Ад экалогіі да інжынерыі
Адказ на запыт часу
Адкрыццё новай спецыяльнасці звязана з патрэбамі эканомікі і зменай дзяржаўных прыярытэтаў у сферы аховы навакольнага асяроддзя. Адзін з арыенціраў — Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026 — 2030 гады, якая прадугледжвае далейшае ўдасканаленне дзяржаўнай палітыкі ў галіне экалогіі.

Па словах загадчыка кафедры экалагічнай бяспекі і рэсурсазберажэння, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Сяргея ГАЛАВАТАГА, сучаснай эканоміцы патрэбны спецыялісты, якія ўмеюць не проста зафіксаваць забруджванне або парушэнне, а ацаніць магчымыя наступствы і арганізаваць працу так, каб не дапусціць экалагічнай шкоды. Значэнне маюць і ўзмацненне патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства, і эканамічная адказнасць за іх выкананне.

Яшчэ адзін фактар — развіццё лічбавых тэхналогій. Сучасны маніторынг навакольнага асяроддзя патрабуе апрацоўкі вялікіх аб’ёмаў інфармацыі, мадэлявання і прагназавання.
Таму ў падрыхтоўцы будучых эколагаў-інжынераў важнае месца займаюць праграмаванне, ГІС-тэхналогіі і інструменты штучнага інтэлекту. Акрамя таго, актуальнымі становяцца пытанні кліматычных рызык, дэкарбанізацыі і ўкаранення рэсурса- і энергазберагальных рашэнняў.

Вывучаць праблемы і знаходзіць рашэнні
Праграма навучання па новай спецыяльнасці аб’ядноўвае шмат асаблівасцяў, якія робяць яе ўнікальнай, адзначыў Сяргей Галаваты:
— Яе ключавое адрозненне ад традыцыйных экалагічных кірункаў закладзена ў кваліфікацыі, якую атрымаюць выпускнікі. Гэта гібрыдная прафесія, якая аб’ядноўвае фундаментальныя экалагічныя веды з інжынернымі і лічбавымі кампетэнцыямі.


Адпаведна і навучальны план мае міждысцыплінарны характар. Разам з агульнай і прыкладной экалогіяй, аховай атмасфернага паветра, кіраваннем воднымі рэсурсамі і прававым рэгуляваннем гэтых пытанняў студэнты вывучаюць мовы праграмавання высокага ўзроўню, статыстычныя метады апрацоўкі даных, геаінфармацыйныя сістэмы, асновы штучнага інтэлекту і дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі. Таксама праграмай прадугледжаны кантроль і аўдыт у галіне аховы навакольнага асяроддзя, ацэнка жыццёвага цыкла прадукцыі і тэхналогіі абароны ад забруджвання.

Такі набор дысцыплін дазволіць падрыхтоўваць спецыялістаў, здольных працаваць не толькі з наступствамі ўздзеяння на прыроду, але і з прычынамі магчымых экалагічных пагроз. Іх задача — прагназаваць рызыкі, аналізаваць вялікія масівы даных маніторынгу, укараняць сістэмы экалагічнага менеджменту на прадпрыемствах і забяспечваць выкананне прыродаахоўнага заканадаўства.
— Традыцыйная экалогія адказвае на пытанне, як уладкавана і функцыянуе прыродная сістэма, а экалагічная бяспека — як інжынерна і тэхналагічна забяспечыць дапушчальнае ўздзеянне на яе і кіраваць рызыкамі, — растлумачыў Сяргей Галаваты.

Прадухіленне рызык як аснова
Адной з асноўных адметнасцяў будучай прафесіі стане здольнасць уключаць экалагічныя патрабаванні непасрэдна ў вытворчыя працэсы. Выпускнік зможа аналізаваць тэхналогіі прадпрыемства, выяўляць патэнцыйна небяспечныя ўчасткі і ацэньваць рызыкі яшчэ да таго, як яны прывядуць да забруджвання або аварыйнай сітуацыі. У сферу яго кампетэнцый увойдуць распрацоўка і ўкараненне малаадходных і рэсурсазберагальных тэхналогій, сістэм ачысткі газавых выкідаў і сцёкавых вод, перапрацоўкі адходаў. Ён зможа ўдзельнічаць у арганізацыі іх утылізацыі і захавання, а таксама ў рэкультывацыі парушаных зямель.
Важны кірунак — ацэнка і кіраванне экалагічнымі рызыкамі, прагназаванне пераўтварэння і міграцыі забруджвальных рэчываў у навакольным асяроддзі. Для гэтага спатрэбяцца як веды пра небяспечныя ўласцівасці і класы адходаў розных вытворчасцяў, так і ўменне карыстацца спецыялізаваным праграмным забеспячэннем. У падрыхтоўку спецыялістаў уваходзіць і ўменне эканамічна абгрунтоўваць укараненне новай тэхнікі і тэхналогій.

Патэнцыйнымі месцамі працы для такіх выпускнікоў стануць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго рэгіянальныя структуры, іншыя дзяржаўныя органы ў сферы прыродакарыстання, навукова-даследчыя інстытуты, у тым ліку арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук, навуковыя цэнтры, праектныя і інжынерна-кансалтынгавыя арганізацыі экалагічнага профілю. Запатрабаванымі яны могуць быць і на прамысловых прадпрыемствах, а таксама ў ІТ-сектары.
Два дыпломы за чатыры гады
Штогадовы набор на спецыяльнасць складае 20 чалавек. У той жа час з 2027 года паралельна з агульным наборам будзе ажыццяўляцца эксперыментальны праект падрыхтоўкі інжынераў-эколагаў сумесна з Расійскім універсітэтам дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы (РУДН, Масква). Праект прадугледжвае чатырохгадовую падрыхтоўку бакалаўраў па схеме «1+2+1» — першы і чацвёрты год навучання ажыццяўляецца ў МДЭІ імя А. Д. Сахарава БДУ, другі і трэці — у РУДН.
.jpg)
У выніку такой падрыхтоўкі студэнт за чатыры гады атрымае два дыпломы аб вышэйшай адукацыі па дзвюх спецыяльнасцях — «Экалагічная бяспека» і «Энерга- і рэсурсазберагальныя працэсы ў хімічнай тэхналогіі, нафтахіміі і біятэхналогіі».
Выбар, за якім стаіць мэта

Для першакурсніцы Соф’і БЕНДЗЬ вызначальным пры выбары гэтай спецыяльнасці стала менавіта спалучэнне экалогіі і інжынерыі:
— У экалогіі галоўная задача — фіксацыя праблемы, але не стварэнне яе рашэння. А тое, што ў нас ёсць інжынерыя, ІТ-тэхналогіі, — вельмі добра: гэта дазваляе не толькі выяўляць праблемы, але і знаходзіць рашэнні.

Яшчэ адной перавагай дзяўчына лічыць магчымасць сумяшчаць навуковую і творчую дзейнасць. Паводле яе слоў, праца з тэхналогіямі дае прастору для фантазіі і раскрыцця ўласнага патэнцыялу. Соф’я таксама адзначыла насычанае студэнцкае жыццё, таленавіты выкладчыцкі склад і пазанавучальную праграму, якая дапамагае першакурснікам адаптавацца і згуртавацца.
Для Марты РАСІНСКАЙ, таксама студэнткі першага курса, выбар стаў ажыццяўленнем дзіцячай мары выратоўваць прыроду і ўвогуле нашу планету ад забруджвання:
— Гэта вельмі важна для росквіту нашай краіны, для захавання яе прыроднай спадчыны.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД