Top.Mail.Ru

Сумесная заява Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета Палаты прадстаўнікоў у сувязі з 85-й гадавінай пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гадоў

22 чэрвеня 2026 года спаўняецца 85 гадоў з дня адной з самых трагічных падзей у гісторыі — вераломнага нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз. У дзень усенароднай памяці і смутку мы схіляем галовы перад святым подзвігам пераможцаў, якія выратавалі свет ад карычневай чумы.


Беларускі народ адным з першых прыняў на сябе ўсю моц гітлераўскага ўдару, уступіўшы ў няроўную сутычку з нацысцкай ваеннай машынай. Пачынаючы з гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці і савецкіх рубяжоў, нашы бацькі і дзяды дэманстравалі беспрэцэдэнтныя мужнасць, стойкасць і самаадданасць.

Асаблівая старонка Вялікай Айчыннай — жахлівы генацыд грамадзянскага насельніцтва. Усім добра вядомы трагічны лёс вёскі Хатынь. Свет не мае права забыцца, якой высокай цаной далася перамога над фашызмам. 

Мы, нашчадкі пераможцаў, глыбока перакананыя: беражлівыя адносіны да памяці аб той вайне — не проста даніна мінуламу. Гэта неабходная ўмова для захавання міру.

Праз 85 гадоў з горыччу адзначаем, як абясцэньваецца маштаб трагедыі, якая адбылася: зносяцца помнікі загінулым, перапісваюцца падручнікі гісторыі, здраднікаў называюць героямі.

Вітаем прыняцце штогадовай рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН «Барацьба з гераізацыяй нацызму, неанацызмам і іншымі відамі практыкі, якія спрыяюць эскалацыі сучасных формаў расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і звязанай з імі нецярпімасці», сааўтарам якой нязменна выступае наша краіна.

Парламентарыі Рэспублікі Беларусь рашуча асуджаюць любыя спробы палітызацыі гісторыі і перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны, скажэння яе маральных і прававых ацэнак.

Рашэнні Нюрнбергскага трыбунала не маюць тэрміну даўнасці і перагляду не падлягаюць. 

Заклікаем міжнародную супольнасць жорстка спыняць любыя праявы неанацызму і расізму, кансалідаваць намаганні ў барацьбе з гэтым злом у імя пакаленняў, якія жывуць цяпер, і будучых пакаленняў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю