Калі гаворка заходзіць аб раскрыцці злачынстваў, далёка не кожны задумваецца аб тым, што за гучнымі справамі нязменна стаіць карпатлівая праца экспертаў. Іх імёны рэдка з’яўляюцца ў навінах, але іх заключэнні часам становяцца вырашальнымі ў лёсе чалавека. І далікатнасць жаночых рук зусім не перашкода, калі размова ідзе аб пошуку ісціны — упэўнена Ірына ШАНІНА, намеснік начальніка ўпраўлення лабараторных даследаванняў рэчавых доказаў біялагічнага характару ўпраўлення ДКСЭ па Мінскай вобласці — дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт-біёлаг.
Аб’ектыўнасць. Гонар. Айчына
Менавіта так гучыць дэвіз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. У ім — ключавыя каштоўнасці, якімі кіруюцца супрацоўнікі ведамства ў сваёй працы. Няўхільна прытрымліваецца іх і наша гераіня.
Ва ўпраўленні ДКСЭ па Мінскай вобласці Ірына Шаніна працуе ўжо больш за тры гады, з моманту стварэння ўпраўлення лабараторных даследаванняў рэчавых доказаў біялагічнага характару. У галіне судовай медыцынскай экспертызы — ужо больш за 20 гадоў. Паступаючы ў медінстытут, бачыла сябе хірургам, прызнаецца яна, і нават не чула аб такой спецыяльнасці — судмедэксперт-біёлаг. Усё змянілася на старэйшых курсах навучання: «Выкладчыкі здолелі тады мяне гэтым захапіць — даследаваннямі, аналітыкай, магчымасцю займацца сапраўднай навукай. Менавіта тады я зразумела, што больш імкнуся да лабараторнага кірунку».

У адрозненне ад карцінкі, якую часам малююць аб прафесіі «кіношнікі», даследаванні патрабуюць часу і неабходнасці строга прытрымлівацца законных працэдур. На месца злачынства такія спецыялісты выязджаюць у тых выпадках, калі патрабуецца выманне біялагічных слядоў. Асноўнае месца працы судовага эксперта-біёлага — лабараторыя.
У гэтых сценах да іх што толькі ні трапляе: прылады злачынства, розныя прадметы ўжытку. І на любым з гэтых аб’ектаў трэба знайсці мікрачасцінкі, якія дапамогуць следству.
«Нам прыносяць адзенне, прылады злачынства, часам нават дошкі з падлогі ці лісце, калі ёсць шанец наяўнасці на іх біялагічнага матэрыялу. І на ўсім гэтым трэба знайсці сляды — кроў, сперму, сліну, валасы, клеткі эпітэлію, а потым даследаваць іх», — расказвае Ірына Шаніна падчас невялікай экскурсіі па лабараторыі. Тут спецыялісты ва ўсю занятыя чарговымі экспертызамі: праводзяць пошукавыя рэакцыі, вызначаюць відавую прыналежнасць знойдзеных слядоў. Затым у ход ідзе генетыка: выдзяляецца, ампліфікуецца і аналізуецца ДНК. У аснове такога даследавання — дасягненні біялогіі і генетыкі, якія і дазваляюць рабіць высновы з максімальна даступнай дакладнасцю.
«Сваю першую экспертызу памятае, мусіць, кожны эксперт, — дзеліцца Ірына Шаніна. — У мяне гэта была справа аб удары сякерай па галаве ў адной вёсцы. Тады я рашуча ўзялася даследаваць усё, што было на прыладзе злачынства: паўтары сотні валасінак — нават самыя мікраскапічныя».
Нябачныя сляды злачынстваў
Вядома, такія спецыялісты не маюць права на суб’ектыўнае меркаванне — толькі факты, пацверджаныя спецыяльнымі прыборамі і шматразовымі праверкамі. Дарэчы, па словах Ірыны Шанінай, за апошнія гады тэхналогіі ў гэтай сферы прасунуліся далёка наперад: з’явіліся імуналагічныя тэсты, сучасныя сістэмы ДНК-аналізу, якія дазваляюць выдзяляць генетычны матэрыял нават з самых мінімальных слядоў біялагічнага матэрыялу.
«У выпадку ДТЗ мы, напрыклад, даследуем змывы з руля, рычага пераключэння перадач, падушкі бяспекі, аскепкі лабавога шкла, — распавядае эксперт. — Нярэдка на іх застаецца біяматэрыял кіроўцы або пасажыраў». Аказваецца, у такіх выпадках нават малюсенькі фрагмент шкла можа расказаць, хто менавіта знаходзіўся за рулём у момант сутыкнення.
Шмат у ДКСЭ праводзіцца экспертыз па крымінальных справах, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, тлумачыць наша суразмоўніца: «Да нас паступае ўсё, што забіраюць з „закладак“, разнастайныя прылады, дзе мы можам выявіць біяматэрыял падазронных асоб, у тым ліку і распаўсюджвальнікаў. Гэта складаная сістэмная праца, дзе біялагічныя і генетычныя экспертызы цесна пераплятаюцца з хімічнымі, дактыласкапічнымі і іншымі». Судовы эксперт-біёлаг у прынцыпе рэдка працуе ізалявана. Звычайна экспертызы носяць комплексны характар: кожная з дысцыплін дапаўняе адна адну, каб у выніку сабраць адзіную карціну таго, што здарылася.

Ды і ў звычайным жыцці падстаў звярнуцца да экспертаў-генетыкаў часам бывае нямала, расказвае Ірына Шаніна. Часцей за ўсё гэта пытанні, якія датычацца сямейнага і спадчыннага права: спагнанне аліментаў, аспрэчванне бацькоўства, пошук людзей. Таксама экспертыза неабходная пры назначэнні пенсіі з нагоды страты карміцеля або пры раздзеле маёмасці пасля смерці аднаго з бацькоў.
Служэнне праўдзе
На першы погляд здаецца, што праца эксперта-біёлага аднастайная. Сотні прабірак, гадзіны, праведзеныя за мікраскопам або аналізам профілю ДНК... Тут нікуды без скрупулёзнасці, уседлівасці і сумленнасці. І з гадамі, прызнаецца наша гераіня, у экспертаў з’яўляецца самы што ні на ёсць прафесійны нюх — дзякуючы яму ўдаецца літаральна адчуваць, дзе на адзенні або іншым прадмеце маглі застацца сляды, нават калі злачынец спрабаваў іх знішчыць: мыў, замываў, выпальваў.
А яшчэ ў лабараторыі непрыкметна для сябе заўважаю: жанчыны ў гэтай прафесіі — з’ява не рэдкая. І часам у сваёй працы яны сутыкаюцца з рэчавымі доказамі такіх страшных спраў, ад якіх нават у самых дасведчаных супрацоўнікаў сціскаецца сэрца.
«Хоць мы вучымся адключаць пачуцці, яны зрэдку прарываюцца. Самае страшнае — гэта крымінальныя справы, у якіх пацярпелі дзеці, — расказвае Ірына Шаніна. — Калі бачыш іх рэчы, унутры ўсё сціскаецца. Думаеш: мы абавязаныя зрабіць усё магчымае, каб вінаваты панёс пакаранне».
Аміна НАЗАРАВА