Студэнты БДУ разам з рэктарам прапанавалі больш за 20 ідэй па захаванні гістарычнай памяці

Аўтар: Алена Вінаградава
26.04.2025 | 13:39
Іх абмяркоўвалі разам — студэнты і рэктар БДУ Андрэй Кароль у рамках рэалізуемага ў ВНУ эўрыстычнага праекта «Адкрый сябе для краіны».

Гэта быў трэці занятак у рамках праекта, і тэмай яго стала «Гістарычная памяць пра вайну — погляд у будучыню». Мерапрыемства аб’яднала студэнтаў, уключаных ў банк даных адоранай моладзі, якія з’яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі, пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Удзельнікі добра знаёмыя з асаблівасцю адкрытых эўрыстычных заняткаў на аснове дыялогу, дзе акцэнт зроблены не на атрыманні гатовай «тэорыі», а на стварэнні студэнтам ўласнага адукацыйнага прадукту, які адрозніваецца ад выніку іншых. Праз такі падыход, са слоў рэктара, студэнты вучацца чуць розныя пункты гледжання і адкрываць новае.

Тэматыка сустрэчы — 80-годдзе Вялікай Перамогі. Гэтая дата, па словах рэктара, не толькі гістарычная, яна шмат у чым вызначае светапогляд, з’яўляецца своеасаблівым індыкатарам маральнага аблічча сучаснага грамадства.

— Захаваць сваю індывідуальнасць, ідэнтычнасць нацыі можна толькі праз веданне гісторыі і сваіх продкаў, іх лёс і валявыя якасці. Гэта гарантыя таго, што гістарычная памяць генетычна будзе перадавацца і не сатрэцца, бо кожны будзе ведаць, «хто мы ёсць», — падзяліўся разважаннямі Андрэй Кароль. 

Надыходзіць час, калі сведак тых падзей з кожным годам становіцца менш, разам з імі сыходзіць жывая памяць пра герояў і трагізм тых вогненных гадоў.

— Цяперашнія студэнты — з ліку апошніх спадчыннікаў Перамогі, хто можа яшчэ сустрэцца і пагутарыць з ветэранамі. Захаваць гістарычную праўду, успаміны пра ўдзельнікаў ВАВ і перадаць наступным пакаленням галоўныя сэнсы і значэнне Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі з часам будзе ўсё складаней, асабліва ва ўмовах перапісвання і зрушэння акцэнтаў у гісторыі, — дапоўніў Андрэй Кароль

Для разумення важнасці ўвекавечання памяці пра герояў ВАВ і значэнні Перамогі ўдзельнікам праекта прапанавалі прадумаць варыянты ідэй па захаванні гістарычнай памяці і перадачы яе наступным пакаленням. Студэнты пад кіраўніцтвам Андрэя Караля складалі пытанні ветэранам і сваім блізкім, вызначалі новыя формы па захаванні гістарычнай памяці. Усяго была прапанаваная 21 ініцыятыва. Канцэптуальна ўсе яны грунтаваліся на спадчыне кіно, літаратуры, твораў мастацтваў і памятных ваенных месцах Беларусі. Напрыклад, прагучалі прапановы скласці геаграфічную карту месцаў, дзе ваявалі родныя і блізкія, арганізаваць каментаваны прагляд фільмаў пра вайну, запусціць фотачэлендж «Памятныя месцы маёй сям’і», зняць фільм пра аднаўленне Беларусі, падрыхтаваць выставу карцін ВАВ з музычным суправаджэннем і інш. У завяршэнні маладыя людзі абмяняліся думкамі і ідэямі, далі ацэнку ўласнай працы. Раман, студэнт другога курса гістарычнага факультэта БДУ адзначыў, што ўдзел у эўрыстычным праекце дапамагае на профільных занятках. Са слоў студэнта, ён стаў больш актыўным, ініцыятыўным і рашучым. 

— Вялікае значэнне мае вопыт дыскусіі і абмеркавання, які мы атрымліваем падчас эўрыстычных заняткаў. Такі падыход вучыць свабодна выказваць сваё меркаванне і слухаць іншых, — падзяліўся будучы гісторык.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю