У ім удзельнічаюць лідары больш як 20 краін і кіраўнікі шэрагу міжнародных арганізацый, у тым ліку генеральны сакратар ААН. Саміт праходзіць пад лозунгам «25 гадоў ШАС: разам да ўстойлівага міру, развіцця і працвітання». У Бішкеку адбудзецца штогадовае пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Лідары краін шанхайскай «дзясяткі» (куды ўваходзіць і Беларусь) сабраліся ў сталіцы Кыргызстана для распрацоўкі стратэгій развіцця і абмеркавання рэгіянальных і міжнародных пытанняў, перадае «Сіньхуа».
Вялікая сям’я
За 25 гадоў ШАС прайшла шлях ад рэгіянальнага форуму да найбуйнейшага глабальнага аб’яднання. Вялікая сям’я ШАС пашырылася да 27 дзяржаў: ШАС уключае 10 дзяржаў-членаў (Беларусь, Расія, Індыя, Іран, Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Пакістан, Таджыкістан і Узбекістан), 2 назіральнікі (Афганістан і Манголія), а таксама 15 партнёраў па дыялогу (Азербайджан, Арменія, Бахрэйн, Егіпет, Камбоджа, Катар, Кувейт, Лаос, Мальдывы, М’янма, Непал, ААЭ, Саудаўская Аравія, Турцыя і Шры-Ланка). Яе тэрыторыя — каля 36 млн кв. км — ахоплівае Азію, Еўропу і Афрыку. На ШАС прыпадае амаль палова насельніцтва свету (звыш 3,4 млрд чалавек) і каля чвэрці глабальнай эканомікі. Яна лічыцца найбуйнейшым па плошчы аб’яднаннем з самым вялікім па колькасці насельніцтвам і наймагутнейшым патэнцыялам развіцця.
Павялічваецца колькасць краін, якія жадаюць далучыцца да ШАС. Цяпер Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва знаходзіцца на новым этапе якаснага развіцця. Яна стала адной з найважнейшых і найбольш рэпрэзентатыўных у свеце пляцовак шматбаковага супрацоўніцтва. На працягу 25 гадоў ШАС захоўвала прыхільнасць «шанхайскаму духу», які характарызуецца ўзаемадаверам, узаемнай выгадай, раўнапраўем, кансультацыямі, павагай разнастайнасці цывілізацый і імкненнем да сумеснага развіцця. Кіруючыся гэтым духам, бакі атрымалі наватарскія і гістарычныя дасягненні, што істотна павялічыла ўплыў і магчымасці ШАС.
«Шанхайскі дух» прадэманстраваў і працягвае дэманстраваць сваю жыццяздольнасць. Сёння перад тварам нябачаных за цэлае стагоддзе перамен значэнне «шанхайскага духу» для глабальнай супольнасці становіцца ўсё больш відавочным: ШАС імкнецца да супрацоўніцтва замест канфрантацыі і да вырашэння праблем бяспекі з дапамогай цывілізацыйнай інклюзіўнасці, лічыць навуковы супрацоўнік Інстытута Еўразіі Акадэміі міжнароднага гандлю і эканамічнага супрацоўніцтва пры Міністэрстве камерцыі КНР Юй Вэньцэ.
Канкрэтныя справы
Па выніках саміту ў Цяньцзіні ў 2025 годзе былі апублікаваны 24 дакументы і прыняты шэраг планаў дзеянняў. У прыватнасці, Стратэгія развіцця ШАС да 2035 года задала агульны курс і вызначыла ключавыя кірункі развіцця арганізацыі на будучае дзесяцігоддзе. Бакі, ажыццяўляючы вынікі саміту, рэалізавалі розныя праекты і дасягнулі рэальных вынікаў, што прынесла сапраўдную выгаду. З моманту правядзення саміту ў Цяньцзіні ШАС дасягнула значных поспехаў у практычным супрацоўніцтве, асабліва ў такіх галінах, як інстытуцыйнае будаўніцтва, зялёнае развіццё і рост тавараабароту.
Як адзначыў навуковы супрацоўнік Кітайскага цэнтра міжнародных эканамічных абменаў Чжан Юнцзюнь, у 2001 годзе аб’ём узаемнага гандлю таварамі паміж цяперашнімі 10 членамі ШАС складаў усяго каля 38 млрд долараў ЗША, а ў 2024 годзе перавысіў 650 млрд долараў. З улікам тэндэнцый развіцця ў 2026 годзе аб’ём узаемнага гандлю таварамі паміж 10 дзяржавамі-членамі дасягне прыкладна 720 млрд долараў, што амаль у 19 разоў перавысіць паказчык 2001 года, калі ўзнікла ШАС, прагназуе эксперт.
Таксама рэалізуюцца праекты ў сферы транспарту. Расце колькасць прамых авіярэйсаў. У рамках ШАС дзяржавы з розным культурным бэкграўндам аб’ядноўваюцца і прыкладаюць намаганні для сумеснага развіцця і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Паляпшэнне кіравання і ўмацаванне бяспекі ШАС, у склад якой уваходзяць два пастаянныя члены Савета бяспекі ААН, мае вялікую вагу ў міжнародных справах і з’яўляецца адным з галоўных механізмаў па садзейнічанні глабальнаму кіраванню і забеспячэнню міру і бяспекі на планеце.
На саміце ШАС у Цяньцзіні была вылучана Ініцыятыва па глабальным кіраванні. Яна накіравана на тое, каб аб’яднаць сілы ўсіх аднадумцаў, абараніць мэты і прынцыпы Статута ААН і садзейнічаць будаўніцтву больш справядлівай сістэмы глабальнага кіравання. Ініцыятыва аказалася вельмі своечасовай. Яна адпавядае агульнаму імкненню народаў усіх краін і надзённым патрэбам сучаснага свету. Усе лідары дзяржаў, якія прысутнічалі на саміце, выказалі падтрымку гэтай ініцыятыве. Міжнародная супольнасць шырока адгукнулася на яе і выказала сваё прызнанне.
Асноўная канцэпцыя ініцыятывы таксама сугучная «шанхайскаму духу». ШАС валодае багатым практычным досведам і трывалай інстытуцыйнай асновай, ёй неабходна ў поўнай меры выкарыстаць гэтыя перавагі і адыграваць больш значную ролю ў глабальным кіраванні. ШАС выступае за палітычнае вырашэнне канфліктаў і раўнапраўны дыялог у адпаведнасці са Статутам ААН і нормамі міжнароднага права, а таксама за канцэпцыю непадзельнай бяспекі, пры якой бяспека адных краін забяспечваецца не за кошт бяспекі іншых.
Многія краіны ШАС маюць агульныя межы, рэсурсы і інтарэсы. У розных краінах ШАС пражываюць прадстаўнікі аднолькавых нацыянальнасцей з падобнымі традыцыямі. Народы вялікай сям’і ШАС вартыя лепшай будучыні і павінны рухацца наперад да пабудовы супольнасці адзінага лёсу. Ад ШАС чакаюць многага. На арганізацыі ляжыць вялікая адказнасць.
Дваццаць пяць гадоў практыкі ШАС паказалі, што яе галоўны вопыт заключаецца не ў стварэнні якой-небудзь універсальнай інстытуцыйнай мадэлі, а ў выпрацоўцы падыходаў, якія даюць магчымасць урэгуляваць рознагалоссі, знаходзіць кансэнсус і развіваць супрацоўніцтва, адзначыў «Жэньмінь жыбаа» анлайн» намеснік генеральнага сакратара Даследчага цэнтра Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва пры Кітайскай акадэміі сацыяльных навук Ян Цзінь. ШАС не праводзіць ідэалагічных размежаванняў паміж дзяржавамі, не ставіць іх права голасу ў залежнасць ад палітычнай ці эканамічнай вагі і не імкнецца гарантаваць бяспеку праз закрытыя альянсы. Наадварот, арганізацыя імкнецца знаходзіць максімальна шырокую аснову для згоды шляхам кансультацый, умацоўваць свет праз развіццё і павышаць эфектыўнасць кіравання на аснове адкрытасці і інклюзіўнасці. Як заўважыў Ян Цзінь, саміт у Бішкеку дазволіць і надалей увасабляць гэтыя прынцыпы ў эфектыўных механізмах супрацоўніцтва, канкрэтных праектах і больш адкрытых фарматах партнёрства. Тым самым ШАС зможа прадаставіць больш узорны шматбаковы шлях для ўдзелу краін Глабальнага Поўдня ў перабудове міжнароднага парадку.
Гісторыя ШАС пачалася 25 гадоў таму ў Шанхаі. У мінулым годзе саміт у Цяньцзіні даў старт новаму этапу якаснага развіцця арганізацыі. Цяпер усе позіркі скіраваныя на Бішкек: ад чарговага саміту ШАС усе чакаюць важных рашэнняў.
У тэму
Беларускі раздзел у гісторыі ШАС
Беларусь пачала ўдзельнічаць у рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з 2010 года. Спачатку ў статусе партнёра. Праз пяць гадоў — у 2015-м — нашай краіне быў прадастаўлены статус назіральніка. Дзень уступлення Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва ў якасці паўнапраўнага члена ўвойдзе ў гісторыю нашай краіны. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 4 ліпеня 2024 года на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў ШАС у Астане. Прэзідэнт назваў паказальным і сімвалічным яшчэ і той факт, што год прыняцця ў ШАС супаў з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Гэта цудоўны падарунак беларускаму народу», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Практычным увасабленнем членства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва стала Стратэгія ўдзелу Беларусі ў рабоце ШАС, якую Прэзідэнт адобрыў у студзені 2025 года ў комплексе са стратэгіяй узаемадзеяння ў рамках БРІКС. Яны разлічаны на пяць гадоў — да 2030-га. Удзел у ШАС садзейнічае ўстойліваму развіццю Беларусі ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай, іншых галінах. Як адзначаецца ў дакуменце, адна са стратэгічных мэт — садзейнічанне ўсебаковаму і збалансаванаму эканамічнаму росту, сацыяльнаму і культурнаму развіццю ў рэгіёне праз сумесныя дзеянні на аснове раўнапраўнага партнёрства ў мэтах няўхільнага павышэння ўзроўню і паляпшэння ўмоў жыцця народаў дзяржаў - членаў ШАС.
Як адзначаюць эксперты, для нашай краіны ўдзел у ШАС у якасці паўнапраўнага члена адкрывае сапраўды неабсяжныя вокны магчымасцяў. «Беларусь стала паўнапраўным членам ШАС два гады таму. Але, нягледзячы на такі кароткі перыяд, мы вельмі адказна падышлі да членства, — адзначыў кітайскаму тэлеканалу CGTN намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта. — ШАС — адно з самых дынамічных у свеце аб’яднанняў. Унікальнасць гэтай арганізацыі заключаецца ў тым, што ў ёй гарманічна суіснуюць, ужываюцца і могуць мець выгаду ад узаемнага супрацоўніцтва дзяржавы з рознымі патэнцыяламі, рознай тэрыторыяй, рознай колькасцю насельніцтва. І гэтаму ў вялікай ступені садзейнічаюць таксама вельмі добрыя дабратворныя кантакты на ўзроўні лідараў краін».
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва стала адной з асноў еўразійскага свету, які фарміруецца. Аб гэтым міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
Паводле слоў Максіма Рыжанкова, працуючы ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Беларусь заўсёды выступае з актуальнымі ініцыятывамі для ўмацавання ўзаемадзеяння паміж краінамі - членамі ШАС у самых розных пытаннях. «Гэта і трансгранічнае супрацоўніцтва, і пытанні бяспекі, зніжэння тэрарыстычнай пагрозы, пытанні эканамічнага характару, — адзначыў міністр. — Перыметр арганізацыі вельмі вялікі, гэта фактычна ўся Цэнтральная Азія. Ядро — Кітай, Індыя, Пакістан — займае большую частку еўразійскай прасторы. Велізарны рынак (больш за тры мільярды жыхароў), прычым дынамічна развіваецца, навукова-тэхнічна развіваецца. Я лічу, што наша арганізацыя — гэта таксама аснова еўразійскага свету, які фарміруецца».
Вялікія надзеі дзяржавы ўскладаюць на работу Банка развіцця ШАС, стварэнне якога было прынцыпова ўзгоднена на леташнім саміце ў кітайскім Цяньцзіні. «Ён закліканы ўзмацніць разлікі паміж краінамі ў нацыянальных валютах, вырашыць пытанні фінансавага характару і намеціць планы па пашырэнні інвестыцыйнага супрацоўніцтва за кошт сродкаў Банка развіцця ў краінах, дзе гэта неабходна», — расказаў кіраўнік МЗС.
Беларусь таксама зацікаўлена ўдзельнічаць у развіцці навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва на прасторы ШАС. «Такія вялікія краіны, якія маюць сур’ёзны навукова-тэхнічны патэнцыял, таксама павінны нарошчваць узаемадзеянне ў навукова-тэхнічным развіцці і ўзаемадапаўняць адна адну новымі цікавымі распрацоўкамі, асабліва ва ўмовах санкцый, абмежаванняў, фарміруючы свой прадукт, развіваючы свае ідэі», — падкрэсліў Максім Рыжанкоў.
Сёння ШАС па праве лічыцца адной з самых дынамічных і ўплывовых міжнародных арганізацый у Еўразіі і свеце. Гэта адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні генеральнаму сакратару Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Нурлану Ермекбаеву з 25-годдзем з дня ўтварэння арганізацыі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. «Наша „шанхайская сям’я“ дапамагае выбудоўваць дыялог, знаходзіць практычныя рашэнні і падтрымліваць супрацоўніцтва там, дзе асабліва важны давер, адказнасць і павага да меркаванняў розных бакоў», — адзначаецца ў віншаванні. Мінск прадоўжыць уносіць свой уклад у прасоўванне ключавых ініцыятыў і абарону інтарэсаў арганізацыі, запэўніў Прэзідэнт Беларусі.
Менавіта такім чынам усё і адбываецца, бо, як вядома, у нас словы не разыходзяцца з канкрэтнай справай.
Мікалай ЛІТВІНАЎ