«Мы фіксуем ужо не першы год вельмі станоўчыя зрухі ў фінансавых паводзінах насельніцтва, — адзначыў Раман Галоўчанка. — Працэсы дэвалютызацыі ідуць досыць хутка. Мы бачым вельмі ўпэўнены і хуткі рост дэпазітаў і фізічных, і юрыдычных асоб у беларускіх рублях. Усё гэта адцягвае крыху ўвагу ад фіксацыі на курсе долара. Магчыма, ён важны для тых, хто трымае пэўную частку зберажэнняў наяўных грошай у доларах. Я ўжо неаднаразова пра гэта казаў, што гэта зараз з усіх опцый, можа, і дастаткова бяспечны варыянт, але і найменш выгадны, таму што гэта фактычна змярцвелыя грошы, якія не прыносяць ніякага даходу. Але калі ў кагосьці ёсць такое жаданне рабіць зберажэнні ў наяўнай валюце, мы, вядома, ніякім чынам гэтаму не перашкаджаем».
Старшыня Праўлення Нацбанка падкрэсліў, што ў цэлым ваганні курсу долара сёння аб’ектыўныя, што звязана з масай фактараў. «У Нацыянальнага банка ёсць інструменты для таго, каб купіраваць рэзкую змену курсу замежных валют, і не толькі долара ЗША, да беларускага рубля. Але ў цэлым мы не ўмешваемся ў працэс курсаўтварэння — ён адбываецца на рынкавых асновах. Але, яшчэ раз паўтараю, у выпадку рэзкіх усплёскаў у нас ёсць інструментарый для таго, каб купіраваць гэтыя працэсы. Пакуль мы яго не задзейнічаем таму, што сур’ёзных узрушэнняў на валютным рынку не прадбачыцца. І нягледзячы на ўсю напружанасць, якая існуе ў свеце, курс нацыянальнай валюты стабільны. Тыя крокі, якія мы зрабілі і паставілі задачы перад банкаўскай сістэмай па далейшым павышэнні ашчаднай актыўнасці насельніцтва, па падаўжэнні тэрмінаў размяшчэння ўкладаў, атрымалі добры водгук. І вось ужо другі месяц мы фіксуем рост дэпазітаў фізічных і юрыдычных асоб не толькі на тэрмін ад года да трох, але і больш за тры гады. Ужо фактычна ўсе банкі, выконваючы пастаўленую задачу, сфарміравалі прывабныя дэпазітныя прадукты на тэрмін звыш трох гадоў, і пакуль мы рухаемся ў запланаваным графіку».
Раман Галоўчанка таксама заявіў, што Нацбанк фіксуе вялікую цікавасць да крыптабанкаў ад айчынных і замежных удзельнікаў рынку.
Нагадаем, што 16 студзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 19 «Аб крыптабанках і асобных пытаннях кантролю ў сферы лічбавых знакаў (токенаў)». Дакумент накіраваны на ўмацаванне іміджу Беларусі як флагмана ў сферы фінансавых IT-тэхналогій і прадугледжвае стварэнне ўмоў для дзейнасці ў краіне крыптабанкаў.

«Фармальных заявак ад тых, хто хоча адкрыць крыптабанк, пакуль няма, — сказаў Раман Галоўчанка. — Проста яшчэ не настаў час для іх падачы, але цікавасць вялікая ад патэнцыяльных уладальнікаў ліцэнзіі. І зараз вялікая колькасць пытанняў паступае, таму што, як вы ведаеце, ідзе актыўная работа над фарміраваннем нарматыўнай прававой базы па рэалізацыі адпаведнага ўказа кіраўніка дзяржавы. І мы фіксуем вялікую цікавасць з боку ўдзельнікаў фінансавага рынку — як айчынных, так і замежных».
Старшыня Праўлення Нацбанка дадаў, што іх прыцягвае менавіта тое, што Беларусь — адна з першых краін, якая плануе стварыць такое дакладнае нарматыўна рэгуляванае прававое асяроддзе для дзейнасці крыптабанкаў. «Мяркую, што да таго часу, калі пачнецца афіцыйны прыём заявак на атрыманне адпаведнага статусу, работа будзе кіпець», — адзначыў ён.
Раман Галоўчанка, віншуючы пераможцаў конкурсу, адзначыў, што на працягу дзевяці гадоў ён з’яўляецца візітнай карткай і адной з ключавых падзей Тыдня фінансавай граматнасці. Ён адкрывае новыя імёны, таленты і дэманструе высокі ўзровень уцягнутасці і цікавасці моладзі ў пытанні фінансавай асветы. «Тэма сёлетняга конкурсу вельмі актуальная і своечасовая — „Лічбавыя фінансы“, — падкрэсліў старшыня Праўлення Нацбанка. — Яна выбрана невыпадкова, таму што адлюстроўвае ключавыя тэндэнцыі сённяшняга дня, тое, што адбываецца ў эканамічным свеце. Гэта імклівыя змены, у ходзе якіх лічбавыя тэхналогіі ўсё глыбей пранікаюць у жыццё кожнага з нас, у тым ліку ў сферу фінансаў. Фінансаў дзяржаўных, персанальных фінансаў. І становяцца ўжо не нейкай тэхналогіяй, на якую мы глядзім, яны становяцца неад’емным элементам нашага паўсядзённага жыцця».
Задачай конкурсу было раскрыць тэму бяспечнага, адказнага і рацыянальнага выкарыстання сучасных фінансавых інструментаў. На конкурс паступіла больш за 500 работ з усіх куткоў нашай краіны. Гран-пры конкурсу рашэннем журы ўдастоены Аляксандр Міхайлоўскі з Магілёва.