Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка падпісаў указ нумар 141 аб утварэнні Апеляцыйнага эканамічнага суда, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Гэтае рашэнне прынятае кіраўніком дзяржавы ў мэтах рэалізацыі палажэнняў Кодэкса грамадзянскага судаводства, якім прадугледжваецца стварэнне трохзвённай сістэмы эканамічных судоў.
Такое структурнае пераўтварэнне адбудзецца за кошт падзелу дзейнасці судоў першай і апеляцыйнай інстанцый, якія зараз функцыянуюць у рамках аднаго суда. Гэта стане важным крокам у напрамку павышэння эфектыўнасці ажыцццяўлення правасуддзя па эканамічных справах.
Апеляцыйны эканамічны суд у статусе працэсуальнага органа пачне сваю работу з 1 студзеня 2026 года, г. зн. з даты ўступлення ў сілу Кодэкса грамадзянскага судаводства.
Суд плануецца сфарміраваць за кошт наяўнай колькасці суддзяў і работнікаў апаратаў іншых судоў. Усяго ў ім будуць працаваць 27 суддзяў, у тым ліку старшыня і яго намеснікаў.
Вярхоўнаму Суду даручана ўнесці прапановы па кандыдатурах на кіруючыя і судзейскія пасады, а таксама вырашыць усе неабходныя арганізацыйныя пытанні, накіраваныя на забеспячэнне дзейнасці новага судовага органа.
Як адзначыў намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Юрый Кобец, каментуючы падпісаны Прэзідэнтам Указ, уступленне ў сілу 1 студзеня 2026 года асноўных палажэнняў Кодэкса грамадзянскага судаводства стане адным з завяршальных этапаў судова-прававой рэформы Рэспублікі Беларусь. Гэта рэформа прадугледжвае стварэнне Апеляцыйнага эканамічнага суда.
«Эканамічныя суды ўпершыню ў сваёй гісторыі будуць працаваць у трохзвённай сістэме, — канкрэтызаваў намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда. — Пры гэтым эканамічныя суды абласцей і эканамічны суд горада Мінска будуць выступаць у якасці судоў першай інстанцыі, а новы Апеляцыйны — у якасці другой, апеляцыйнай, інстанцыі. Пры гэтым Апеляцыйны эканамічны суд будзе працаваць у складзе 27 суддзяў, уключаючы старшыню і двух яго намеснікаў».
Што датычыцца камплектавання Апеляцыйнага эканамічнага суда, Юрый Кобец праінфармаваў, што яно будзе адбывацца выключна за кошт кадраў сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі. «Ні адной дадатковай адзінкі — ні суддзяў, ні дзяржаўных служачых, ні супрацоўнікаў апарату суда — мы ў гэты суд не бяром», — удакладніў ён.
У апеляцыйным судзе плануецца стварыць Прэзідыум, калегію па разглядзе апеляцыйных скаргаў і судовую калегію па разглядзе спраў па правілах суда першай інстанцыі і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. Да кампетэнцыі апеляцыйнага суда, па словах намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда, будзе адносіцца разгляд грамадзянскіх спраў па эканамічных спрэчках, якія выцякаюць з гаспадарчых праваадносін, а таксама нагляд за дзейнасцю ніжэйстаячых абласных эканамічных судоў і эканамічнага суда горада Мінска.
Будынак Апеляцыйнага эканамічнага суда — на стадыі ўзвядзення. Ён будзе размяшчацца па вуліцы Мяснікова, 5. У сучасным будынку прадугледжаны зала Прэзідыума, восем залаў судовых пасяджэнняў — створаны ўсе ўмовы для добрай работы.
«Стварэнне Апеляцыйнага эканамічнага суда перш за ўсё прадыктавана неабходнасцю забяспечыць больш аператыўнае і якаснае ажыццяўленне эканамічнага правасуддзя, — падкрэсліў Юрый Кобец. — Са стварэннем апеляцыйнага суда мы адразу вырашаем некалькі задач. Першая задача — вылучэнне апеляцыйнай інстанцыі з эканамічных судоў абласцей і горада Мінска. У цяперашні час дзве інстанцыі знаходзяцца ў адным судзе, што з’яўляецца не зусім правільным і выклікае дастаткова абгрунтаваныя нараканні з боку ўдзельнікаў працэсу. Паколькі атрымліваецца, што тыя ж самыя суддзі, якія працуюць у судзе першай інстанцыі, і суддзі апеляцыйнай інстанцыі, якія працуюць у тым жа судзе, займаюцца разглядам адных і тых жа спрэчак, што, натуральна, у пэўнай ступені нараджае незадавальненне вынікамі такога разгляду спраў».
Генеральны дырэктар ААТ «Беларускі цэментны завод», член Савета Рэспублікі Ігар Сяргееў адзначае: «Цяпер у судовай сістэме з’явіцца дадатковая ступень судовых інстанцый, і работа будзе будавацца па прынцыпе: адзін суд — адна інстанцыя. Кожнае звяно ў дадзенай сістэме будзе выконваць дакладна пэўную функцыю, што дазволіць аб’ектыўна і ўсебакова разгледзець скаргі ці пратэсты. З увядзеннем апеляцыйнага суда ў фізічных і юрыдычных асоб з’явіцца магчымасць абскардзіць рашэнне эканамічных судоў як судоў першай інстанцыі. Такім чынам, функцыі эканамічнага і апеляцыйнага суда разведзены, у тым ліку ў кожнай інстанцыі свае кадры і іншае месцазнаходжанне, што дасць магчымасць выбудаваць надзейную судовую абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб і павысіць якасць разгляду спрэчак. У большасці выпадкаў правасуддзе будзе завяршацца на апеляцыйнай стадыі».
Згодны з сенатарам і старшыня эканамічнага суда Мінскай вобласці Аляксей Саковіч і прыводзіць прыклад з практыкі: «Сёння ў эканамічных судах абласцей і горада Мінска суд апеляцыйнай інстанцыі знаходзіцца ў адным будынку з судом першай інстанцыі. У абедзвюх інстанцыях дзейнічае адзінае кіраўніцтва. Суддзі абедзвюх інстанцый прымаюць удзел у абагульненні і аналізе судовай практыкі, выпрацоўцы адзіных падыходаў у практыцы прымянення норм матэрыяльнага права. Фактычна адным судом прымаецца судовая пастанова, і ў выніку гэта судовая пастанова праходзіць стадыю апеляцыйнага абскарджвання».
Такая сітуацыя, па яго словах, зніжала жаданыя тэмпы павышэння ўзроўню якасці і эфектыўнасці правасуддзя, якое ажыццяўляецца судом першай інстанцыі.
У новай структуры, калі будзе дзейнічаць асобны незалежны апеляцыйны суд, як звярнуў увагу Аляксей Саковіч, павысіцца адказнасць суда першай інстанцыі за судовыя пастановы, якія прымаюцца. «У гэтай сувязі асноўнай задачай эканамічных судоў абласцей і горада Мінска з’яўляецца падрыхтоўка да работы ва ўмовах суда першай інстанцыі, — адзначыў ён. — Для гэтых мэт у судах прымаецца шэраг арганізацыйных мер, накіраваных на павышэнне якасці падрыхтоўкі спраў судовага разбіральніцтва, строгае выкананне норм працэсуальнага і матэрыяльнага права, усебаковае вывучэнне фактычных абставін па справе, прыняцце законнай і абгрунтаванай судовай пастановы. Найперш судовай пастановы, якая будзе зразумелай асобам, што звярнуліся ў суд па судовую абарону».
Старшыня эканамічнага суда Мінскай вобласці канстатаваў, што з 1 студзеня 2026 года разам з задачамі па ажыццяўленні правасуддзя на суды будуць ускладзены новыя задачы, не ўласцівыя ў цяперашні час для суда першай інстанцыі. «Гэта вырашэнне пытанняў аб прыняцці апеляцыйных скаргаў, накіраванне апеляцыйных скаргаў, іх матэрыялаў справы ў суд апеляцыйнай інстанцыі, — канкрэтызаваў ён. — У цяперашні час у судах актыўна праводзіцца работа па практычным вывучэнні палажэнняў Кодэкса грамадзянскага судаводства, ажыццяўляюцца мерапрыемствы, накіраваныя на падрыхтоўку да работы выключна як суда першай інстанцыі. На рэформу, якая праводзіцца, мы глядзім з аптымізмам. Упэўнены, усе пастаўленыя задачы будуць вырашаны».
Сустаршыня праўлення, дырэктар Бізнес саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М. С. Куняўскага Жанна Тарасевіч расказала аб чаканнях бізнес-супольнасці ад вынікаў судовай рэформы, яе важнасці для эканомікі. «Бізнес заўсёды вельмі трапятліва адносіцца да судовай сістэмы, — заўважыла яна. — Фактычна бізнес не можа існаваць без судовай сістэмы: узнікаюць шматлікага роду спрэчкі, якія патрабуюць разгляду на розных узроўнях. Больш за ўсё бізнес давярае судам, якія з’яўляюцца класічнай формай разгляду пэўных спрэчак».
Судовую рэформу прадстаўнікі бізнес-супольнасці ўспрымаюць як добры сігнал. «Нярэдка ў бізнесу ўзнікалі пэўныя сумненні, бо адзін і той жа суд разглядае спрэчку і тут жа разглядаецца апеляцыя, — патлумачыла Жанна Тарасевіч. — Цяпер з’яўляецца новая, абсалютна незалежная інстанцыя, дзе могуць разгледзець любыя апеляцыі. Бізнес будзе дакладна ўпэўнены ў тым, што рашэнне, якое прыняў суд, або тое, рашэнне, якое вынесена апеляцыйным судлом, бдзе правільным. Рэформа выклікае большы давер да судовай сістэмы, дазваляе разлічваць на незалежную ацэнку».