Верасень нездарма пачалі называць чацвёртым месяцам лета. Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, у другой палове верасня тэмпературны фон будзе на некалькі градусаў вышэй за норму. А на гэтым тыдні на тэрыторыю нашай краіны прыйдзе сапраўднае бабіна лета.
У сераду чакаецца паступленне цёплых паветраных мас з паўднёвага захаду Еўропы. Воблачна з праясненнямі, пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай у асобных раёнах будзе згушчацца туман. Вецер уначы няўстойлівы слабы, удзень месцамі на паўночным захадзе парывісты. Тэмпература паветра ўначы — ад 3 да 10 °C цяпла, месцамі да плюс 13 °C, максімальная днём — ад плюс 18 °C па паўночным усходзе да 26 °C вышэй за нуль па захадзе краіны.
У чацвер воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі па захадзе і паўночным захадзе, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі пройдуць дажджы. Удзень у асобных
раёнах магчымы навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер паўднёвы з пераходам на заходні ўмераны. Тэмпература ўначы — ад плюс 7 °C па паўднёвым усходзе да 15 °C вышэй за нуль па захадзе краіны. Максімальная тэмпература днём — ад плюс 14 °C па паўночным захадзе да 27 °C цяпла па паўднёвым усходзе краіны.
Чакаецца, што і ў пятніцу надвор’е яшчэ палепшыцца, а ў выхадныя яно будзе спакойнае, цёплае і па восеньскіх мерках камфортнае.
Сяргей КУРКАЧ