Top.Mail.Ru

Духоўны і эканамічны фундамент супрацоўніцтва абмеркавалі на сустрэчы Прэзідэнта з губернатарам Санкт-Пецярбурга

«Піцер — прыярытэт прыярытэтаў».


Агульнае гераічнае мінулае, эфектыўная сучаснасць і амбіцыйныя планы на будучыню — адносіны Беларусі і Санкт-Пецярбурга могуць служыць узорам. Іх узровень і ўдасканаленне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым. Нагода для візіту дэлегацыі Санкт-Пецярбурга асаблівая — 25-годдзе ўстанаўлення пабрацімскіх сувязей паміж сталіцай Беларусі і паўночнай сталіцай Расіі. Чвэрць стагоддзя — выдатная магчымасць прааналізаваць пройдзены шлях і паставіць новыя мэты. 

«Справа ў духоўнасці, ідэйнасці»

Вітаючы гасцей, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён асабіста ды і ўсе беларусы цэняць добрыя і цёплыя адносіны з Санкт-Пецярбургам. Ён выказаў сваё меркаванне наконт таго, што ў Вялікай Айчыннай вайне больш за ўсіх пацярпелі менавіта беларусы і ленінградцы. «Пра гэта можна спрачацца. Але тое, што ленінградцы пасля вайны, у пасляваенны перыяд аказалі істотную падтрымку беларусам і гораду Мінску ў аднаўленні, у адраджэнні (вы ведаеце, Беларусь наогул была сцёртая з твару зямлі) гэта праўда. Менавіта ленінградцы першымі прыйшлі нам на дапамогу», — сказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што з дапамогай жыхароў Ленінграда і беларуская навука збольшага зараджалася, і праходзіла аднаўленне разбуранай рэспублікі — беларусы шмат чаму навучыліся ў жыхароў Ленінграда.

«Таму ў нас вельмі істотная глыбіня адносін, заснаваная на гэтым братэрстве. І Ленінград для нас, Піцер — прыярытэт прыярытэтаў, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Не толькі таму, што ў нас гандлёва-эканамічныя адносіны нядрэнна развіваюцца. Па маіх даных, ужо больш за два мільярды долараў стабільна маем тавараабароту. Думаю, у гэтым годзе пад сілу нам і 2,5 мільярда, нягледзячы на рознага роду катаклізмы, якія існуюць як у нас - так і ў вас. Мы гэта можам зрабіць. Справа тут не толькі ў гэтым, а справа ў гэтай духоўнасці, ідэйнасці, якая з’яўляецца асновай нашых узаемаадносін. Гэта калі казаць у сувязі з тым, што мы сёлета святкуем 80 гадоў Вялікай нашай Перамогі, нашай агульнай Перамогі». 
Машынабудаванне. «Мы нічога не страцілі»

Кіраўнік дзяржавы пералічыў і асноўныя накірункі, па якіх беларусы маглі б быць карысныя Санкт-Пецярбургу. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь — гэта краіна з не толькі прасунутай аграрнай палітыкай і вынікамі яе. Гэта перш за ўсё машынабудаўнічая краіна. «Мы можам нямала. І гэта таксама заслуга ўсіх савецкіх людзей. Усё, што мы стваралі ў савецкі перыяд (вы таксама ведаеце), мы захавалі, мы нічога не разбурылі і не прадалі. Там, дзе дзяржава можа працаваць і кіраваць, намі захавана дзяржаўная ўласнасць. Мы не перашкаджаем развіццю прыватнай уласнасці калі ласка. Мы, наадварот, падтрымліваем, роўныя ўмовы ствараем. Але гэтыя гіганцкія прадпрыемствы, якія былі створаны ў савецкі перыяд, яны сёння працуюць і даюць вынік», — адзначыў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што Санкт-Пецярбург — вялікі горад, які зацікаўлены ў пастаўках пасажырскай і камунальнай тэхнікі. Беларускі бок можа гэта ажыццяўляць, тым больш што такая работа ўжо вядзецца. Аляксандр Лукашэнка назваў пастаўкі аўтамабільнай тэхнікі асновай гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Санкт-Пецярбурга. «Мы будзем старацца так, каб нават тыя, хто ў гэтым „вельмі зацікаўлены“, так званыя апазіцыйныя СМІ не піярыліся на тым, што дзесьці нейкая няспраўнасць у нашай тэхнікі», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што многае залежыць ад абслугоўвання тэхнікі. «Калі трэба будзе, мы сваю тэхніку беларускую, прададзеную ў Піцер, можам узяць на тэхнічнае абслугоўванне, калі трэба, і эксплуатацыю, каб цалкам потым за яе адказваць», — прапанаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што, бываючы ў Санкт-Пецярбургу, адзначае чысціню горада. І нават раіў старшыні Мінскага гарвыканкама з’ездзіць у Піцер, паглядзець, «як трэба вуліцы прыбіраць і чысціць». Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Санкт-Пецярбург — вялізны горад, якому вельмі патрэбна камунальная тэхніка. Ён адзначыў, што ў Беларусі вырабляецца тэхніка, якая можа прыбіраць вузкія вуліцы, з чым часта бываюць праблемы. Асобныя ўзоры ўжо перададзеныя ў Санкт-Пецярбург.

Ліфтабудаванне. «Нам патрэбныя гарантыі»

Яшчэ адзін напрамак, пазначаны Прэзідэнтам, — савецкая спадчына: ліфты, ліфты і яшчэ раз ліфты. «Яны прыйшлі ўжо ў непрыдатнасць і ў нас, і па ўсім Савецкім Саюзе былым. Ведаю, праблемы і ў Ленінградзе. Мы нямала паставілі ліфтаў у Піцер. Гатовыя працягваць гэта і далей, гатовыя ствараць сумесныя прадпрыемствы па ўсіх напрамках, якія вас цікавяць. Галоўнае — нам патрэбныя гарантыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 
Па яго словах, пры стварэнні такіх сумесных прадпрыемстваў можна ўжо на месцы забяспечыць і значную долю лакалізацыі, паколькі і беларуская прадукцыя часткова вырабляецца з выкарыстаннем расійскіх камплектуючых «Калі мы нават арганізуем зборачную вытворчасць на пачатковым этапе ў вас, то яна на 50% будзе расійскай. Яно ўжо будзе лакалізавана», — заўважыў беларускі лідар. 
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што падтрымку знойдуць праекты па закупцы беларускай пажарнай тэхнікі, у чым зацікаўлены Санкт-Пецярбург. 

Харчаванне. «Мы не збіраемся нажывацца» 

Традыцыйны кірунак супрацоўніцтва — пастаўка прадуктаў харчавання ў Санкт-Пецярбург. «Мы гатовыя і далей супрацоўнічаць. Гатовыя ствараць базы, крамы для таго, каб зрабіць таннейшай прадукцыю. У асноўным, гэта пастаўкі дзяржаўных кампаній, перапрацоўчых кампаній. Мы не збіраемся нажывацца на павышэнні цэн. І мы можам вам даказаць, што наша прадукцыя заўсёды будзе таннейшай за любую прадукцыю, якая ў вас у Піцеры на паліцах. Пра якасць я не кажу — маё стаўленне і беларусаў да якасці вы выдатна ведаеце. Таму будзем імкнуцца да таго, каб вы былі задаволеныя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Порты. «Асноўная дарога для беларускай прадукцыі»

Прэзідэнт падзякаваў за падтрымку кампаніі, якая займаецца будаўніцтвам беларускага порта ў Бронцы. «Нямала зроблена. Вельмі нават шмат зроблена», — адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час з прапановай аб будаўніцтве партовых магутнасцей для Беларусі выступіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. «Я здзівіўся, што ён да метра ведае ўсю гэтую партовую тэрыторыю. Паказаў мне: «Вось, калі ласка, калі хочаш, давай тут Беларусі выдзелім месца, будуйце», — распавёў ён. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што многае там ужо зроблена і выказаў надзею, што будзе зроблена яшчэ больш. «Але на гэтым этапе мы вельмі ўдзячныя за тую падтрымку, якую вы аказваеце. Мы перавязем сёлета праз гэты порт каля 7 мільёнаў тон розных грузаў. І сыпкіх грузаў, і нафтапрадуктаў. Будзем грузіць усё. Будзем развіваць гэты порт», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, сем мільёнаў — гэта зусім не шмат для нас, ёсць планы працаваць і праз парты Мурманска. Але паводле слоў Прэзідэнта, гэта рэзервовае месца, бо там трэба будаваць гэты порт і на гэта сыдзе нямала гадоў. Таму порт у Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка назваў для беларускай прадукцыі асноўнай дарогай у свет. 

Прэзідэнт адзначыў, што па ўсіх напрамках супрацоўніцтва Беларусь і Санкт-Пецярбург сур’ёзна прасунуліся, у тым ліку і падтрымцы Аляксандра Бяглова. «Я гэта адчуваю, што вы ад душы гэта робіце як чалавек. Заўсёды вас падтрымліваў і падтрымліваць буду на любым узроўні. Вы для нас сапраўдны беларус, калі можна так сказаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што беларусы і ленінградцы вельмі падобныя. Ленінградцы захавалі ўсё тое добрае, што было характэрна для савецкіх людзей. «І гэта таксама вельмі важна. Хоць вы сямімільнымі крокамі рухаецеся па шляху рыначнай эканомікі», — заўважыў беларускі лідар.

Людзі хочуць справядлівасці

Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пытанне справядлівасці ў цэнаўтварэнні. Ён расказаў, што ў Беларусі прымаюцца меры, каб цэнаўтварэнне было справядлівым і задавальняла ўсіх па ланцужку, уключаючы вытворцаў, перапрацоўшчыкаў, гандаль і спажыўцоў. «Мы не адмаўляемся ад работы на дзяржаўным узроўні. Гляджу, і вы ўжо не толькі на бульбу, але і ў цэлым на „набор для баршчу“ спрабуеце цэны адрэгуляваць. Хоць нас крытыкавалі летась, што мы рэгулюем цэны, — адзначыў ён. — Мы нічога не рэгулявалі. Мы проста хацелі ўсталяваць правілы. Як я галоўнаму нашаму цэнавіку кажу: не трэба нічога рэгуляваць, мы не ўмеем гэта рабіць, і гэта немагчыма цяпер у гэтым хаосе. Трэба цану справядлівасці ўстанавіць». Прэзідэнт заўважыў, што са змяненнем урада пасля выбараў пачаліся свавольствы: «Я гэта бачу. Мне людзі пішуць кожны дзень. А прэс-служба аналізуе гэта і ўсё мне на стол. Так што рыхтуйцеся, будзеце дакладваць мне па цане справядлівасці», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускага боку на сустрэчы. Сярод іх быў і першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі прымаюцца меры, каб справядлівымі былі не толькі цэны, і заработныя платы работнікаў гандлю. На цэнаўтварэнне таксама ўплываюць пытанні рэнтабельнасці і сабекошт вытворчасці на прадпрыемствах, над чым таксама можна працаваць. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым плане магчыма устанавіць пэўную планку для вытворцаў. У прыклад ён прывёў малакаперапрацоўчае прадпрыемства, работу якога абмяркоўваў падчас даклада аднаго з кіраўнікоў абласцей. Гэта прадпрыемства працуе з прыватнай кампаніяй, і, як далажыў губернатар, сяляне задаволеныя, аплата своечасова, цэны нармальныя, перапрацоўшчык не пакутуе... 
«Чаму мы не можам узяць гэтую сістэму? Усе задаволеныя. І я тым больш буду задаволены, і народ будзе задаволены. Цэны не задзіраюць. — адзначыў Прэзідэнт. — Не, у нас целяпаюцца. Ну, я разбяруся, чаму целяпаюцца, чаму не могуць узяць тыповую гаспадарку, дзе, як я сказаў, па ланцужку ўсе задаволеныя, і ўстанавіць гэты парог: працуйце, як яны. Вось і ўся рэгуляванне. Хтосьці недацягвае да гэтай рэнтабельнасці — гэта вашы праблемы, працуйце з сабекоштам. Рэнтабельнасць — гэта і сабекошт. Гэта не толькі цана, па якой мы прадаём, гэта не толькі прыбытку сабе ў кішэню нагрэбці».
Па словах Прэзідэнта, цяпер і ў Беларусі, і ў Расіі галоўнае — гэта справядлівасць. «Людзі хочуць справядлівасці. Яны далёкія ад нашай эканомікі, ім гэта і не трэба. Але яны хочуць справядлівасці, каб, прыйшоўшы ў краму, ён не адчуваў сябе як у музеі: паглядзеў на экспанаты і сышоў, таму што ў кішэні няма грошай, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — Таму вось так паціху мы выконваем свае функцыі, сваю ролю. І я абсалютна перакананы, што і Расія да гэтага прыйдзе. Нашы народы славянскія: Украіна, Беларусь, Расія перш за ўсё, яны несправядлівасці не пацерпяць. Хочам мы гэтага ці не, мы вымушаныя будзем гэтую справядлівасць ствараць. Не абавязкова такім шляхам, нейкім іншым. На гэтых прынцыпах мы заўсёды працавалі, і бачу, што гэта прыносіць свой плён і ў Піцеры. І абяцаю вам: пры нашай дамоўленасці будзем дакладна выконваць свае абавязацельствы». 

«Адносіны паміж Беларуссю і Санкт-Пецярбургам сапраўды братэрскія»

У сваю чаргу Аляксандр Бяглоў падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы. Паводле яго слоў, вектар узаемадзеяння Беларусі і Санкт-Пецярбурга, зададзены Прэзідэнтамі дзвюх краін, сёння дакладна выконваецца. Аляксандр Бяглоў распавёў, што нядаўна прачытаў першае інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі, калі 31 год таму Прэзідэнт Беларусі ўпершыню быў выбраны на гэтую пасаду. «З таго часу і па сёння вы не змянілі сваім прынцыпам і сваім рашэнням, якія тады прымалі. Яны стабільныя. Яны фундаментальныя. Гэта дазволіла заваяваць павагу сярод беларускага народа, сярод расіян. І ў краінах СНД. Я цалкам падзяляю вашы словы пра тое, што адносіны паміж Беларуссю і Расіяй, Санкт-Пецярбургам сапраўды братэрскія, роднасныя, таму ў нас усё атрымліваецца. Вельмі важна, калі такі трэнд задаюць два Прэзідэнты, гэта вельмі нам дапамагае». — адзначыў Аляксандр Бяглоў. У прыклад ён прывёў даручэнне кіраўнікоў дзяржаў адкрыць консульства Рэспублікі Беларусь у Санкт-Пецярбургу. Да Дня Незалежнасці нашай краіны ў цэнтры Санкт-Пецярбурга яно было адкрыта і ўжо працуе. 

Даслоўна 

У размове з журналістамі Аляксандр Бяглоў звярнуў увагу, што ў супрацоўніцтве Беларусі і Санкт-Пецярбурга няма мяжы, ёсць шмат напрамкаў, у якіх трэба рухацца наперад. «Мы працуем з Урадам Рэспублікі Беларусь ва ўсіх аспектах. І Аляксандр Рыгоравіч казаў пра тое, што нельга працаваць як пакупнік і прадавец, тады тавараабарот не будзе расці. Важная інтэграцыя. І пастаўлена задача, якая сёння ажыццяўляецца — гэта інтэграцыя вытворчасці», — адзначыў Аляксандр Бяглоў. Губернатар Санкт-Пецярбурга расказаў, што для горада вельмі важныя беларускія якасныя электробусы, 99 адзінак гэтай тэхнікі ўжо закуплена і ў бліжэйшы час выйдуць на вуліцы паўночнай сталіцы Расіі. 

Санкт-Пецярбургу цікавыя і іншыя ўзоры беларускай пасажырскай тэхнікі. Аляксандр Бяглоў адзначыў, што цяпер у Санкт-Пецярбург пастаўляецца 230 тысяч тон беларускіх харчовых тавараў. «Прадукцыя гэтая якасная, і яна заваёўвае папулярнасць», — сказаў ён. Паводле слоў губернатара Санкт-Пецярбурга, наладжана эфектыўнае супрацоўніцтва з беларускімі калегамі ў сферах медыцыны, навукі, мастацтва і многіх іншых.

Валерыя СЦЯЦКО.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю