Гэтым разам былі выкарыстаныя тэхналогіі штучнага інтэлекту і да дыялогу далучыўся першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта. Перш за ўсё Андрэй Кароль падкрэсліў узрастаючую ролю настаўніка ва ўмовах імклівага росту тэхналогій і зменлівага свету. З яго слоў, важна стаць правадніком для вучняў па пошуку імі сваіх моцных якасцяў і місіі.
Камандная работа па распрацоўцы геному сучаснага педагога, фармуляванне яго прафесійных і асобасных якасцяў сталі ключавымі падчас гэтага занятку. Студэнты падзяліліся на чатыры каманды, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі розных педагагічных спецыяльнасцяў: гісторыкі, філолагі, хімікі, географы, біёлагі, матэматыкі, фізікі. Юнакі і дзяўчаты выконвалі заданні, дзе правялі паралель паміж майстэрствам педагогаў розных часоў, але раней для іх арганізавалі экскурсію па гістарычным факультэце і пазнаёмілі з экспазіцыяй айчыннай вышэйшай адукацыі. Важным элементам работы стала параўнанне сваіх уяўленняў са спадчынай першых прафесараў БДУ.
Распрацаваны геном студэнты прадставілі ў выглядзе інтэрактыўных мадэляў. Прыярытэтнымі якасцямі сучаснага педагога студэнты назвалі гнуткасць розуму, навуковы энтузіязм, сумненне ў ведах. Дарэчы, апошняе, згодна з аргументам каманд, звязана з пастаянным самаразвіццём настаўніка і яго бесперапынным пошукам новага і карыснага.
Асаблівую цікавасць выклікаў падыход да стварэння партрэта педагога праз аналіз трансфармацыі форм работы ў 1921-м і 2026 гадах, дзе фундаментальнасць, на думку ўдзельнікаў, змянілася экспертнай навігацыяй, а місіянерства — лічбавай культурай. Лагічную кропку ў тэматычнай дыскусіі паставіў Уладзімір Пічэта, падкрэсліўшы, што праз больш як стагоддзе крыніца ведаў змяніла сваю форму, але не змяніла сваю сутнасць. У сваю чаргу студэнты адзначылі карысны фармат праведзенага занятку, дзе былі рэальная практыка, жывыя зносіны і інтэрактыў.
— Гэты ўрок прапанаваў цікавы і якасны спосаб навучання, які дазваляе раскрыць моцныя бакі вучняў. Я змагла пераасэнсаваць ролю выкладчыка, а занятак стаў стымулам для далейшага развіцця ў педагагічнай дзейнасці, — падзялілася першакурсніца фізічнага факультэта Анастасія Дрангоўская.
Алена ВІНАГРАДАВА