Top.Mail.Ru

Студэнткі БДУІР распрацавалі VR-дадатак для псіхалагічнай падтрымкі людзей з дэменцыяй і хваробай Альцгеймера

Студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) Дар’я Цецярук і Ганна Баярына прыдумалі бізнес-мадэль VR-дадатку для людзей з дэменцыяй і хваробай Альцгеймера. Пра сваю ідэю яны расказалі БелТА.

Ганна Баярына адзначыла, што з дапамогай VR-акуляраў у людзей з захворваннямі плануюць стымуляваць і візуалізаваць станоўчыя ўспаміны. «Для гэтага ў іх можна загрузіць лакацыі, напрыклад часоў БССР, іх родныя дамы і раёны ў такім выглядзе, якімі яны былі раней, у іх маладосці», — патлумачыла адна з аўтараў праекта.

Сама канцэпцыя была створана першапачаткова для лабараторнай работы. «Трэба было згенерыраваць краўдсорсінгавую платформу, у якой сумяшчаліся б сацыяльная і інавацыйная сферы. Мы перабіралі варыянты і прыйшлі да агульнай задумкі. Наша бізнес-мадэль пачалася з простага задання. Самым складаным пры распрацоўцы быў эканамічны разлік», — падзялілася Дар’я Цецярук.

Студэнтка заўважыла, што сёння ў краіне тысячы чалавек пакутуюць ад гэтых захворванняў. «У нас ёсць знаёмыя, якія сутыкнуліся з гэтай праблемай. Іх вопыт паслужыў нам натхненнем для распрацоўкі праекта. На жаль, ніякага медыкаментознага лячэння няма, але мы вырашылі прыдумаць такі прадукт, які дапаможа знізіць трывожнасць і спрасціць жыццё. Мы зможам станоўча паўплываць на псіхалагічны стан хворых людзей, а таксама апекуноў і сяброў», — дадала даследчыца.

Сваю ідэю дзяўчаты адправілі на конкурс «Падтрымка маладзёжнай ініцыятывы» ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку і атрымалі грант. «У краіне ёсць айчынныя вытворцы, якія маглі б дапамагчы ўвасобіць наш прадукт у рэальнасць. Мы б вельмі хацелі развіць ідэю, усё залежыць ад нашых фінансавых магчымасцяў і супрацоўніцтва з IT-кампаніямі. Праект пакуль цалкам не запускалі, але прызавая сума пакрые частку выдаткаў», — заключыла Дар’я Цецярук.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю