На Гомельшчыне ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця аўтаматычнай метэаралагічнай станцыі АМІС «МетПро» ў Петрыкаве прынялі ўдзел прадстаўнікі раённых органаў улады, філіяла «Гомельаблгідрамет», МНС, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый.
Новы аб’ект дасць магчымасць бесперапынна і з высокай дакладнасцю фіксаваць параметры надвор’я і зрабіць прагнозы для гэтага раёна Прыпяцкага Палесся яшчэ больш надзейнымі.
Аўтаматычная метэаралагічная станцыя ў райцэнтры ўзведзена з нуля, будаўнічыя работы на аб’екце працягваліся каля года. Тут устаноўлена сучасная сістэма назірання за надвор’ем, якая адпавядае ўсім патрабаванням Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі.
Як было адзначана, Белгідрамет надае вялікую ўвагу пашырэнню і мадэрнізацыі сеткі назіранняў. У мэтах удасканалення прагназавання надвор’я, далейшага развіцця дзяржаўнай сеткі гідраметэаралагічных назіранняў і пакрыцця раёнаў краіны пунктамі назіранняў у рамках дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ўзведзены новыя аўтаматычныя метэаралагічныя станцыі ў раёнах, дзе раней такія назіранні не праводзіліся.

— Адкрыццё аўтаматычнай метэастанцыі — інвестыцыя ў бяспеку і дабрабыт нашых грамадзян. Своечасовы і дакладны прагноз надвор’я сёння з’яўляецца стратэгічным рэсурсам для аграрыяў, камунальных службаў і выратавальнікаў. Мы ганарымся, што на петрыкаўскай зямлі ўкараняюцца такія перадавыя айчынныя тэхналогіі, якія дапамогуць нам працаваць на апярэджанне, забяспечваць стабільнасць усіх галін эканомікі, — падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця метэаралагічнай станцыі намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандр Дзягцяр.
Як адзначыў начальнік філіяла Гомельскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя Ігар Грышчанка, новая станцыя ў Петрыкаве стане часткай агульнай сістэмы метэаралагічнага маніторынгу рэгіёна і краіны. Метэастанцыя абсталявана па апошнім слове тэхнікі дзякуючы рабоце беларускіх канструктараў. Яна функцыянуе ў аўтаматычным рэжыме і здольная ў рэжыме рэальнага часу фіксаваць дзясяткі параметраў. Устаноўленае ў Петрыкаве абсталяванне вытворчасці вядучага сусветнага вытворцы метэаралагічнай тэхнікі забяспечвае збор, апрацоўку і перадачу даных у рэжыме рэальнага часу. Сістэма адсочвае тэмпературу і вільготнасць паветра, напрамак ветру, метэаралагічную далёкасць бачнасці, атмасферны ціск і ападкі.

Для Гомельскай вобласці гэта ўжо трэцяя аўтаматычная метэастанцыя, здольная працаваць без удзелу чалавека. Раней аналагічныя комплексы былі пабудаваны ў Лельчыцах і Чачэрску.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота газеты «Петрыкаўскія навіны»