Top.Mail.Ru

«Дыялогу Беларусі і Амана наканавана стаць прыкладам сапраўднага, раўнапраўнага, даверлівага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх дружалюбных краін»

Перагаворы кіраўнікоў Беларусі і Амана закончыліся падпісаннем важных дакументаў. 


«Далейшае паглыбленне беларуска-аманскіх адносін можа стаць новым пунктам росту для абедзвюх эканомік і стымулам для развіцця чалавечага капіталу. Пра гэта сведчаць цяперашні ўзровень палітычных кантактаў і створаны намі зачын. Але ёсць і каласальны нерэалізаваны патэнцыял. Гандлёва-эканамічныя адносіны з’яўляюцца тым моцным фундаментам, на якім можна ўзвесці будынак двухбаковага супрацоўніцтва любой вышыні», — гаворыцца ў артыкуле Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваным на партале Omandaily у снежні мінулага года да візіту беларускага лідара ў Аман. Тады перагаворы на найвышэйшым узроўні і дасягнутыя дамоўленасці вывелі беларуска-аманскія адносіны на новы якасны ўзровень. Прычым па розных кірунках, уключаючы чыстую энергію, адукацыю, ахову здароўя, тэхналогіі, транспарт і лагістыку. 

Аман для нашай краіны — партнёр не новы, трывалы і надзейны. Гэта пацвярджаюць і лічбы: па выніках 2024 года ўзаемны тавараабарот склаў 8,44 мільёна долараў. І патэнцыял для яго павелічэння невычарпальны. Гэта засведчыў і афіцыйны візіт у нашу краіну Султана Амана Хайсама бен Тарэка Аль Саіда. Ключавая падзея ў графіку Султана на 6-7 кастрычніка — перагаворы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. На парадку дня — ход рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцяў, перспектыўныя кірункі і шляхі пашырэння супрацоўніцтва ў розных сферах — усё ў імя ўдасканалення гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. 

Пышны цырыманіял — справа ўсходняя, але і ў нас гасцей сустракаюць прыгожа і цёпла. Аляксандр Лукашэнка асабіста сустрэў Хайсама бен Тарэка Аль Саіда ў Палацы Незалежнасці. Урачыстая цырымонія сустрэчы ў такіх выпадках праходзіць з удзелам роты ганаровай варты, выкананнем дзяржаўных гімнаў дзвюх краін. У пратаколе была і цырымонія фатаграфавання лідараў. Але ў палітыцы галоўнае не пратакол, а справы. Таму адразу пасля ўрачыстага цырыманіялу — перагаворы. 

MGUK1971_result.jpg

Спачатку — у вузкім складзе 

Мы поўныя жадання зрабіць усё, каб паміж нашымі краінамі былі лепшыя адносіны

«Хачу афіцыйна заявіць, што вы чалавек слова: паабяцалі прыехаць у Мінск — прыехалі», — вітаў госця Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што ў СМІ гэты візіт назвалі гістарычным. «Я гэты пункт гледжання падзяляю, — заявіў Прэзідэнт. — Я хачу, каб вы разумелі: мы поўныя жадання зрабіць усё, каб паміж нашымі краінамі былі лепшыя адносіны».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паміж краінамі ўжо напрацаваны не проста намеры, а кантракты. І запэўніў, што з беларускага боку ёсць поўная гатоўнасць абмяркоўваць іх рэалізацыю. 

«Наколькі я разумею, дарожная карта, план нашых сумесных мерапрыемстваў гатовая. Для нас работа адна — узгадніць гэты план сумесных дзеянняў. І, вядома, пракантраляваць, каб ён быў рэалізаваны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у рэгіёне Паўднёва-Заходняй Азіі для нас няма краіны бліжэйшай, чым Аман. «Таму мы гатовыя з вамі па ўсіх кірунках мець адносіны, і, хачу вас запэўніць: калі мы дамовімся па нейкім пытанні, мы абавязкова выканаем гэта», — канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў Султану Амана за гэты візіт. Асобныя словы падзякі выказаў членам дэлегацыі, міністру замежных спраў Амана за падрыхтоўку візіту. «Хачу вас запэўніць: вы не пашкадуеце, што прыехалі ў Беларусь, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — І буду чакаць вас зімой». 

У сваю чаргу Хайсам бен Тарэк Аль Саід падзякаваў беларускаму лідару за гасцінны прыём. «Мы рады сёння быць з вамі ў горадзе Мінску. Вы наведвалі Аман ужо неаднойчы. Сёння мы знаходзімся ў вашай краіне для таго, каб прасачыць за ходам рэалізацыі таго, пра што мы дамовіліся раней. З моманту вашага візіту ў Аман ужо шмат чаго мы змаглі дасягнуць. У той жа час застаецца шмат нерэалізаванага патэнцыялу і з вашай дапамогай пры ўзаемадзеянні дзвюх краін мы зможам гэты патэнцыял рэалізаваць», — адзначыў Султан Амана. Ён падкрэсліў, што Прэзідэнта Беларусі заўсёды чакаюць у Амане.

«Інтэнсіўныя кантакты дазволілі сфарміраваць сур’ёзны пул дадатковых праектаў»

На перагаворах у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў снежні мінулага года ў Маскаце лідары дамовіліся разам адкрыць новы раздзел у двухбаковых адносінах і пачаць адлік іх новага этапу з першага афіцыйнага візіту ў Мінск Султана Амана Хайсама бен Тарэка Аль Саіда.

«Напярэдадні гэтай падзеі выканана вялікая работа, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Падрыхтавана паўнавартасная „дарожная карта“ — план нашага супрацоўніцтва — насычаная канкрэтнымі задачамі ў сферах харчовай бяспекі, прамысловасці, турызму, транспарту і лагістыкі, інвестыцый».

Стабільнасць узаемадзеянню і ўпэўненасць у дасягненні пастаўленых мэт, па словах Прэзідэнта, надало заснаванне Сумеснага камітэта па супрацоўніцтве і інвестыцыях. «Яго высокім куратарам з аманскага боку выступае Наследны прынц — міністр культуры, моладзі і спорту, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Пры яго асабістым удзеле, прытрымліваючыся нашых з вамі ўстановак, урады і дзелавыя колы сур’ёзна прасунуліся па шэрагу напрамкаў».

Кіраўнік дзяржавы канкрэтызаваў, што дзякуючы сумесна прынятым рашэнням аб аблягчэнні візавых патрабаванняў і запуску прамых авіязносін з лютага 2025 года ўжо звыш 1700 беларусаў наведалі Аман. «Разлічваем на сустрэчны паток аманскіх гасцей», — дадаў Прэзідэнт. 

GOR_0402_result_result.jpg

Па яго словах, візіт міністра аховы здароўя Амана ў Беларусь паказаў, што ёсць перспектывы ў медыцынскага турызму — так, як і ў адукацыйных, культурных абменаў.

«Падпісанне пагаднення аб бязвізавым рэжыме паездак па звычайных пашпартах зробіць нашы краіны яшчэ бліжэйшымі адна да адной і дапаможа рэалізацыі нашых сумесных праектаў», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што на сустрэчы ў вузкім складзе лідары ўжо закранулі пытанні актывізацыі двухбаковых кантактаў з акцэнтам на эканоміку і інвестыцыі.

«У Маскаце мы з вамі гаварылі аб тым, што для пачатку трэба запусціць два-тры сумесныя праекты і рухацца наперад, — нагадаў ён. — Можна сказаць, што гэта задача нашым бізнесам выконваецца. Сваімі праектамі ў Амане мы ўмацоўваем харчовую бяспеку не толькі Амана, але і ўсяго вашага рэгіёна. Аманскія ж інвестыцыі ў сферы дрэваперапрацоўкі дапамогуць больш эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя багацці Беларусі. Больш за тое, інтэнсіўныя кантакты дазволілі сфарміраваць сур’ёзны пул дадатковых праектаў».

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць аманскаму боку за цікавасць да арганізацыі зборачных вытворчасцяў, сумесных вытворчасцяў і продажаў тэхнікі МАЗ і «Амкадор». Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што беларускія прадпрыемствы гатовы пераводзіць супрацоўніцтва з выбраным аманскім бокам партнёрам у практычную плоскасць.

«У выніку разлічваем выйсці на стварэнне ў Амане добрай і доўгатэрміновай апорнай кропкі — хаба па прасоўванні беларускай прадукцыі ў рэгіёне Персідскага заліва і Усходняй Афрыкі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Усе праекты і кантракты, якія мы падпісалі і яшчэ падпішам, будуць рэалізаваныя ў тэрмін»

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў аб перспектывах ўзаемадзеяння ў галіне фармацэўтыкі. Заключаны першыя кантракты на пастаўку ў Аман беларускіх лекаў, якія ў дадзены момант праходзяць сертыфікацыю.

«Мы адкрытыя для любых ініцыятыў аманскага боку і былі б рады ўнесці свой уклад у рэалізацыю вашага амбіцыйнага стратэгічнага плана развіцця краіны — «Бачанне Амана 2040», — адзначыў беларускі лідар. 

У якасці агульнай задачы кіраўнік дзяржавы прапанаваў не зніжаць набранага тэмпу і дынаміку ўзаемадзеяння, умацоўваючы дасягнуты высокі ўзровень даверу паміж абедзвюма краінамі. «Для гэтага, акрамя эканомікі, у нашым распараджэнні ёсць такія цудоўныя інструменты, як супрацоўніцтва ў сферы спорту і культуры», — канкрэтызаваў ён. 

MGUK1984_result.jpg

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў аманскіх гасцей, што, абапіраючыся на найлепшы міжнародны вопыт, у нашай краіне ўзводзяць новы Нацыянальны музей гісторыі Беларусі. «Былі б удзячныя за парады самага, можна сказаць, беларускага аманца — Генеральнага сакратара Нацыянальнага музея Амана», — удакладніў Прэзідэнт. (Генеральны сакратар музея Жамаль аль-Мусаві валодае рускай мовай, яго маці — ураджэнка Беларусі. У ходзе візіту Прэзідэнта Беларусі ў Аман у снежні 2024 года ён правёў для Аляксандра Лукашэнкі экскурсію па Нацыянальным музеі Амана і заявіў аб гатоўнасці падзяліцца вопытам пры будаўніцтве музея ў Мінску).

Па словах кіраўніка дзяржавы, для таго, каб сумесныя праекты прасоўваліся, вельмі важныя ўзаемныя сустрэчы і візіты. «Так, як вы робіце гэта сёння, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы падтрымаем такі высокі ўзровень нашых адносін, я перакананы, што ўсе праекты і кантракты, якія мы падпісалі і яшчэ падпішам, будуць рэалізаваны ў тэрмін». 

Звяртаючыся да Султана Амана і членаў аманскай дэлегацыі, Прэзідэнт падкрэсліў, што дыялогу Беларусі і Амана наканавана стаць прыкладам сапраўднага, раўнапраўнага, даверлівага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх дружалюбных краін. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што сённяшні асабісты кантакт будзе садзейнічаць далейшым прадуктыўным адносінам. 

«Мы да гэтага гатовы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Яшчэ раз запэўніваю вас: усе нашы дамоўленасці з беларускага боку будуць выконвацца няўхільна і ў тэрмін, бо Аман для нас — вельмі цікавая краіна. Мы адкажам узаемнасцю». 

«Імкнёмся шмат працаваць, каб нашы адносіны ў эканамічным плане былі на ўздыме»

Султан Амана Хайсам бен Тарэк Аль Саід выказаў удзячнасць беларускаму боку за цёплы прыём і гасціннасць, а таксама адзначыў, што яму радасна знаходзіцца ў Беларусі. «Мы задаволены плённым дыялогам і нашымі перагаворамі, — канкрэтызаваў ён. — Мы заўсёды ўдзялялі ўвагу супрацоўніцтву з вашай краінай. Пасля вашага візіту ў Аман было дасягнута шмат дамоўленасцяў. У нас шмат планаў супрацоўніцтва. Сённяшні візіт з’яўляецца працягам нашага дыялогу. Мы пацвярджаем, што падтрымліваем развіццё нашых адносін».

Султан Амана даў высокую ацэнку стварэнню Сумеснага камітэта па супрацоўніцтве і інвестыцыях. «Мы лічым, што гэта добры пачатак нашага супрацоўніцтва, дасягнення ўсіх нашых дамоўленасцяў і жаданняў нашых народаў, — падкрэсліў Хайсам бен Тарэк Аль Саід. — Мы заклікаем усе органы дзвюх краін, асабліва грамадскія і прыватныя сектары эканомікі, працаваць разам. Асабліва ў галіне інвестыцый. Мы імкнёмся шмат працаваць, каб нашы адносіны ў эканамічным плане былі на ўздыме».

Бакі падпісалі пакет міжнародных дакументаў:

  1. Дарожную карту па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Султанатам Аман на 2026 — 2027 гады;
  2. Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Султаната Аман аб узаемнай адмене віз;
  3. Мемарандум аб узаемапаразуменні паміж Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь і Вярхоўным судом Султаната Аман;
  4. Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Султаната Аман аб міжнародных аўтамабільных перавозках;
  5. Мемарандум аб узаемапаразуменні паміж Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава і Нацыянальным анкалагічным цэнтрам Амана пры Універсітэце Султана Кабуса ў галіне абмену навуковым, медыцынскім і даследчыцкім вопытам;
  6. Мемарандум аб узаемапаразуменні паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам сельскай гаспадаркі, рыбалоўства і водных рэсурсаў Султаната Аман у галіне сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі, рыбалоўства і харчавання;
  7. Мемарандум аб супрацоўніцтве ў адносінах будаўніцтва цэлюлозна-кардоннага камбіната ў Рэспубліцы Беларусь.

Прынята сумесная заява з нагоды афіцыйнага візіту Султана Амана Хайсама бен Тарэка Аль Саіда ў Рэспубліку Беларусь

У атмасферы даверу, дружбы і ўзаемаразумення бакі выказалі рашучасць сумесна працаваць над умацаваннем і развіццём беларуска-аманскага супрацоўніцтва, абмяняліся думкамі па шэрагу міжнародных і рэгіянальных пытанняў, якія маюць узаемную цікавасць.

Лідары абмеркавалі ход рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых у ходзе праведзеных у 2024 — 2025 гадах узаемных візітаў на найвышэйшым і высокім узроўнях у сферах харчовай бяспекі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, лагістыкі, аховы здароўя, турызму і культуры.

Кіраўнікі дзяржаў станоўча ацанілі работу бакоў па павелічэнні аб’ёмаў двухбаковага гандлю, пашырэнні паставак беларускіх прадуктаў харчавання, прамысловага абсталявання, фармацэўтычнай прадукцыі, ветэрынарных прэпаратаў і іншых тавараў у Султанат Аман, а таксама аманскай прадукцыі, цікавай для Беларусі.

Лідары віталі ўзаемныя намаганні па рэалізацыі сумесных праектаў у галіне дзіцячага харчавання і малочнай прадукцыі, а таксама зборкі тэхнікі ў Амане.

Кіраўнікі дзяржаў сышліся на думцы, што сумесныя праекты прамысловай кааперацыі, якія знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі, спрыяльна паўплываюць на развіццё двухбаковых эканамічных адносін з улікам лагістычнага патэнцыялу Амана і перавагі яго мадэрнізаванай інфраструктуры.

Лідары пацвердзілі гатоўнасць да пашырэння інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, IT-сектара, мэблевай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці.

Кіраўнікі дзяржаў з задавальненнем адзначылі падпісанне ў маі 2025 года Пагаднення аб стварэнні Сумеснага камітэта па супрацоўніцтве і інвестыцыях. Яны выказалі зацікаўленасць у запуску яго работы ў бліжэйшы час для каардынацыі сумесных дзеянняў беларускіх і аманскіх структур па рэалізацыі двухбаковых дамоўленасцяў.

Лідары падкрэслілі важнасць праграмы прамых чартарных рэйсаў па маршруце Мінск — Салала — Мінск, якая была запушчана ў лютым 2025 года, і выказалі рашучасць абедзвюх краін працаваць разам дзеля павелічэння ўзаемнага патоку турыстаў.

Кіраўнікі дзяржаў акцэнтавалі ўвагу на развіцці супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і культуры, накіраванага на паглыбленне двухбаковых сувязяў і збліжэнне народаў дзвюх дзяржаў.

Падкрэслена значнасць устанаўлення і развіцця прамых кантактаў паміж дзелавымі коламі, узаемнага ўдзелу ў выставах і кірмашах, правядзення нацыянальных выставак у Рэспубліцы Беларусь і Султанаце Аман, чалавечага і культурнага абмену. У сувязі з гэтым яны віталі падпісанне Пагаднення аб узаемнай адмене віз.

Кіраўнікі дзяржаў адзначылі важнасць стварэння трывалай дагаворна-прававой базы для далейшага развіцця беларуска-аманскіх адносін ва ўсіх сферах, а таксама прывіталі падпісанне двухбаковых дакументаў у рамках візіту.

Ёсць дамоўленасць, што ўрады краін, упаўнаважаныя галіновыя міністэрствы і арганізацыі будуць распрацоўваць і рэалізоўваць неабходныя праграмы, планы практычных дзеянняў у адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі гэтай Сумеснай заявы.

Кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі агульнасць падыходаў да ключавых глабальных і рэгіянальных праблем, падкрэсліўшы неабходнасць прытрымлівацца Статута ААН і нормаў міжнароднага права, выказалі гатоўнасць да цеснага супрацоўніцтва ў рамках міжнародных арганізацый і сумесных намаганняў па фарміраванні шматпалярнага, справядлівага і раўнапраўнага міжнароднага палітычнага і эканамічнага парадку. Яны таксама асудзілі прымяненне аднабаковых прымусовых мер і санкцый.

Султан Амана выказаў удзячнасць за цёплы прыём, гасціннасць і запрасіў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь наведаць Аман з візітам.

Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю