Top.Mail.Ru

Сумесны выпуск тэхнікі і прамыя авіярэйсы. Беларусь і Індыя абмеркавалі новыя кірункі ўзаемадзеяння

Беларусь і Індыя рыхтуюць больш за дзесяць пагадненняў аб супрацоўніцтве і абмяркоўваюць запуск прамых авіярэйсаў. Пра гэта ішла размова на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова з дзяржаўным міністрам замежных спраў Індыі Кірці Вардханам Сінгхам, паведамілі БелТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.



Падчас перагавораў у Нью-Дэлі бакі абмеркавалі стан беларуска-індыйскага дыялогу, які прыкметна актывізаваўся ў апошнія месяцы, і зверылі графік маючых адбыцца візітаў на найвышэйшым і высокім узроўнях. 

«Дзяржаўны міністр высока ацаніў асабісты ўклад Максіма Рыжанкова ў прасоўванне двухбаковага супрацоўніцтва. Суразмоўцы дэталёва абмеркавалі падрыхтоўку да падпісання больш чым дзесяці міжурадавых, міжрэгіянальных і міжведамасных дакументаў, уключаючы дарожную карту супрацоўніцтва», — расказалі ў прэс-службе МЗС.

На сустрэчы была адзначана ўзаемадапаўняльнасць эканомік дзвюх краін. Максім Рыжанкоў у гэтым кантэксце пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў больш хуткім падпісанні пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і Індыяй. 

Дыпламаты закранулі пытанні ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, паставак калійных угнаенняў на індыйскі рынак, вылучыўшы навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне як адзін са шматабяцальных кірункаў сумеснай работы.

Асаблівую ўвагу суразмоўцы надалі падтрымцы міжасобасных кантактаў. У развіццё дамоўленасці аб увядзенні парадку ўезду індыйскіх грамадзян у Беларусь па электроннай візе дыпламаты дамовіліся актывізаваць работу па хутчэйшым запуску авіярэйсаў Мінск — Мумбаі і Мінск — Гоа, абмеркаваўшы таксама магчымасці пашырэння студэнцкіх абменаў і ўзаемнага прызнання дакументаў аб адукацыі.

Разгледжаны таксама перспектывы міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння: некалькі мемарандумаў паміж індыйскімі штатамі і беларускімі абласцямі гатовыя да падпісання.

У Нью-Дэлі Максім Рыжанкоў правёў сустрэчы з кіраўніцтвам буйных індыйскіх кампаній, на якіх разглядаліся перспектывы стратэгічнага партнёрства з беларускімі машынабудаўнічымі прадпрыемствамі. Бакі, у прыватнасці, абмеркавалі пытанні стварэння зборачнай вытворчасці і развіцця сэрвіснай сеткі беларускай тэхнікі ў Індыі, сумеснага выпуску тэхнікі ў Беларусі, доступу да рынкаў ЕАЭС і СНД праз беларускія свабодныя эканамічныя зоны, а таксама абмену тэхналогіямі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю