Top.Mail.Ru

Уладзімір Пярцоў: Маладыя журналісты лепш за ўсіх разумеюць, што трэба аўдыторыі

Адным з гасцей ХII Форуму маладых журналістаў «За межамі клікбэйту» стаў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір ПЯРЦОЎ.


Паводле яго слоў, мерапрыемствы, падобныя на форум, сёння не менш важныя і актуальныя, чым некалькі гадоў таму: «Пляцоўка існавала і ў перыяд дастатковай інфармацыйнай стабільнасці, і ў самыя напружаныя з пункту гледжання інфармацыйнага супрацьборства часы. Яна працягвае працаваць і цяпер, таму што тыя людзі, якія сёння называюцца маладымі журналістамі, заўтра ўліваюцца ўжо ў шэрагі журналістаў, якія рэалізаваліся. Журналістаў, якія будуць складаць асноўны касцяк нацыянальных дзяржаўных і прыватных сродкаў масавай інфармацыі. Многія з тых, хто прысутнічае на гэтай пляцоўцы, ужо зараз спрабуюць сваё пяро ў рэдакцыях рэгіянальных і цэнтральных сродкаў масавай інфармацыі. Гэта людзі са сваімі амбіцыямі, людзі яркія, якія жадаюць паказаць свой талент, новыя падыходы, — адзначыў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — Яны валодаюць тым унікальным навыкам, разуменнем таго, што трэба маладой аўдыторыі».

Гэта і слэнг, і трэнды і тэндэнцыі ў фарміраванні кантэнту для сацыяльных сетак і месенджараў, і прыдатныя словы, хранаметраж, дынаміка — у прадстаўнікоў маладога пакалення ёсць усе веды і неабходныя для іх рэалізацыі таленты: «Мы, на жаль, не можам дастукацца да маладой аўдыторыі пры дапамозе нашых традыцыйных СМІ. Таму даводзіцца звяртацца да адаптацыі і стварэння арыгінальнага кантэнту для сацыяльных сетак. І тут у маладых журналістаў атрымліваецца выканаць і высокія стандарты класічнай журналістыкі, і ў той жа час выкарыстоўваць усе неабходныя для гэтага падыходы».

Клікбэйт, паводле слоў Уладзіміра Пярцова, стаў інструментам канкурэнцыі ва ўмовах вялізнага інфармацыйнага патоку, з якім сутыкаецца сучасны карыстальнік, і апраўданы толькі тады, калі за ім стаіць змястоўны матэрыял, які і з’яўляецца прыкметай сапраўднай журналістыкі. У той жа час, калі за гучнымі загалоўкамі хаваецца пустата, рэрайт або адкрыты плагіят, змагацца з такой з’явай, на яго думку, бессэнсоўна. Аднак Уладзімір Пярцоў выказаў упэўненасць у тым, што ўдумлівы чытач здольны адрозніць якасны прадукт, няхай няякасная інфармацыя і адцягвае значную долю ўвагі аўдыторыі.

Аміна НАЗАРАВА

Чытайце таксама: Інфармаваць, навучаць, забаўляць. Якія задачы сёння выконвае радыё, расказаў Пярцоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю