных і інтэлектуальных заданняў. Затым мы з камандай праходзілі пасвячэнне на пэўную пасаду: майстра, камісара ці байца. Я вельмі цаню гэты вопыт і заўсёды з задавальненнем удзельнічаю ў такіх мерапрыемствах з-за атмасферы. Яна ў нас вельмі сяброўская».

На дасягнутым будаўнічы студэнцкі атрад БрДТУ «Спадчына» спыняцца не збіраецца. Упэўненыя, наша моладзь будзе працягваць аднаўленне значных месцаў у нашай краіне.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю