Відавочна, што чацвёртакурснік факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Станіслаў ШЧАГЛЯК не памыліўся з выбарам спецыяльнасці, па якой навучаецца ў ВНУ. Нядаўна ён заняў першае месца ў вышэйшай лізе турніру
«Кубак РТК Вышэйшая ліга: Мінск», які праходзіў у Мінску. Спаборнічаў у індывідуальным заліку, але ва «ўзнагародным лісце» значыцца як прадстаўнік каманды «Шэршань».
Аднак хлопец ён неагрэсіўны і нікога не збіраецца кусаць, а канкурэнтаў мае намер перамагаць выключна з дапамогай навыкаў і ведаў, арсенал якіх працягвае актыўна папаўняць.
Любоў з маленства
Цікавасць да робататэхнікі ў Станіслава Шчагляка з’явілася яшчэ ў пачатковай школе. У трэцім класе ён стаў наведваць гурток па гэтым кірунку. Удзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы. Першыя асновы робататэхнікі атрымаў на занятках пад кіраўніцтвам Максіма Юр’евіча Паўлючэнкі. Разам з ім узяў удзел і ў першых спаборніцтвах.
У 11-м класе Станіслаў трапіў у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Навучанне ў ім і ўдзел у рэспубліканскім конкурсе навуковых работ навучэнцаў дапамаглі яму развіць навыкі даследчай працы.
— Тэхнапарк навучыў мяне ў першую чаргу навукова-даследчай працы — знаходзіць рэальнае прымяненне сваім праектам, абгрунтоўваць іх мэтазгоднасць, даследаваць альтэрнатывы, — адзначае студэнт.
Праяўляць знаходлівасць
і кемлівасць
Да «Кубка РТК» Станіслаў рыхтаваў робата каля чатырох месяцаў. Былі перапынкі, звязаныя з сесіяй і чаканнем неабходных камплектуючых. Каля трох месяцаў заняла распрацоўка апаратнай часткі, яшчэ месяц — стварэнне праграмы. Тут жа прыйшлося праяўляць знаходлівасць і кемлівасць у працы з дэталямі.
— Можна было зрабіць шасі робата больш простым і за меншы тэрмін, але маёй мэтай была максімальная надзейнасць і стабільнасць, а таксама магчымасць выкарыстоўваць яго ва ўсіх чатырох заданнях спаборніцтваў, — тлумачыць Станіслаў. — Для праверкі здольнасцяў робата я стварыў дома частку трасы, паўтарыўшы на ёй разметку і дарожныя знакі.
Спаборніцтва прадугледжвала тры ўзроўні, і ён выбраў максімальна складаны.
У заданні «Рух па горадзе» робату неабходна было самастойна пракласці аптымальны маршрут па палігоне, дзе былі размешчаны імітацыі гарадскіх будынкаў, дарожных знакаў і аўтобусаў. Робат павінен быў спыняцца на дзве секунды ў зонах пасадкі пасажыраў каля знака «Прыпынак», даязджаць да зоны высадкі, спыняцца перад знакам «Паркоўка». Найбольш складанай часткай для Станіслава стаў выбар маршруту на скрыжаваннях, дзе было некалькі магчымых напрамкаў:
— Няправільны алгарытм можа прымусіць робата трапіць у цыкл і ездзіць па горадзе, пры гэтым ён ніколі не дасягне паркоўкі, альбо зрабіць маршрут залішне доўгім.
Алгарытм, які распрацаваў Станіслаў, дазваляў пазбягаць цыклаў, хоць па працягласці маршрут можна было аптымізаваць яшчэ больш. І студэнт ужо ведае, што хоча змяніць у фінале турніру, які адбудзецца 2–4 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Але ж у паўночнай сталіцы Расіі трэба будзе падвоіць намаганні: дапрацаваць існуючую праграму і падрыхтаваць новую.
Перамога крыецца ў дэталях
Як ужо адзначалася, у мінскіх спаборніцтвах Станіслаў выступіў на максімальным узроўні складанасці і стаў лепшым сярод каля 30 удзельнікаў з Беларусі і Расіі. На яго думку, перамогу забяспечылі два асноўныя фактары — назапашаны вопыт і час, укладзены ў падрыхтоўку.
Станіслаў звярнуў увагу на тое, што многія робаты канкурэнтаў былі створаны за значна меншы час:
— Я ж паспеў прадумаць усё да дробязяў як па апаратнай частцы, так і па праграме.
Для яго ўдзел у робататэхнічных спаборніцтвах — гэта не толькі барацьба за вынік. Найперш ён разглядае такія турніры як магчымасць атрымаць новы практычны досвед і пазнаёміцца з тэхналогіямі.
Вопыт, атрыманы на спаборніцтвах, паводле яго слоў, спатрэбіцца не толькі ў прафесійнай дзейнасці, але і ў асабістых праектах у сферы робататэхнікі, якімі ён займаецца паралельна з удзелам у турнірах.
Выпрабаванні на палігоне «Кубак РТК» праводзіцца з 2013 года. Сёння гэта міжнародныя маладзёжныя робататэхнічныя спаборніцтвы наземных робатаў на спецыяльным тэматычным выпрабавальным палігоне. Іх аўдыторыя расце, таксама істотна пашыраецца геаграфія — за гэты час яны аб’ядналі больш за 7 тысяч удзельнікаў з краін СНД, у тым ліку з Беларусі.
Турнір накіраваны на падтрымку таленавітай моладзі, абмен вопытам і папулярызацыю робататэхнічнай сферы. Арганізатарам выступае Цэнтральны навукова-даследчы і вопытна-канструктарскі інстытут робататэхнікі і тэхнічнай кібернетыкі пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота з ТГ-канала «Кубак РТК»