Султан Амана Хайсам бен Тарэк Аль Саід знаходзіцца з афіцыйным візітам у Беларусі, паведамляе БелТА.
Увечары 6 кастрычніка адбудуцца перагаворы ў Палацы Незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка і Хайсам бен Тарэк Аль Саід разгледзяць ход рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых у снежні 2024 года ў час візіту Прэзідэнта Беларусі ў Аман, абмяркуюць перспектыўныя кірункі і шляхі паглыблення супрацоўніцтва ў розных сферах. Галоўны акцэнт — на паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Па выніках перагавораў бакі плануюць падпісаць шэраг міжнародных дакументаў. Чакаецца, што ў іх ліку будзе і пагадненне аб узаемнай адмене віз, праект якога Аляксандр Лукашэнка адобрыў 1 кастрычніка.
У сваю чаргу аманскі бок інфармуе, што візіт адбудзецца 6-7 кастрычніка і праводзіцца ў кантэксце развіцця адносін паміж Аманам і Беларуссю і пашырэнні іх гарызонтаў у адпаведнасці з памкненнямі абедзвюх краін. «Падчас візіту будуць абмяркоўвацца кірункі супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў розных сферах і шляхі яго актывізацыі ў агульных інтарэсах. Лідары дзвюх краін абмяняюцца думкамі па шэрагу актуальных рэгіянальных і міжнародных пытанняў. Яго Вялікасць Султана падчас візіту будзе суправаджаць высокапастаўленая афіцыйная дэлегацыя», — паведамляе агенцтва ONA.