Top.Mail.Ru

Супрацоўнікі ўнутраных спраў Міншчыны атрымалі ключы ад новых кватэр

У Мінскай вобласці ўжо стала добрай традыцыяй кожны год узводзіць мінімум адзін дом для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Не стаў выключэннем і цяперашні — утульная 11-павярхоўка на вуліцы Васільковай у аграгарадку Сеніца Мінскага раёна сёння прыняла навасёлаў. 217 сем’яў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў цэнтральнага рэгіёна атрымалі ключы ад уласных кватэр. Павіншаваць людзей з такой падзеяй прыехалі старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын і міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў.


Прасторныя двух- і трохпакаёвыя кватэры з аздабленнем і паўнавартасным рамонтам для 217 сем’яў — гэта выдатны падарунак да Дня беларускай міліцыі. Падзея доўгачаканая, бо многім даводзілася туліцца ў інтэрнаце. Цяпер жа яны гаспадары ўласных квадратных метраў: засталося толькі завезці мэблю і можна пераязджаць. Добраўпарадкавана і прылеглая тэрыторыя, а ў двары — сучасная дзіцячая пляцоўка. Але галоўны плюс — развітая інфраструктура. Побач школа, дзіцячы садок, установа аховы здароўя.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын падчас урачыстай цырымоніі адзначыў, што адкрываць дамы для супрацоўнікаў сілавых структур ужо стала добрай традыцыяй у Мінскім раёне: «І мне асабліва прыемна, што сёння мы адкрываем дом для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Мінскай вобласці. Усяго вам самага добрага, заўсёды вяртайцеся дадому здаровымі».

У сваю чаргу міністр унутраных спраў Іван Кубракоў падкрэсліў, што атрыманне свайго жылля — самая важная падзея ў жыцці любога чалавека: «Для тых, хто 24 гадзіны сем дзён на тыдзень рызыкуе сабой, адно з галоўных пытанняў — ведаць, што ўсё добра. Тады можна смела выконваць любыя задачы. А супрацоўнікі органаў унутраных спраў кожны дзень даказваюць, што ўмеюць гэта рабіць». Таксама ён пажадаў навасельцам, каб у кватэрах заўсёды гучаў шчаслівы дзіцячы смех. «І хай у міліцыі будзе як мага больш шматдзетных сем’яў. А мы пабудуем вам яшчэ не адзін жылы дом», — паабяцаў кіраўнік ведамства.

Іван Кубракоў і Аляксандр Турчын уручылі сем’ям ключы ад кватэр, а ў якасці абярэга — іконы Мінскай Божай Маці. Некаторыя атрымалі сертыфікаты на мэблю — своечасовы падарунак да наваселля. 

Калі ёсць новабудоўля і навасельцы, па традыцыі, павінна быць і сімвалічная чырвоная стужачка. Перарэзалі яе кіраўнік цэнтральнага рэгіёна Аляксандр Турчын, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, начальнік УУС Мінскага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Аляксандр Астрэйка, гендырэктар «Салігорскага ДСК» Раман Гразных.

Адной з першых ключ ад запаветных метраў атрымала шматдзетная сям’я інспектара ДПС трэцяга ўзвода роты дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Мінскага РУУС старшага лейтэнанта міліцыі Яраслава Спрынсяна. Шчаслівы гаспадар запрашае Аляксандра Турчына і Івана Кубракова ў госці, але папярэджвае: ён прымхлівы, таму ў новы дом першым павінен зайсці коцік. Каб звярок пасябраваў з духамі, якія там жывуць, устанавіў кантакты з дамавікамі і забяспечыў будучым жыхарам шчасце, гармонію і бяспеку. Вось і парог новай кватэры першым пераступіў рыжы прыгажун Томас — ён упэўнена зайшоў унутр, усім сваім выглядам паказваючы, хто тут цяпер гаспадар. Спакойныя паводзіны гадаванца — дакладная прыкмета таго, што жыллё сям’і Яраслава і Кацярыны Спрынсянаў спрыяльнае для жыцця.

«Вялікая, прасторная кватэра, — ганарацца гаспадары новай кватэры. — Як вы ўжо зразумелі, мы людзі прымхлівыя, таму хацелі, каб нумар кватэры уключаў лічбы 8 і 6 — усё атрымалася».

У падарунак навасёлам — карысныя і салодкія сувеніры ад міністра ўнутраных спраў. Ад губернатара Міншчыны — кветкі і кошык з ласункамі ад брэндаў Мінскай вобласці. Не засталіся без увагі і самыя юныя члены сям’і: 13-гадовы Павел, 6-гадовы Ягор і двухгадовая Маша. «Не верыцца, што нарэшце пераязджаем ва ўласную кватэру. Некалькі гадоў жылі ў інтэрнаце, потым у арэнднай кватэры. Але сваё ёсць сваё», — радуецца гаспадар кватэры Яраслаў. Дарэчы, кватэру ў Сеніцы шматдзетныя бацькі пабудавалі з дзяржпадтрымкай: заплацілі ўсяго 2 % ад яе агульнага кошту.

«Самі не верым свайму шчасцю. Мне яшчэ на рабоце падарылі мяккі куток, сценку, астатняе дакупляем. Адразу бралі жыллё з рамонтам, каб потым не марнаваць час на ўнутранае аздабленне. І так сапраўды зручна: праз 2-3 тыдня, думаю, пераедзем!» — падзяліўся планамі афіцэр.

Сімвалічна, што мерапрыемства прымеркавана да Дня беларускай міліцыі. У сувязі з гэтым Іван Кубракоў падкрэсліў: «Міліцыянеру неабходна ведаць, што забяспечаны надзейны тыл, у сям’і ўсё добра, ёсць свой дом. Тады ён цалкам можа засяродзіцца на службовых абавязках. А тое, што вартавыя парадку ўмеюць выконваць іх на выдатна, ужо не раз даказана».

Фота тэлеграм-канала МУС Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю