Top.Mail.Ru

Сумесная выстаўка БДУКМ і Тамбоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта праходзіць у Мінску

У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» днямі адкрылі планшэтную выстаўку «На славу Радзімы, у імя Перамогі», прысвечаную 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Праект рэалізоўваецца Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў сумесна з Тамбоўскім дзяржаўным універсітэтам імя Г. Р. Дзяржавіна.


— На ўручэнні прэміі «За духоўнае адраджэнне» я казала пра тое, што лінія памяці ніколі не будзе перарвана. І яна ніколі не павінна станавіцца пункцірнай. Мы ў 2024 годзе былі ўдастоены высокай узнагароды, і для нас самае галоўнае — не спыняцца ў гэтай рабоце. Таму што любая ўзнагарода — гэта толькі імпульс для далейшага развіцця, — адзначыла рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская. — Я ўдзячная калегам з Тамбоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Г. Р. Дзяржавіна за такую ініцыятыву. І рада, што ў кароткія тэрміны мы паспелі яе рэалізаваць. Упэўнена, гэты праект будзе працягнуты, паколькі нашы папярэднія праекты, прысвечаныя патрыятычнаму выхаванню моладзі, працягваюцца. І наша планшэтная выстаўка можа стаць яшчэ адной з фарбаў, якія дазваляюць моладзі вастрэй адчуць веліч таго подзвігу савецкага народа ў Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэты год для ўсіх нас — іспыт, які мы трымаем як перад нашымі продкамі, так і перад нашымі нашчадкамі. Таму ўсе нашы крокі павінны быць накіраваны на тое, каб вытрымліваць гэты іспыт на «выдатна». Жадаю, каб выстаўка падштурхнула нас да новага ўзроўню асэнсавання подзвігу нашага адзінага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

На выстаўцы, якая ўключае ў сябе чатыры тэматычныя блокі, можна ўбачыць і даведацца пра ўнёсак дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі ў Перамогу, пра беларускіх падпольшчыкаў, пра мемарыялы і помнікі нашай краіны, а таксама пра ўнёсак Тамбоўшчыны ў барацьбу з фашызмам.

— 2025 год для нас асаблівы, бо мы святкуем 80-годдзе Вялікай Перамогі, а ў Расіі ён аб’яўлены Годам абаронцаў Айчыны. І я хачу сказаць шчырыя словы падзякі беларускаму боку, у прыватнасці Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту культуры і мастацтваў і Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, за тое, што мы рэалізавалі гэты праект, — сказаў на адкрыцці выставы рэктар Тамбоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Г. Р. Дзяржавіна Павел Маісееў. — Праект унікальны тым, што ён поўнасцю гістарычна дакладны. Тут няма нейкіх старонніх меркаванняў ці яшчэ чагосьці. Усё пацверджана архіўнымі дакументамі. Безумоўна, гаварыць пра важнасць Вялікай Перамогі, пра тое, што ў нас агульная гісторыя, — не буду, бо гэта ісціна, якую кожны разумее. Мне хацелася б крыху дадаць асабістага. Па-першае, наш універсітэт актыўна займаецца гістарычнымі пошукамі, і ў нас існуе свая алея славы. Мы вывучаем біяграфію кожнага нашага супрацоўніка і студэнта, якія ў той час ваявалі, і выяўляем сярод выкладчыкаў удзельнікаў вызвалення беларускай сталіцы. Па-другое, мой прадзед Маісееў Фёдар Ільіч быў прызваны на фронт яшчэ ў ліпені 1941 года, абараняў Маскву, а ў 1944 годзе ў складзе 2-й Беларускай Арміі вызваляў Беларусь і дайшоў да Берліна. Таму для мяне гэта выстаўка — абавязак не толькі перад супрацоўнікамі ўніверсітэта, але і перад маімі продкамі, якія ўдзельнічалі ў абароне Беларусі.

На планшэтах прадстаўлены архіўныя матэрыялы пра ваенныя і працоўныя будні абаронцаў Айчыны ў часы вайны, адлюстраваны ўнёсак шматнацыянальнага народа СССР у агульную Перамогу над фашызмам. Выстаўка дазволіць у чарговы раз нагадаць пра важнасць захавання гістарычнай памяці аб падзеях мінулага для будучых пакаленняў. Акрамя гэтага, праект нацэлены на развіццё міжнародных культурных сувязяў, на ўзмацненне сяброўства і супрацоўніцтва прадстаўнікоў дзвюх краін на аснове агульначалавечых каштоўнасцяў. Азнаёміцца з экспазіцыяй наведвальнікі мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» могуць да 26 лютага.

Фота прадастаўлена прэс-службай БДУКМ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю