Мерапрыемства, якое прайшло на тэрыторыі Першайскага лясніцтва, узначаліў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Асноўныя задачы ведамаснага працоўнага дэсанту былі заключаны ў азеляненні, комплексным навядзенні парадку ў лясным масіве, добраўпарадкаванні месцаў масавага адпачынку, а таксама прывядзенні ў належны стан аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, размешчаных на гэтай тэрыторыі.
Да работ далучыліся намеснікі кіраўніка ведамства, прадстаўнікі падраздзяленняў цэнтральнага апарату міністэрства, унутраных войскаў МУС і УУС Міншчыны. Разам са старэйшымі таварышамі на ўчастку працавалі курсанты, ліцэісты і выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады і работнікі Валожынскага лясгаса. Дарэчы, удзел моладзі ў агульнай справе — важная частка патрыятычнага выхавання пакалення.
Маштаб праведзенай работы ўражвае: на ўчастку плошчай каля чатырох гектараў было высаджана 30 тысяч раслін. Кожны з удзельнікаў унёс свой уклад у забеспячэнне экалагічнай бяспекі краіны і захаванне прыроднага багацця роднай зямлі.
Дарэчы, работа па абнаўленні лесу і добраўпарадкаванні памятных мясцін сіламі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС прадоўжыцца ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з тэлеграм-канала МУС Беларусі